«Цяпер пара!» падумаў Пятро і працягнуў руку. Глядзіць, цягнуцца з-за яго сотні калматых рук таксама да кветкі, і ззаду яго нешта перабягае з месца на месца. Зажмурыўшы вочы, рвануў ён за сцяблінку, і кветка засталася ў яго руках. Усё сціхла. На пні паказаўся седзячы Басаўрук, увесь сіні, як мярцвяк. Хоць-бы паварушыў адным пальцам. Вочы нерухома ўтароплены на штосьці, бачнае яму аднаму толькі; рот на палавіну разяўлены, і ні гуку. Наўкол ні шурхне. Ух, страшна! Але вось пачуўся свіст, ад якога замлела ў Пятра ў сярэдзіне, і здалося яму, быццам трава зашумела, кветкі пачалі паміж сабою размаўляць галаском тоненькім, нібы срэбраныя званочкі; дрэвы загрымелі сыпучай лаянкай… Твар Басаўрука раптам ажыў; вочы бліснулі. «Насілу вярнулася, яга», прабурчэў ён праз зубы. «Глядзі, Пятро, стане перад табою зараз красуня: рабі ўсё, што ні загадае, а не — дык згінуў навек!» Тут раздзяліў ён сукаватым кіем куст цярніцы, і перад ім паказалася хацінка, як гаворыцца, на курыных ножках. Басаўрук ударыў кулаком, і сцяна захісталася. Вялікі чорны сабака выбег насустрач і з вішчаннем, перакінуўшыся кошкай, кінуўся ў вочы ім. «Не шалей, не шалей, старая чартоўка!» прагаварыў Басаўрук, прыправіўшы такім слоўцам, што добры чалавек і вушы-б заткнуў. Зірк, заместа кошкі, бабуля з тварам, зморшчаным, як печаны яблык, уся сагнутая ў дугу; нос з падбародкам быццам шчыпцы, якімі лушчаць арэхі. «Слаўная красуня!» падумаў Пятро, і мурашкі пайшлі па спіне яго. Вядзьмарка вырвала ў яго кветку з рук, нахілілася і штосьці доўга шаптала над ёй, пырскаючы нейкай вадою. Іскры пасыпаліся ў яе з рота; пена з'явілася на губах. «Кідай!» сказала яна, аддаючы кветку яму. Пятро падкінуў, і, што за цуд? кветка не ўпала проста, але доўга здавалася вогненнай галачкай сярод змроку і, быццам лодка, плавала па паветры; нарэшце, паціхеньку пачала апускацца ніжэй і ўпала так далёка, што ледзь прыкметна была зорачка, не больш за макавае зерне. «Тут!» глуха прахрыпела старая; а Басаўрук, падаючы яму рыдлёўку, прамовіў: «капай тут, Пятро. Тут убачыш ты столькі золата, колькі ні табе, ні Каржу не снілася». — Пятро, папляваўшы ў рукі, схапіў рыдлёўку, націснуў нагою і вывернуў зямлю; другі, трэці, яшчэ раз… штосьці цвёрдае!.. Рыдлёўка звініць і не ідзе далей. Тут вочы яго ясна пачалі распазнаваць невялікую, акутую жалезам, скрыню. Ужо ён хацеў быў дастаць яе рукою, але скрыня пачала паглыбляцца ў зямлю, і ўсё, чым далей, глыбей, глыбей; а ззаду яго чуўся рогат, больш падобны да змяінага шыпення. «Не, не бачыць табе золата, пакуль не дастанеш крыві чалавечай!» сказала вядзьмарка і падвяла да яго дзіця гадоў шасці, накрытае белым прасцірадлам, паказваючы знакам, каб ён адсек яму галаву. Укамянеў Пятро. Жарты, адрэзаць ні за што, ні пра што чалавеку галаву, ды яшчэ бязвіннаму дзіцяці. У гневе сарваў ён прасцірадла, што накрывала яго галаву, і што-ж? Перад ім стаяў Івась. І ручкі паскладала беднае дзіця накрыж; і галоўку павесіла… Як шалёны, падскочыў з нажом да вядзьмаркі Пятро і падняў ужо руку…
«А што ты абяцаў за дзяўчыну?..» грымнуў Басаўрук і быццам кулю пасадзіў яму ў спіну. Вядзьмарка тупнула нагою: сіняе полымя выхапілася з зямлі; сярэдзіна яе ўся асвятлілася і стала нібыта з крышталю вылітая; і ўсё, што ні было пад зямлёю, зрабілася відочным, як на далоні. Чырвонцы, дарагое каменне, у скрынях, у катлах, грудамі былі навалены пад тым самым месцам, дзе яны стаялі. Вочы яго загарэліся… розум крануўся… Як шалёны, ухапіўся ён за нож, і бязвінная кроў пырснула яму ў вочы. Д'ябальскі рогат загрымеў з усіх бакоў. Дзівосныя пачвары зграямі скакалі перад ім. Вядзьмарка, учапіўшыся рукамі за труп са ссечанай галавой, як воўк, піла з яго кроў… Усё пайшло наўкругі ў галаве яго! Сабраўшы ўсю сілу, кінуўся бегчы ён. Усё ўкрылася перад ім чырвоным святлом. Дрэвы ўсе ў крыві, здавалася, гарэлі і стагналі. Неба, распаліўшыся, дрыжэла… Вогненныя плямы, як маланкі, мітусіліся ў яго вачах. Выбіўшыся з сілы, убег ён у сваю хацінку і, як сноп, паваліўся на зямлю. Мёртвы сон ахапіў яго.
Два дні і дзве начы спаў Пятро не прачынаўшыся. Ачнуўшыся на трэці дзень, доўга аглядаў ён куткі свае хаты; але дарэмна тужыўся што-небудзь прыпомніць: памяць яго была, як кішэня старога скнары, з якога поўгроша не выманіш. Пацягнуўшыся крыху, пачуў ён, што ў нагах нешта бразнула. Глядзіць: два мяхі з золатам. Тут толькі, нібыта праз сон, успомніў ён, што шукаў нейкага скарба, што было яму аднаму страшна ў лесе. Але за якую цану, як прыдабыўся ён, гэтага ніякім чынам не мог зразумець.
Убачыў Корж мяхі і — разнежыўся: «Такі, гэтакі Пятрусь, нямазаны! ды ці-ж я не любіў яго? ды ці-ж не быў ён у мяне, як родны сын?» і панёс несусвеціцу, так што таго да слёз праняло. Дзіўна толькі здалося Підорцы, калі пачаў расказваць, як цыганы, што праходзілі міма, укралі Івася. Ён не мог нават успомніць твару яго, так абмарочыла праклятая чартоўшчына! Марудзіць не было патрэбы, паляку далі пад нос дулю, дый заварылі вяселле: напяклі шышак[29] нашылі ручнікоў і хустак[30], выкацілі бочку гарэлкі; пасадзілі за стол маладых; разрэзалі каравай[31]; трымкнулі ў бандуры, цымбалы, сапілкі, кобзы — і пайшла забава…