Выбрать главу

Нейкі рух тугі выразіўся на твары яе пры апошніх словах.

«Два месяцы толькі ў роднай старане і ўжо занудзілася! Можа, і я надакучыў табе?»

«О, ты мне не надакучыў», прамовіла яна, усміхнуўшыся. «Я цябе кахаю, чорнабровы казак! За тое кахаю, што ў цябе карыя вочы, і як паглядзіш ты імі — у мяне як быццам на душы ўсміхаецца: і весела, і добра ёй; што прыветліва маргаеш ты чорным вусам сваім; што ты ідзеш па вуліцы, спяваеш і іграеш на бандуры, і ўсцешна слухаць цябе».

«О, мая любая дзяўчына!» ускрыкнуў парубак, цалуючы і прыціскаючы яе мацней да грудзей сваіх.

«Чакай! годзе, Леўка! — скажы спачатку, ці гаварыў ты з бацькам сваім?»

«Што?» сказаў ён, быццам прачнуўшыся. «Так, што я хачу ажаніцца, а ты выйсці за мяне замуж — гаварыў». Але неяк смутна загучала ў вуснах яго гэтае слова: гаварыў.

«І што-ж?»

«Што будзеш рабіць з ім? Прыкінуўся стары хрэн па свайму звычаю глухім: нічога не чуе і яшчэ лае, што швэндаюся бог ведае дзе, свавольнічаю і дурэю з хлопцамі па вуліцах. Але не тужы, мая Галю! Вось табе слова казацкае, што ўламаю яго».

«Ды табе толькі варта, Леўка, слова сказаць — і ўсё будзе па-твойму. Я ведаю гэта па сабе: іншы раз не паслухала-б цябе, а скажаш слова — і міжволі раблю, што табе хочацца. Паглядзі, паглядзі!» гаварыла яна далей, палажыўшы галаву яму на плячо і падняўшы вочы ўгару, дзе неабдымна сінела цёплае ўкраінскае неба, завешанае знізу кучаравымі галінамі стаяўшых перад імі вішань. «Паглядзі, вунь-вунь далёка мільгнулі зорачкі: адна, другая, трэцяя, чацвертая, пятая… Ці не праўда, гэта-ж анёлы божыя паадчынялі акенцы сваіх светлых дамочкаў на небе і глядзяць на нас? Так, Леўка? Гэта-ж яны глядзяць на нашу зямлю? Што, калі-б у людзей было крылле, як у птушак — туды-б паляцець, высока, высока… Ух, страшна! Ніводзін дуб у нас не дастане да неба. А кажуць, аднак-жа, ёсць дзесьці, у нейкай далёкай зямлі, такое дрэва, якое шуміць верхавінаю ў самым небе, і бог сыходзіць па ім на зямлю ўначы перад светлым святам».

«Не, Галю; у бога ёсць доўгая лесвіца ад неба да самай зямлі. Яе стаўляюць перад Вялікаднем святыя архангелы; і як толькі бог ступіць на першую прыступку, усе нячыстыя духі паляцяць стрымгалоў і кучамі пападаюць у пекла, і таму на Хрыстова свята ніводнага злога духа не бывае на зямлі».

«Як ціха гойдаецца вада, быццам дзіця ў калысцы!» казала далей Ганна, паказваючы на сажалку, панура абстаўленую цёмным кляновым лесам і аплаканую вербамі, якія паўтоплівалі ў ёй тужлівае сваё вецце. Як бяссільны стары, трымаў ён у сваіх халодных абдымках далёкае, цёмнае неба, абсыпаючы ледзянымі пацалункамі вогненныя зоры, якія цьмяна луналі сярод цёплага начнога паветра, як-бы прадчуваючы хуткае з'яўленне бліскучага цара ночы. Каля лесу, на гары, дрымаў з зачыненымі акяніцамі стары драўляны дом; мох і дзікая трава пакрывалі яго дах; кучаравыя яблыні разрасліся пад яго вокнамі; лес, абдымаючы сваім ценем, кідаў на яго дзікую змрочнасць; арэхавы гай слаўся каля падножжа яго і скочваўся да сажалкі.

