Даўней вяселле спраўлялася — не зраўняеш з цяперашнім. Цётка майго дзеда, бывала, раскажа — люлі толькі! Як дзяўчаты, у пышным галаўным уборы з жоўтых, сініх і ружовых стрычак[32], паўзверх якіх навязваўся залаты галун, у тонкіх кашулях, вышытых па ўсім шве чырвоным шоўкам і ўнізаных дробнымі срэбранымі кветачкамі, у саф'янавых ботах на высокіх жалезных падковах, плаўна, нібы пава, і з шумам, як віхура, скакалі ў горліцы[33]. Як маладзіцы, з караблікам на галаве, верх якога ўвесь быў зроблены з сутазалатой парчы[34], з невялікім выразам на патыліцы, з якога выглядаў залаты ачыпак, з двума вытыркаўшымі, адзін наперад, другі назад, ражкамі, самага дробнага чорнага смушка; у сініх, з лепшага паўтабенеку[35], з чырвонымі клапанамі кунтушах, важна ўзяўшыся ў бакі, выступалі па адной і мерна выбівалі гапака. Як парубкі, у высокіх казацкіх шапках, у тонкіх суконных світках, зацягнутых шытымі срэбрам паясамі, з люлькамі ў зубах, спрытна пад'язджалі да іх і падпускалі турусы. Сам Корж не ўцярпеў, гледзячы на маладых, каб не ўспамянуць даўнейшага. З бандураю ў руках, пасмоктваючы люльку і разам падспеўваючы, з чаркаю на галаве, пусціўся старычына, пры гучным крыку гуляк, у прысядкі. Чаго не прыдумаюць, падпіўшы? Пачнуць, бывала, прыбірацца ў храпы, божа ты мой, да чалавека не падобны!
Ужо не цяперашнія пераапрананні, што бываюць на вяселлях нашых. Што цяпер? толькі што корчаць цыганоў ды маскалёў. Не, вось, бывала, адзін апранецца жыдам, а другі чортам, пачнуць спярша цалавацца, а пасля схопяцца за чубы… Бог з вамі! Смех апануе такі, што за жывот хапаешся. Паапранаюцца ў турэцкае і татарскае адзенне, усё гарыць на іх, як жар… А як пачнуць дурэць ды строіць штукі… ну, тады хоць святых вынось. З цёткай пакойнага дзеда, якая сама была на гэтым вяселлі, здарылася пацешная гісторыя; была яна апранена тады ў шырокую татарскую сукенку, і з чаркаю ў руках частавала сход. Вось, аднаго падбіў нячысцік абкаціць яе ззаду гарэлкаю; другі, таксама, не даў маху, выкрасаў у тую-ж хвіліну агню, дый падпаліў… полымя шугнула, бедная цётка, перапалохаўшыся, давай скідаць з сябе, пры ўсіх, сукенку… Шум, рогат, мітусня ўзнялася, як на кірмашы. Словам, старыя не запомнілі ніколі яшчэ вясёлага такога вяселля.
Пачалі жыць Підорка ды Пятрусь, быццам пан з паняю. Усяго ўволю, усё блішчыць… Аднак-жа добрыя людзі ківалі крыху галовамі, гледзячы на жыццё іх. «Ад чорта не будзе дабра», пагаварвалі ўсе ў адзін голас. «Адкуль, як не ад спакушальніка народа праваслаўнага, прышло да яго багацце? Дзе яму было ўзяць такую кучу золата? Чаму, раптам, у той самы дзень, калі разбагацеў ён, Басаўрук згінуў, як у ваду?» — Гаварыце-ж, што людзі выдумляюць? Сапраўды-ж, не прайшло месяца, Петруся ніхто пазнаць не мог. Чаму, што з ім зрабілася, бог ведае. Сядзіць на адным месцы, і хоць-бы слова з кім. Усё думае і як быццам хоча нешта прыпомніць. Калі-ж Підорцы ўдасца прымусіць яго пра што-небудзь загаварыць, як быццам забудзецца і развесяліцца нават; але ненарокам паглядзіць на мяхі — «чакай, чакай, забыўся!» крычыць, і зноў задумаецца, і зноў тужыцца пра штосьці ўспомніць. Іншы раз, калі доўга сядзіць на адным месцы, здаецца яму, што вось-вось усё зноўку прыходзіць у думку… і зноў усё знікла. Здаецца: сядзіць у карчме; нясуць яму гарэлку, паліць яго гарэлка; прыкрыць яму гарэлка. Хтосьці падыходзіць, б'е па плячы яго… але далей усё як быццам туманам засцілаецца перад ім. Пот валіцца градам па твары яго, і ён у знямозе сядае на сваё месца.
