Выбрать главу

«А вядзьмарка?» баязліва перапыніла Ганна, утаропіўшы на яго заблішчэўшыя слязамі вочы.

«Вядзьмарка? Старыя выдумалі, што ад таго часу ўсе тапельніцы выходзілі, у месячную ноч, у панскі сад грэцца на месяцы; і сотнікава дачка зрабілася над імі галоўнаю. У адну ноч, убачыла яна мачыху сваю каля сажалкі, напала на яе і з крыкам зацягнула ў ваду. Але вядзьмарка і тут знайшла раду: перакінулася пад вадою ў адну з тапельніц, і праз гэта ўнікнула гарапніка з зялёнага трысця, якім хацелі біць яе тапельніцы. Вер бабам! Расказваюць яшчэ, што панначка збірае кожную ноч тапельніц і заглядае паасобку кожнай у твар, намагаючыся пазнаць, каторая з іх ведзьма; але да гэтага часу не пазнала. І калі трапіцца з людзей хто, адразу прымушае яго адгадваць; а не — дык пагражае ўтапіць у вадзе. Вось, мая Галя, як расказваюць старыя людзі!.. Цяперашні пан хоча будаваць на гэтым месцы вінніцу[37] і прыслаў знарок для гэтага сюды вінакура… Але я чую гаману… Гэта нашы варочаюцца з песень. Бывай, Галя! Спі спакойна; ды не думай аб гэтых бабскіх выдумках!»

Сказаўшы гэта, ён абняў яе мацней, пацалаваў і пайшоў.

«Бывай, Леўка!» гаварыла Ганна, задуменна ўтаропіўшы вочы на цёмны лес.

Вялізны агністы месяц пачаў велічна вырэзвацца ў гэты час з зямлі. Яшчэ палавіна яго была пад зямлёю; а ўжо ўвесь свет прасякнуўся нейкім урачыстым святлом. Сажалка кранулася іскрамі. Цень ад дрэў выразна пачаў вылучацца на цёмнай зеляніне.

«Бывай Ганна!» пачуліся ззаду яе словы разам з пацалункам.

«Ты вярнуўся?» сказала яна, азірнуўшыся, але, убачыўшы перад сабою незнаёмага парубка, адвярнулася ўбок.

«Бывай, Ганна!» пачулася ізноў, і ізноў пацалаваў яе хтосьці ў шчаку.

«Вось прынеслі нячысцікі і другога!» прамовіла яна, засердаваўшы.

«Бывай, любая Ганна!»

«Яшчэ і трэці!»

«Бывай! бывай! бывай, Ганна!» і пацалункі засыпалі яе з усіх бакоў.

«Ды іх тут цэлая зграя!» крычала Ганна, вырываючыся з натоўпу парубкаў, якія адзін перад адным спяшаліся абдымаць яе. «Як ім не надакучыць безупынку цалавацца! Хутка, дальбог, нельга будзе паткнуцца на вуліцу!»

Услед за гэтымі словамі дзверы бразнулі, і толькі чутно было, як з рыпеннем засунулася жалезная завала.

II. Галава

Ведаеце вы украінскую ноч? о, вы не ведаеце украінскай ночы! Угледзьцеся ў яе: з сярэдзіны неба пазірае месяц. Неабдымнае нябеснае скляпенне раздалося, пашырылася яшчэ неабдымней. Гарыць і дыхае яно. Зямля ўся ў срэбраным святле; і цудоўнае паветра і прахалодна-душнае, і поўнае пяшчоты, і ўздымае акіян водарных пахаў. Бажэсцвенная ноч! Чароўнейшая ноч! Нерухома, натхнёна сталі лясы, поўныя змроку, і кінулі вялізны цень ад сябе. Якія ціхія і спакойныя гэтыя сажалкі; холад і цемра іхніх вод маўкліва абведзены цёмназялёнымі сценамі садоў. Некранёныя нетры чарэмшын і чарэшняў палахліва працягнулі сваё карэнне ў крынічны холад і зрэдку спляскваюць лісцем, быццам злуючы і абураючыся, калі чароўны ветранік — начны вецер, падкраўшыся раптоўна, цалуе іх. Увесь ландшафт спіць. А ўгары ўсё дыхае, усё дзівосна, усё ўрачыста. А на душы і неабдымна, і дзіўна, і натоўпы срэбраных зданяў стройна ўзнікаюць у яе глыбіні. Бажэсцвенная ноч! Чароўнейшая ноч! І раптам усё ажыло: і лясы, і сажалкі, і стэпы. Сыплецца велічны гром украінскага салаўя, і здаецца, што і месяц заслухаўся яго пасярод неба… Як зачарованае, дрэмле на ўзвышшы сяло. Яшчэ бялей, яшчэ лепей блішчаць пры месяцы натоўпы хат; яшчэ больш асляпляльна выразаюцца са змроку нізкія іх сцены. Песні змоўклі. Усё ціха. Набожныя людзі ўжо спяць. Дзе-ні-дзе толькі свецяцца вузенькія вокны. Перад парогамі некаторых толькі хат запозненая сям'я ўпраўляецца са сваёй позняю вячэрай.

вернуться

37

Вінакурня. (Слоўн. Гогаля.)