«Я помню, быццам праз сон», сказала Ганна, не зводзячы вачэй з яго: «даўно, даўно, калі я яшчэ была маленькаю і жыла ў маці, штосьці страшнае расказвалі пра дом гэты. Леўка, ты, мусіць, ведаеш, раскажы!..»

«Бог з ім, мая красуня! Ці мала чаго не раскажуць бабы і дурныя людзі. Ты сябе толькі патрывожыш, пачнеш баяцца і не заснецца табе спакойна».

«Раскажы, раскажы, любы, чорнабровы парубак!» гаварыла яна, прыціскаючыся тварам сваім да шчакі яго і абдымаючы яго. «Не, ты, відаць, яе кахаеш мяне; у цябе ёсць іншая дзяўчына. Я не буду баяцца; буду спакойна спаць ноч. Цяпер вось не засну, калі не раскажаш. Я пачну мучыцца ды думаць… Раскажы, Леўка!»

«Відаць, праўду кажуць людзі, што ў дзяўчат сядзіць чорт, які падбухторвае іх цікаўнасць. Ну, слухай: даўно, маё сэрцайка, жыў у гэтым доме сотнік. У сотніка была дачка, ясная панначка, белая як снег, як твой тварык. Сотнікава жонка даўно памерла; надумаўся сотнік ажаніцца з другою. „Ці будзеш ты мяне песціць паранейшаму, бацька, калі возьмеш другую жонку?“ — „Буду, мая дачка; яшчэ мацней буду туліць цябе да сэрца! Буду, мая дачка; яшчэ ярчэйшыя буду дараваць завушніцы і маністы!“ Прывёз сотнік маладую жонку ў новы дом свой. Прыгожай была маладая жонка. Румяная і белая з твару была маладая жонка; толькі так страшна зірнула на сваю падчарыцу, што тая ўскрыкнула, убачыўшы яе, і хоць-бы слова за ўвесь дзень прамовіла суровая мачыха. Надышла ноч; пайшоў сотнік з маладою жонкаю ў сваю спачывальню; замкнулася і белая панначка ў сваёй святліцы. Горка зрабілася ёй; пачала плакаць. Глядзіць: страшная чорная кошка падкрадаецца да яе, шэрсць на ёй гарыць, і жалезныя кіпцюры стукаюць па падлозе. У сполаху ўскочыла яна на лаўку: кошка за ёю. Пераскочыла на ляжанку: кошка і туды, і раптам кінулася да яе на шыю і душыць яе. З крыкам адарваўшы ад сябе, кінула на падлогу; ізноў падкрадаецца страшная кошка. Туга яе ахапіла. На сцяне вісела бацькава шабля. Схапіла яе і бразь па падлозе — лапа з жалезнымі кіпцюрамі адскочыла, і кошка з яўканнем знікла ў цёмным кутку. Цэлы дзень не выходзіла з святліцы свае маладая жонка; на трэці дзень вышла з перавязанаю рукою. Угадала бедная панначка, што мачыха яе вядзьмарка і што яна ёй перасекла руку. На чацверты дзень загадаў сотнік сваёй дачцы насіць ваду, падмятаць хату, як простай мужычцы, і не паказвацца ў панскія пакоі. Цяжка было небарачцы, ды няма чаго рабіць, пачала выконваць бацькоўскую волю. На пяты дзень выгнаў сотнік сваю дачку босую з дому і кавалка хлеба не даў на дарогу. Тады толькі зарыдала панначка, затуліўшы рукамі белы твар свой. „Загубіў ты, бацька, родную дачку сваю! Загубіла вядзьмарка грэшную душу тваю! даруй табе бог; а мне, ня-шчаснай, відаць, не судзіў ён жыць на белым свеце“. — „І вунь, ці бачыш ты…“ Тут павярнуўся Леўка да Ганны, паказваючы пальцам на дом. „Глядзі сюды: вунь, далей ад дома, самы высокі бераг! З гэтага берага кінулася панначка ў ваду, і з таго часу няма яе на свеце…“»