Выбрать главу

«Аб чым затужыў, Грыцько?» закрычаў высокі, загарэлы цыган, ударыўшы па плячу нашага парубка. «Што-ж, аддавай валы за дваццаць!»

«Табе-б усё валы ды валы. Вашаму племені ўсё-б нажыва толькі. Падчапіць ды ашукаць добрага чалавека».

«Цьфу, д'ябал! ды цябе не на жарт забрала. Ці не са злосці, што сам навязаў сабе нявесту?»

«Не, гэта не па-мойму; я трымаю сваё слова; што раз зрабіў, таму і навекі быць. А вось у хрыча Чаравіка няма сумлення, відаць, і на поўшэлега: сказаў, дый назад… Ну, яго і вінаваціць няма чаго, ён пень, дый толькі. Усё гэта штукі старой ведзьмы, якую мы сягоння з хлопцамі на мосце злаялі на ўсе бакі! Эх, калі-б я быў царом ці панам вялікім, я-б першы перавешаў усіх тых дурняў, якія дазваляюць сябе сядлаць бабам…»

«А спусціш валоў за дваццаць, калі мы прымусім Чаравіка аддаць нам Параску?»

Недацямна зірнуў на яго Грыцько. У смуглых рысах цыгана было штосьці злоснае, уедлівае, нізкае і разам пагардлівае: чалавек, зірнуўшы на яго, ужо гатоў быў прызнацца, што ў гэтай дзіўнай душы кіпяць вартасці вялікія, але якім адна толькі ўзнагарода ёсць на зямлі — шыбеніца. Зусім запаўшы паміж носам і вострым падбародкам рот, вечна заценены падкуслівай усмешкай, невялікія, але жывыя, як агонь, вочы і маланкі пачынанняў ды задум, якія няўпынна змяняліся на твары, — усё гэта як быццам патрабавала асаблівага, такога-ж дзіўнага для сябе адзення, якое іменна было тады на ім. Гэты цёмнакарычневы каптан, дотык да якога, здавалася, ператварыў-бы яго ў пыл; доўгія чорныя валасы, якія валіліся па плячах ахлопкамі; чаравікі, абутыя на босыя загарэлыя ногі, — усё гэта, здавалася, прырасло да яго і складала яго прыроду.

«Не за дваццаць, а за пятнаццаць аддам, калі не зманіш толькі!» адказаў парубак, не зводзячы з яго выпрабавальнага позірку.

«За пятнаццаць! добра! глядзі-ж, не забывайся: за пятнаццаць! вось табе і сініца[14] ў задатак!»

«Ну, а калі зманіш?»

«Зманю — задатак твой!»

«Добра! ну, давай-жа па руках!»

«Давай!»

VI

От бида, Роман иде, оттепер, як раз, надсадыть мени бебехив. да и вам, пане Хомо, не без лыха буде.

З маларас. камедыі

«Сюды, Афанасій Іванавіч! вось тут пляцень ніжэйшы, падымайце нагу, ды не бойцеся: дурань мой накіраваўся на ўсю ноч з кумам пад вазы, каб маскалі выпадкам не падчапілі чаго».

Так грозная чаравікава сажыцелька ласкава падбадзёрвала паповіча, які баязліва ляпіўся каля плота, але скора падняўся на яго і доўга стаяў там у няўцямнасці, быццам даўгі, страшны прывід, вымерваючы вокам, куды-б лепей саскочыць, і, нарэшце, з шумам рынуўся ў бур'ян.

«Вось бяда! Ці не выцяліся вы, ці не зламалі яшчэ, барані божа, карак?» клапатліва сыпала Хіўра.

«Тс! нічога, нічога, найласкаўшая Хаўроння Нікіфараўна!» хваравіта шэпчучы, прамовіў паповіч, уздымаючыся на ногі: «выключаючы толькі ўязвлення з боку крапівы, сего зміепадобнага злака, паводле выразу нябожчыка айца пратапопа».

«Пойдзем-жа цяпер у хату; там нікога няма. А я падумвала ўжо, Афанасій Іванавіч, што да вас балячка ці саняшніца[15] прыстала. Няма, дый няма. Як-жа вы маецеся? Я чула, што пан-айцу перапала цяпер не мала рознай-рознасці!»

«Адна дробязь, Хаўроння Нікіфараўна; бацюшка ўсяго атрымаў за ўвесь пост мяхоў з пятнаццаць ярыны, проса мяхі з чатыры, кнышоў з сотню, а курэй, калі злічыць, дык не будзе і пяцьдзесят штук, яйкі-ж часцей за ўсё пратухлыя. Але ваісціну салодкія прынашэнні, сказаць да прыкладу, выключна ад вас чакаецца атрымаць, Хаўроння Нікіфараўна», гаварыў далей паповіч, чулліва паглядаючы на яе і падсоўваючыся бліжэй.

«Вось вам і прынашэнне, Афанасій Іванавіч!» прамовіла яна, стаўляючы на стол міскі і жаманліва зашпіляючы сваю, быццам незнарок расшпіленую кофту: «варэнічкі, галушачкі пшанічныя, пампушачкі, таўчэнічкі!»

«Б'юся аб заклад, калі гэта зроблена не хітрэйшымі рукамі з усяго Евінага роду», сказаў паповіч, беручыся за таўчэнічкі і падсоўваючы другою рукою варэнічкі. «Аднак-жа, Хаўроння Нікіфараўна, сэрца маё прагне ад вас стравы саладзейшай за ўсё галушачкі і пампушачкі».

вернуться

14

Пяцірублёвая асігнацыя.

вернуться

15

Боль у жываце. (Слоўн. Гогаля.)