Чаго ні рабіла Підорка, і раілася са знахарамі, і пярэпалах вылівалі і саняшніцу заварвалі[36] — нічога не дапамагала. Так прайшло і лета. Шмат казакаў адкасілася, шмат казакаў, якія былі разгульнейшыя за іншых, і ў паход пацягнулася. Чароды качак яшчэ тоўпіліся на балотах нашых; але крапівянак ужо і следу не было. У стэпах зачырванела. Сцірты хлеба то сям, то там, быццам казацкія шапкі, стракацелі на полі. Трапляліся на дарозе і вазы, наваленыя суччам і дрывамі. Зямля зрабілася тужэй і дзе-ні-дзе пачала прахватвацца марозам. Ужо і снег пачаў сеяцца з неба, і галлё дрэў прыбралася шэранню, быццам заячай футрай. Вось ужо ў ясны марозны дзень чырвонагруды снягур, быццам фарсісты польскі шляхціц, праходзіўся па снегавых кучах, выцягваючы зерне, і дзеці вялізнымі кіямі ганялі па лёдзе драўляныя кубары, тым часам як бацькі іх спакойна вылежваліся на печы, выходзячы часамі, з запаленай люлькай у зубах, злаяць па-людску праваслаўны маразок, або праветрыцца і памалаціць у сенцах залежанае збожжа. Нарэшце снягі пачалі раставаць, і шчупак хвастом лёд раскалоў, а Пятро ўсё таксама, і чым далей, тым яшчэ суровей. Нібыта прыкуты, сядзіць пасярод хаты, паставіўшы сабе ў ногі мяхі свае. Здзічэў; аброс валасамі; зрабіўся страшны; і ўсё думае пра адно, усё тужыцца прыпомніць нешта, і злуецца, і сярдуе, што не можа ўспомніць. Часта дзіка падымаецца з свайго месца, паводзіць рукамі, утароплівае ў штосьці вочы свае, як быццам хоча злавіць яго; губы варушацца, нібы хочуць вымавіць нейкае даўно забытае слова — і нерухома спыняюцца… Шаленства авалодвае ім, як вар'ят, грызе і кусае сабе рукі і з дакукі рве клоччам валасы, пакуль, суняўшыся, не ўпадзе, нібы ў забыцці, і пасля зноў пачынае прыпамінаць, і зноў шаленства і зноў мука. Што гэта за насланнё божае? Жыццё не ў жыццё зрабілася Підорцы. Страшна ёй было заставацца спярша адной у хаце; ды потым звыклася небарака з сваім горам. Але ранейшай Підоркі ўжо нельга было пазнаць. Ні румянца, ні ўсмешкі; знудзела, счахла, выплакаліся ясныя вочы. Раз, хтосьці ўжо, відаць, зжаліўся над ёю, параіў ісці да варажбіткі, якая жыла ў Мядзвежым яры і пра якую хадзіла слава, што ўмее лячыць усе на свеце хваробы. Адважылася папрабаваць апошні сродак; слова за слова, угаварыла старую ісці з сабою. Гэта было ўвечары, якраз напярэдадні Купала. Пятро ў непрытомнасці ляжаў на лаўцы і не заўважаў новай госці. Як вось, пакрысе, пачаў прыўздымацца і ўглядацца. Раптам увесь задрыжаў, як на пласе; валасы падняліся гарою… і ён засмяяўся такім рогатам, што страх урэзаўся ў Підорчына сэрца. «Успомніў, успомніў!» закрычаў ён у страшнай весялосці і, размахнуўшы тапор, пусціў ім на ўсю сілу ў старую. Тапор на два вяршкі ўбег у дубовыя дзверы. Старая знікла, і дзіця гадоў сямі, у белай кашулі, з пакрытаю галавою, стала пасярод хаты… Прасцірадла зляцела. «Івась!» закрычала Підорка і кінулася да яго; але здань уся, з ног да галавы, пакрылася крывёю і асвятліла ўсю хату чырвоным святлом. У спалоху выбегла яна ў сенцы; але, апомніўшыся крыху, хацела было дапамагчы яму; дарэмна! дзверы зачыніліся за ёю так моцна, што не пад сілу іх адамкнуць. Збегліся людзі; узяліся стукаць; высадзілі дзверы: хоць-бы душа адна. Уся хата поўна дыму, і пасярэдзіне толькі, дзе стаяў Пятрусь, куча попелу, ад якога мясцінамі ўздымалася яшчэ пара. Кінуліся да мяхоў: адны пабітыя чарапкі ляжалі замест чырвонцаў. Вылупіўшы вочы і разявіўшы раты, не смеючы паварушыць вусам, стаялі казакі, нібы ўкапаныя ў зямлю. Такі страх нагнала на іх гэтае дзіва.
36
Выліваюць пярэпалах у пас у выпадку перапуду, калі хочуць дазнацца, ад чаго здарыўся ён: кідаюць расплаўленае волава або воск у ваду і чыю набудуць яны падобнасць, тое самае і спужала хворага; пасля чаго і ўвесь пярэпалах праходзіць. Заварваюць саняшніцу, калі мутарыць і баліць жывот. Для гэтага запальваюць кавалак пянькі, кідаюць у конаўку і перакульваюць яе дагары дном у міску, напоўненую вадой і пастаўленую на жываце хворага; пасля, пашаптаўшы, даюць яму выпіць лыжку гэтай самай вады.