Зарыдаў верны слуга і махае рукою Кацярыне: «Ідзі, пані, ідзі; падгуляў твой пан. Ляжыць ён п'яным-п'яны на сырой зямлі. Доўга не працверазіцца яму!»
Спляснула рукамі Кацярына і павалілася, як сноп, на мёртвае цела. «Муж мой, ці ты ляжыш тут, заплюшчыўшы вочы? Устань, мой ненаглядны сакол, працягні ручку сваю! Прыўздыміся! зірні хоць раз на тваю Кацярыну, паварушы вуснамі, вымаў хоць адно слоўца!.. Але ты маўчыш, ты маўчыш, мой ясны пан! Ты пасінеў, як чорнае мора. Сэрца тваё не б'ецца! Чаму ты такі халодны, мой пан? відаць не гаручыя мае слёзы, не пад сілу ім сагрэць цябе. Відаць не гучны мой плач, не абудзіць ім цябе! Хто-ж павядзе цяпер палкі твае? Хто паімчыцца на тваім вараным коніку? голасна загукае і замахае шабляю перад казакамі? Казакі, казакі! Дзе гонар і слава ваша? Ляжыць гонар і слава ваша, заплюшчыўшы вочы, на сырой зямлі. Пахавайце і мяне, пахавайце разам з ім! Засыпце мне вочы зямлёю! націсніце мне кляновыя дошкі на белыя грудзі! Мне не патрэбна болей хараство маё!»
Плача і гаруе Кацярына; а даль уся ўкрываецца пылам скача стары есаул Гарабець на дапамогу.
X
Дзіўным-дзівен Дняпро ў часе ціхай пагоды, калі вольна і плаўна мкне праз лясы і горы поўныя воды свае. Ні зварухне; ні прагрыміць. Глядзіш, і не знаеш, плыве ці не плыве яго велічная шырыня, і здаецца, нібыта выліты ўвесь ён са шкла, і нібыта блакітная люстраная дарога, без меры ўшыркі, без канца ўдоўж, мкне і віецца ўсцяж зялёнага свету. Уцешна тады і гарачаму сонцу азірнуцца з вышыні і акунуць праменне ў холад шкляное вады, і ўзбярэжным лясам ярка адбіцца ў водах. Зялёнакосыя! яны тоўпяцца разам з палявымі кветкамі да водаў і, нахіліўшыся, глядзяць у іх і не наглядзяцца, і не налюбуюцца светлым выглядам сваім, і ўсміхаюцца да яго, і вітаюць яго, махаючы галлём. У сярэдзіну-ж Дняпра яны не адважваюцца зірнуць: ніхто, апрача сонца і блакітнага неба, не глядзіць у яго. Мала якая птушка даляціць да сярэдзіны Дняпра! Чароўны! няма роўнай яму ракі ў свеце. Дзівосны Дняпро і ў цёплую летнюю ноч, калі ўсё засынае, і чалавек, і звер, і птушка; а бог адзін велічна азірае неба і зямлю, і велічна ўстрасае рызу. Ад рызы сыплюцца зоры. Зоры гараць і свецяць над светам, і ўсе разам адбіваюцца ў Дняпры. Усіх іх трымае Дняпро на цёмным улонні сваім, ні адна не ўцячэ ад яго; хіба пагасне ў небе. Чорны лес, унізаны чорнымі груганамі, і спрадвеку разламаныя горы, звесіўшыся, тужацца закрыць яго хоць доўгім ценем сваім — дарэмна! Няма ў свеце нічога, што-б магло прыкрыць Дняпро. Сіні, сіні ходзіць ён плаўным разлівам і сярод ночы, як сярод дня, відзён за столькі ў даль, за колькі можа бачыць чалавечае вока. У пяшчоце, прыціскаючыся бліжэй да берагоў ад начнога холаду, дае ён па сабе срэбраны струмень; і ён выблісквае, быццам паласа дамаскай шаблі: а ён, сіні, зноў заснуў. Дзівосны і тады Дняпро, і няма ракі, роўнай яму ў свеце! Калі-ж пойдуць гарамі па небе сінія хмары, чорны лес хістаецца да карэння, дубы трашчаць, і бліскавіца, пераламваючыся паміж хмар, разам асветліць цэлы свет — страшны тады Дняпро! Вадзяныя пагоркі грымяць, удараючыся аб горы, і з бляскам і стогнам адбягаюцца назад, і плачуць і заліваюцца ў далі. Так гаруе старая маці казака, выпраўляючы сына свайго ў войска. Разгульны і бадзёры, едзе ён на вараным кані, узяўшыся ў бакі і зухавата заламаўшы шапку; а яна, рыдаючы, бяжыць за ім, хапае яго за стрэмя, ловіць цуглі і ломіць над ім рукі і заліваецца гаручымі слязамі.
Дзіка чарнеюць паміж ваяўнічых хваль абгарэлыя пні і каменне на выступіўшым беразе. І б'ецца аб бераг, падымаючыся ўгору і апускаючыся ўніз, прыстае лодка. Хто з казакаў асмеліўся гуляць у чаўне, у той час, калі раззлаваўся стары Дняпро! Відаць яму невядома, што ён глытае як мух людзей.
Лодка прычаліла, і вышаў з яе чараўнік. Невясёлы ён; горкая яму трызна, якую справілі казакі над забітым панам сваім. Не мала паплаціліся ляхі: сорак чатыры паны з усёю збруяю і жупанамі, ды трыццаць тры халопы пасечаны на кавалкі; а астатніх разам з конямі пагналі ў палон, прадаць татарам.
Па каменных прыступках спусціўся ён паміж абгарэлых пнёў, уніз, дзе, глыбока ў зямлі, выкапана была ў яго зямлянка. Ціха ўвайшоў ён, не рыпнуўшы дзвярыма, паставіў на стол, закрыты абрусам, гаршчок, і пачаў кідаць доўгімі рукамі сваімі нейкія невядомыя травы; узяў кухаль, выраблены з нейкага дзіўнага дрэва, зачэрпаў ім вады і пачаў ліць, варушачы вуснамі і творачы нейкія замовы. З'явілася ружовае святло ў святліцы; і страшна было зірнуць тады яму ў аблічча. Яно здавалася крывавым, глыбокія зморшчыны толькі чарнелі на ім, а вочы былі як у агні. Нечасцівы грэшнік! ужо і барада даўно пасівела, і аблічча зрыта зморшчынамі, і высах увесь, а ўсё яшчэ правіць богапраціўны намер. Пасярод хаты пачаў веяць белы воблак, і штосьці падобнае да радасці бліснула ў твары яго. Але чаму-ж раптам стаў ён нерухома з разяўленым ротам, не адважваючыся паварушыцца, і чаму валасы шчацінаю падняліся на яго галаве? У воблаку перад ім свіцілася нейчае дзівоснае аблічча. Няпрошанае, някліканае, з'явілася яно да яго ў госці; чым далей, выяснівалася болей і ўтаропіла нерухомыя вочы. Рысы яго, бровы, вочы, вусны, усё незнаёмае яму. Ніколі за ўсё жыццё сваё не здаралася яму яго бачыць. І страшнага, здаецца, у ім мала; а неадольны жах апанаваў яго. А незнаёмая дзіўная галава праз воблак таксама нерухома глядзела на яго. Воблак ужо і прапаў; а невядомыя рысы яшчэ выразней выказваліся і вострыя вочы не адрываліся ад яго. Чараўнік увесь збялеў, як палатно. Дзікім, не сваім голасам крыкнуў, перакінуў гаршчок… Усё знікла.