Выбрать главу

«Што і казаць! гэта ўжо кожны ведае, пане галава. Усе ведаюць, як ты выслужыў царскую ласку. Прызнайся, цяпер, мая праўда вышла; хапіў крыху на душу граху, сказаўшы, што злавіў гэтага гарэзу ў вывернутым кажусе?»

«А што да гэтага д'ябла ў вывернутым кажусе, дык яго, для прыкладу іншым, закуць у кайданы і пакараць, як належыць. Хай ведаюць, што значыць улада! Ад каго-ж і галава пастаўлены, як не ад цара? Потым дабяромся і да іншых хлопцаў: я не забыўся, як праклятыя гарэзы ўвагналі ў гарод чараду свіней, якія перапсавалі маю капусту і гуркі; я не забыўся, як чортавы дзеці адмовіліся вымалаціць маё жыта; я не забыўся… Але згінь яны, мне трэба абавязкова даведацца, якая гэта шэльма ў вывернутым кажусе».

«Гэта спрытная, мусіць, птушка!» сказаў вінакур, у якога шчокі, на працягу гэтае ўсяе гаворкі, безупынна заражаліся дымам, як асадная гармата, і вусны, пакінуўшы кароценькую люльку, выкінулі цэлы воблачны фантан. «Гэтакага чалавека не кепска, на кожны выпадак, і пры вінніцы трымаць; а яшчэ лепш павесіць на верхавіну дуба, замест панікадзіла». Гэткая астрата здалася не зусім дурною вінакуру, і ён у той-жа час вырашыў, не чакаючы ўхвалення іншых, узнагародзіць сябе хрыплым смехам.

У гэты час пачалі набліжацца яны да невялікай хаты, якая амаль павалілася на зямлю, — цікаўнасць нашых падарожнікаў павялічылася. Усе зграмадзіліся каля дзвярэй. Пісар дастаў ключ, загрымеў ім каля замка: але гэты быў ад яго скрыні. Нецярплівасць павялічылася. Засадзіўшы руку, пачаў ён шукаць і сыпаць лаянку, не знаходзячы яго. «Ёсць!» сказаў ён, нарэшце, нагнуўшыся і дастаючы яго з глыбіні прасторнай кішэні, якую мелі яго пярэстыя нагавіцы. Пры гэтым слове сэрцы нашых герояў, здалося, зліліся ў адно. І гэтае вялізнае сэрца забілася так моцна, што няроўны стук яго не быў заглушаны нават бразнуўшым замком. Дзверы адчыніліся і… Галава зрабіўся белы, як палатно; вінакур адчуў холад, і валасы яго, здавалася, хацелі адляцець на неба; жах выказаўся ў твары пісара; дзесяцкія прыраслі да зямлі і не мелі сілы самкнуць дружпа разяўленыя раты свае: перад імі стаяла швагерка.

Уражаная не менш за іх, яна, аднак-жа, крыху схамянулася і зрабіла рух падыйсці да іх.

«Стой!» закрычаў немым голасам галава і моцна зачыніў за ёю дзверы. «Панове! гэта шайтан!» гаварыў ён далей. «Агню! шпарчэй агню! не пашкадую казённай хаты! Запальвай яе, запальвай, каб і касцей чартовых не засталося на зямлі!»

Швагерка ў жаху крычала, чуючы за дзвярамі грознае прызначэнне. «Што вы, браткі!» гаварыў вінакур. «Дзякуй богу, валасы ў вас ледзь не ў снезе, а да гэтае пары розуму не нажылі; ад простага агню вядзьмарка не загарыцца! Толькі агонь з люлькі можа запаліць ваўкалака. Чакайце, я зараз усё ўладжу».

Сказаўшы гэта, ён высыпаў гарачы попел з люлькі ў пук саломы і пачаў раздзьмухваць яе. Адчай дадаў сілы беднай швагерцы, голасна пачала яна ўмольваць і разупэўняць іх.

«Чакайце, браткі! Навошта дарэмна граху набірацца; можа, гэта і не шайтан», сказаў пісар. «Калі яно, гэта значыць тое самае, якое сядзіць там, згодзіцца перахрысціцца, дык гэта пэўная адзнака, што не чорт».

Прапанова ўхвалена.

«Чур мяне, шайтан», казаў далей пісар, прылажыўшыся да замочнае дзіркі ў дзвярах. «Калі не зварухнешся з месца, мы адчынім дзверы».

Дзверы адчыніліся.

«Перахрысціся!» сказаў галава, аглядаючыся назад, як быццам выбіраючы бяспечнае месца на выпадак рэтырады.

Швагерка перахрысцілася.

«Што за ліха! сапраўды гэта швагерка!»

«Якая гэта нячыстая сіла зацягнула цябе, кума, у гэты катух?»

І швагерка, усхліпваючы, расказала, як схапілі яе хлопцы ў ахапак на вуліцы і, не зважаючы на яе супраціўленне, апусцілі ў шырокае акно хаты і забілі акяніцы. Пісар зірнуў: завескі шырокае акяніцы адарваны, і яна прыбіта толькі зверху драўляным брусам.

«Глядзі адно ты, аднавокі шайтан!» закрычала яна, падступіўшы да галавы, які адышоўся крыху і ўсё яшчэ працягваў яе мераць сваім вокам. «Я ведаю твой намер: ты хацеў, ты рады быў выпадку спаліць мяне, каб вальней было валачыцца за дзяўчатамі, каб не было каму бачыць, як дурыцца стары дзед. Ты думаеш, я не ведаю, пра што ты гаварыў гэтым вечарам з Ганнаю? О! я ведаю ўсё. Мяне цяжка абдурыць і не тваёй бесталковай мазгаўні. Я доўга цярплю, але потым не пакрыўдуй…»

Сказаўшы гэта, яна паказала кулак і хутка пайшла, пакінуўшы галаву ў аслупяненні. «Не, тут не на жарты шайтан убіўся», думаў ён, моцна пачухваючы сваю макавінку.