«Ці згодны вы сёння добра пашальмаваць галаву?»
«Галаву!»
«Так, галаву. Што ён сапраўды надумаўся! Ён у нас упраўляецца так, нібы гетман які. Мала таго, што папіхае, як сваіх нявольнікаў, яшчэ і пад'язджае да дзяўчат. Я-ж думаю, на ўсім сяле няма прыгожай дзеўкі, за якой-бы не валачыўся галава».
«Гэта так, гэта так», — закрычалі ў адзін голас усе хлопцы.
«Што-ж мы, хлопцы, за нявольнікі? Хіба мы не такога роду, як і ён? Мы, дзякуй богу, вольныя казакі! Пакажам яму, хлопцы, што мы вольныя казакі!»
«Пакажам!» закрычалі парубкі. «Ды калі галаву, дык і пісара не мінуць!»
«Не мінем і пісара! А ў мяне, як знарок, склалася ў галаве слаўная песня пра галаву. Пойдзем, я вас ёй вывучу», гаварыў далей Леўка, ударыўшы рукою па струнах бандуры. «Ды слухайце: пераапранайцеся, хто ў што налучыць!»
«Гуляй, казацкая галава!» гаварыў мажны гуляка, ударыўшы нагою ў нагу і пляснуўшы рукамі. «Што за раскоша! Што за воля! Як пачнеш шалець, здаецца, быццам памінаеш даўнія гады. Люба, вольна на сэрцы, а душа як быццам у раі. Гэй, хлопцы! Гэй! гуляй!..»
І натоўп шумна праімчаўся на вуліцах. І набожныя бабулькі, абуджаныя крыкам, падымалі аконцы і хрысціліся соннымі рукамі, гаворачы: «ну, цяпер гуляюць парубкі!»
IV. Парубкі гуляюць
Адна толькі хата свяцілася ў канцы вуліцы. Гэта жыллё галавы. Галава ўжо даўно скончыў сваю вячэру і, бясспрэчна. даўно-б ужо заснуў; але ў яго быў у гэты час госць, вінакур, прысланы будаваць вінакурню памешчыкам, які меў невялікі ўчастак зямлі паміж вольнымі казакамі. На самым покуце, на пачэсным месцы, сядзеў госць — нізенькі, тоўсценькі чалавечак, з маленькімі вочкамі, якія вечна смяяліся; у іх, здаецца, напісана было тое задавальненне, з якім ён курыў сваю кароценькую люльку, штохвіліны сплёўваючы і прыціскаючы пальцам вылазіўшую з яе, ператвораную ў попел табаку. Воблакі дыму хутка разрасталіся над ім, апранаючы яго ў шызы туман. Здавалася, быццам шырокі комін з якой-небудзь вінакурні, якому надакучыла сядзець на сваім даху, надумаўся прагуляцца і спаважна прымасціўся за сталом у хаце галавы. Пад носам тырчалі ў яго кароценькія і густыя вусы; але яны так невыразна мільгалі праз табачную атмасферу, што здаваліся мышшу, якую вінакур злавіў і трымаў у роце сваім, падрываючы манаполію свірнавага ката. Галава, як гаспадар, сядзеў у адной толькі кашулі і ў палатняных нагавіцах. Арлінае вока яго, як сонца надвечар, пачынала пакрысе плюшчыцца і меркнуць. На канцы стала курыў люльку адзін з сельскіх дзесяцкіх, што складалі каманду галавы; з пашаны да гаспадара ён сядзеў у світцы.
«Хутка-ж вы думаеце», сказаў галава, павярнуўшыся да вінакура і кладучы крыж на пазяхнуўшы рот свой, «паставіць вашу вінакурню?»
«Калі бог дапаможа, дык гэтай восенню, можа, і закурым. На Пакровы, я гатоў залажыцца на бог ведае што, калі пан галава не будзе пісаць нагамі нямецкія крэндзелі па дарозе».
Пасля вымаўлення гэтых слоў вінакуравы вочкі зніклі; замест іх працягнулася праменне да самых вушэй; усё тулава пачало калыхацца ад смеху, і вясёлыя вусны на момант пакінулі задымленую люльку.
«Дай божа», сказаў галава, выразіўшы на абліччы сваім нешта падобнае да ўсмешкі. «Цяпер яшчэ, дзякуй богу, вінніц развялося крыху. А вось, у стары час, калі праводзіў я царыцу па пераяслаўскай дарозе, яшчэ нябожчык Безбародзька[39]…»
«Ну, сват, успомніў час! Тады ад Крэменчуга да самых Ромен не налічвалі і двух вінніц. А цяпер… Ці чуў ты, што навыдумлялі праклятыя немцы? Хутка, кажуць, будуць курыць не дрывамі, як усе сумленныя хрысціяне, а нейкай чартоўскай параю». Гаворачы гэтыя словы, вінакур у разважанні пазіраў на стол і на расстаўленыя на ім рукі свае. «Як гэта параю — дальбог, не ведаю!»
«Што за дурні, даруй божа, гэтыя немцы!» сказаў галава. «Я-б іх батагом, сабачых сыноў. Ці чутая справа, каб параю можна было кіпяціць што. Таму лыжку баршчу нельга паднесці да роту, не падсмажыўшы губы, як маладое парася…»
«І ты, сват», абазвалася швагерка, якая сядзела на ляжанцы, падабраўшы пад сябе ногі: «будзеш, увесь гэты час, жыць у нас без жонкі!»
«А навошта яна мне? Іншая справа, каб што людскае было».
«Быццам і непрыгожая?» запытаў галава, утаропіўшы на яго вока сваё.
«Дзе там прыгожая! Стара, як біс. Хара ўся ў зморшчках, быццам спарожнены кашалёк». І нізенькая будыніна вінакура расхісталася ізноў ад гучнага смеху.
У гэты час нешта пачало шастаць за дзвярыма; дзверы расчыніліся, і мужык, не здымаючы шапкі, ступіў за парог і стаў, як быццам у роздуме, пасярод хаты, разявіўшы рот і аглядаючы столь. Гэта быў знаёмы наш, Каленік.