Але-ж, вось быў і забыўся самае галоўнае: як будзеце, панове, ехаць да мяне, дык просценька трымайце шлях па тракце, на Дзіканьку. Я сумысля і выставіў яе на першай старонцы, каб хутчэй дабраліся да нашага хутара. Пра Дзіканьку-ж, мяркую, вы наслухаліся ўдостач. Праўду сказаць, што там дом мудрэй за які-небудзь пасічнікаў курэнь. А пра сад і гаварыць няма чаго: у Пецербургу вашым, напэўна, не знойдзеце гэткага. Прыехаўшы-ж у Дзіканьку, спытайце толькі першага стрэчнага хлапчука, які пасе ў запэцканай кашулі гусей: «А дзе жыве пасічнік Руды Панько?» — «А вось там!» скажа ён, паказаўшы пальцам, і, калі пажадаеце, давядзе вас да самага хутара. Прашу аднак-жа не надта закладаць назад рукі і, як гаворыцца, фінціць, бо дарогі на хутарах нашых не такія гладкія, як перад вашымі палацамі. Фама Грыгор'евіч, пазалетась, прыязджаючы з Дзіканькі, наведаўся-такі ў правал з новаю таратайкаю сваёю і гнядою кабылаю, не зважаючы на тое, што сам паганяў і што, паўзверх сваіх вачэй, уздзяваў часамі яшчэ купленыя.
Затое ўжо, як прыедзеце ў госці, дынь пададзім такіх, якіх вы зроду, можа, не елі; а мёду, і забажуся, лепшага не знойдзеце на хутарах: уявіце сабе, што, як унясеш соты — дух пойдзе па ўсім пакоі, выказаць нельга які: чысты, як сляза, ці крышталь дарагі, што бывае ў завушніцах. А якімі пірагамі накорміць мая старая! Што гэта за пірагі, каб вы толькі ведалі! Цукар, сапраўдны цукар! а масла, так вось і цячэ па губах, калі пачнеш есці. Падумаеш дапраўды: на што толькі не майстрыхі гэтыя бабы! Ці пілі вы калі-небудзь, панове, ігрушавы квас з цярновымі ягадамі, або варануху з ізюмам і слівамі? Або, ці не здаралася вам, часамі, есці путру[3] з малаком? Божа ты мой, якіх на свеце няма страў! Пачнеш есці — смаката, дый толькі. Насалода невыказная! Летась… Аднак-жа, што я сапраўды разбалбатаўся?.. Прыязджайце толькі, прыязджайце як найхутчэй; а накормім так, што будзеце расказваць і стрэчнаму і папярэчнаму.
Сарачынскі кірмаш
I
Мини нудно в хати жить.
Ой вези ж мене из дому,
Де багацько грому, грому,