Выбрать главу

Што было далей, не ўспомню. Підорка дала абяцанне ісці на багамолле; сабрала маёмасць, што засталася пасля бацькі, і праз некалькі дзён яе сапраўды не было ў сяле. Куды пайшла яна, ніхто не мог сказаць. Падслужлівыя бабулі адправілі было яе туды, куды і Пятро пацягнуўся; ды аднойчы прыехаўшы з Кіева казак расказаў, што бачыў у лаўры манахіню, якая ўся высахла, як шкілет, і безупынна малілася; у ёй землякі, па ўсіх прыкметах, пазналі Підорку; што яшчэ ніхто не чуў ад яе ніводнага слова; што прышла яна пешкі і прынесла аклад на абраз божае маці, аздоблены такімі яркімі каменнямі, што ўсе зажмурыліся, пазіраючы на яго.

Дазвольце, гэтым яшчэ не ўсё скончылася. У той самы дзень, калі нячысцік прыбраў да сябе Петруся, з'явіўся зноў Басаўрук; толькі ўсе бягом ад яго. Дазналіся, што гэта за птушка: ні хто іншы, як шайтан, прыняўшы чалавечае аблічча для таго, каб адкопваць скарбы; а як скарбы не даюцца нячыстым рукам, дык вось ён і прываблівае да сябе малайцоў. Таго-ж года ўсе пакідалі зямлянкі свае і перабраліся ў сяло; але і там аднак-жа не было спакою ад праклятага Басаўрука. Цётка нябожчыка дзеда казала, што іменна злаваў ён больш за ўсіх на яе, за тое, што пакінула ранейшую карчму на Апошнянскай дарозе, і на ўсю сілу намагаўся выпамсціць усё на ёй. Аднойчы старшыны сяла сабраліся ў карчму і, як гаворыцца, бяседавалі па чынах за сталом, пасярэдзіне якога пастаўлены быў, грэх сказаць, смажаны баран. Дзейкалі пра тое і пра гэта, было і пра дзівы розныя, і пра цуды. Вось і прыбачылася, яшчэ-б нічога, калі-б аднаму, а то іменна ўсім, што баран падняў галаву, блукаючыя вочы яго ажывіліся і засвяціліся і чорныя шчаціністыя вусы, што з'явіліся ўмомант, значна заміргалі на прысутных. Усе адразу пазналі на баранавай галаве храпу Басаўрука; цётка дзеда майго нават думала ўжо, што вось-вось папросіць гарэлкі… Пачэсныя старшыны за шапкі, ды хутчэй дахаты. Другі раз сам царкоўны стараста, які любіў часамі паразмаўляць сам-на-сам з дзедаўскаю чаркай, не паспеў яшчэ разы два дастаць дна, як бачыць, што чарка кланяецца яму ў пояс. Чорт з табой! давай хрысціцца! А тут з палавінаю яго таксама дзіва: толькі што пачала яна замешваць цеста ў вялізнай дзяжы, раптам дзяжа выскачыла. «Стой, стой!» Куды! узяўшыся важна ў бакі, пусцілася ў прысядкі па ўсёй хаце… Смейцеся; аднак-жа не да смеху было нашым дзядам. І дарма, што айцец Афанасій хадзіў па ўсім сяле са святою вадою і ганяў чорта крапілам па ўсіх вуліцах, а ўсё яшчэ цётка нябожчыка дзеда доўга скардзілася, што нехта, як толькі вечар, стукае па даху і драпаецца па сцяне.