— Чакайце, — сказаў старац: — я вам запяю пра адну даўнюю справу. Народ сабраўся яшчэ цясней, і сляпы заспяваў.
«За пана Сцяпана, князя Седміградскага, быў князь Седміградскі каралём у ляхаў, жыло два казакі: Іван ды Пятро. Жылі яны так, як брат з братам. Глядзі, Іван, усё, што ні здабудзеш — усё напапалам. Калі каму весялосць — весялосць і другому; калі каму гора — гора абодвум; калі каму здабыча; напапалам здабычу; калі хто ў палон трапіць — другі прадай усё і дай выкуп, а не дык і сам ідзі ў палон. І праўда, усё, што ні даставалі казакі, усё дзялілі напапалам; ці прыганялі чужую худобу, ці коней, усё дзялілі напапалам.
Ваяваў кароль Сцяпан з турчынам. Ужо тры тыдні ваюе ён з турчынам, а ўсё не можа яго выгнаць. А ў турчына быў паша такі, што сам з дзесяццю янычарамі мог пасекчы цэлы полк. Вось абвясціў кароль Сцяпан, што калі знойдзецца адважны і прывядзе да яго таго пашу жывога ці мёртвага, дасць яму аднаму столькі грошай, колькі дае на ўсё войска. „Пойдзем, брат, лавіць пашу!“ сказаў брат Іван Пятру. І паехалі казакі, адзін у адзін бок, другі ў другі.
Ці злавіў-бы яшчэ, ці не злавіў Пятро, а ўжо Іван вядзе пашу арканам за шыю да самаго караля. „Удалы маладзец!“ сказаў кароль Сцяпан і загадаў выдаць яму аднаму такія грошы, якія атрымлівае ўсё войска; і загадаў адбіць яму зямлі там, дзе ён задумае сабе, і даць жывёлы, колькі зажадае. Як атрымаў Іван дараванае ад караля, у той-жа дзень падзяліў усё пароўну паміж сабою і Пятром. Узяў Пятро палавіну дараванага каралём, але не мог стрываць таго, што Іван атрымаў такі гонар ад караля, і затаіў глыбока на душы помсту.
Ехалі абодва рыцары на дараваную каралём зямлю за Карпат. Пасадзіў казак Іван з сабою на каня свайго сына, прывязаўшы яго да сябе. Ужо надышоў змрок — яны ўсё едуць. Дзіця заснула, пачаў дрымаць і сам Іван. Не драмлі, казак, па гарах дарогі небяспечныя!.. Але ў казака такі конь, што сам усюды ведае дарогу, не спатыкнецца, не зробіць няпэўнага кроку. Ёсць паміж гор прорва, у прорве дна ніхто не бачыў; колькі ад зямлі да неба, столькі да дна тае прорвы. Але над самай прорвай дарога — два чалавекі яшчэ могуць праехаць, а трое ні за што. Пачаў асцярожліва ступаць конь з драмаўшым казакам. Поруч ехаў Пятро, увесь дрыжэў і затаіў дух ад радасці. Азірнуўся і штурхнуў нарачонага брата ў прорву. І конь з казакам і дзіцем паляцеў у прорву.
Ухапіўся, аднак-жа, казак за сук, і адзін толькі конь паляцеў на дно. Пачаў ён брацца, з сынам за плячыма, угару; мала ўжо і не дабраўся, падняў вочы і ўбачыў, што Пятро наставіў дзіду, каб сапхнуць яго назад. „Божа ты мой, праведны, лепей-бы мне не падымаць вачэй, чым бачыць, як родны брат настаўляе дзіду сапхнуць мяне назад. Брат мой любы! калі мяне дзідай, калі мне ўжо так напісана на раду, але вазьмі сына! чым бязвіннае дзіця вінавата, каб яму загінуць такою лютаю смерцю!“ Засмяяўся Пятро і папхнуў яго дзідай, і казак з дзіцем паляцеў на дно. Забраў сабе Пятро ўсё дабро і пачаў жыць, як паша. Табуноў ні ў каго такіх не было, як у Пятра. Авечак і бараноў нідзе столькі не было. І памёр Пятро.
Як памёр Пятро, паклікаў бог душы абодвух братоў, Пятра і Івана, на суд. „Вялікі ёсць грэшнік гэты чалавек!“ сказаў бог. „Іване! я не выберу яму хутка кары; выберы ты сам яму кару!“ Доўга думаў Іван, прыдумваючы кару, і нарэшце сказаў: „Вялікую крыўду зрабіў мне гэты чалавек: здрадзіў брату свайму, як Іуда, і пазбавіў мяне шаноўнага майго роду і патомства на зямлі. А чалавек без шаноўнага роду і патомства, што насенне збожжа, якое кінута ў зямлю і марна прапала ў зямлі. Руні няма — ніхто і не дазнаецца, што кінута было насенне.
Зрабі-ж, божа, так, каб усё патомства яго не мела на зямлі шчасця! каб апошні ў родзе быў такі злачынца, якога яшчэ і свет не трываў! І ад кожнага яго злачынства, каб дзяды і прадзеды яго не знайшлі-б спакою ў трунах, і, церпячы пакуту, невядомую на свеце, падымаліся-б з магіл! І Іуда Пятро, каб не меў сілы падняцца, і ад таго цярпеў-бы пакуту яшчэ горшую; і еў-бы, як шалёны, зямлю, і курчыўся-б пад зямлёю!
І калі прыдзе час меры ў злачынствах таму чалавеку, уздымі мяне, божа, з тае прорвы на кані на самую высокую гару, і няхай прыдзе ён да мяне, і кіну я яго з той гары ў самую глыбокую прорву, і ўсе мерцвякі, яго дзяды і прадзеды, дзе-б ні жылі пры жыцці, каб усе пацягнуліся з розных бакоў зямлі грызці яго, за тыя пакуты, што ён рабіў ім, і вечна-б яго грызлі, і павесяліўся-б я, гледзячы на яго пакуты! А Іуда Пятро каб не мог падняцца з зямлі, каб рваўся грызці і сябе, але грыз-бы самога сябе, а косці яго раслі-б, чым далей, болей, каб праз тое яшчэ мацней рабіўся яго боль. Тая пакута для яго будзе самая страшная: бо для чалавека няма большай пакуты, як хацець адпомсціць і не мець сілы адпомсціць“.