„Страшная кара, што выдумаў ты, чалавеча!“ сказаў бог. „Няхай будзе ўсё так, як ты сказаў, але і ты сядзі вечна там на кані сваім, і не будзе табе царства нябеснага, пакуль ты будзеш сядзець там на кані сваім!“ І тое ўсё так спраўдзілася, як было сказана: і дагэтуль стаіць на Карпаце на кані дзівосны рыцар, і бачыць, як у бяздоннай прорве грызуць мерцвякі мерцвяка, і чуе, як мярцвяк, што ляжыць пад зямлёю, расце, грызе ў страшных пакутах свае косці і страшна трасе ўсю зямлю…»
Ужо сляпы скончыў сваю песню; ужо зноў пачаў перабіраць струны; пачаў ужо спяваць смешныя прыказкі пра Хаму і Ярому, Сткляра Стаказу… але старыя і малыя ўсё яшчэ не думалі схамянуцца і доўга стаялі, панурыўшы галовы, раздумваючы пра страшную справу, што здарылася ў старыя часы.
Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна
З гэтай гісторыяй здарылася гісторыя: нам расказваў яе Сцяпан Іванавіч Курачка, які прыязджаў з Гадзяча. Трэба вам ведаць, што памяць у мяне, немагчыма выказаць, што за дрэнь: хоць кажы, хоць не кажы, усё адно. Тое-ж самае, што ў рэшата ваду лі. Ведаючы за сабою такі грэх, знарок прасіў яго спісаць яе ў сшытак. Ну, дай бог яму здароўя, чалавек ён быў заўсёды добры для мяне, узяў і спісаў. Паклаў я яе ў маленькі столік; вы, думаю, яго добра ведаеце: ён стаіць у кутку, калі ўвойдзеш у дзверы… Але, я і забыўся, што вы ў мяне ніколі не былі. Старая мая, з якою жыву ўжо год трыццаць разам, грамаце зроду не вучылася; няма чаго і граху таіць. Вось заўважаю я, што яна піражкі пячэ ўсё на нейкай паперы. Піражкі яна, шаноўныя чытачы, наўздзіў добра пячэ; лепшых піражкоў вы нідзе не будзеце есці. Зірнуў неяк на сподку піражка, гляджу: пісаныя словы. Як быццам сэрца ў мяне ведала: прыходжу да століка — сшытка і палавіны няма! Рэштку лісткоў усю расцягала на пірагі. Што загадаеш рабіць? Не пабіцца-ж на старасці год. Летась здаралася праязджаць цераз Гадзяч. Знарок яшчэ, не даязджаючы горада, завязаў вузельчык, каб не забыцца папрасіць аб гэтым Сцяпана Іванавіча. Гэтага мала: узяў абяцанне з самога сябе, як толькі чхну ў горадзе, каб пры гэтым успамянуць пра яго. Усё дарэмна. Праехаў цераз горад, і чхнуў і высмаркаўся ў хустачку, а ўсё забыў; ды ўжо ўспамянуў, як вёрст шэсць ад'ехаў ад заставы. Няма чаго рабіць, давялося друкаваць без канца. Зрэшты, калі хто жадае абавязкова ведаць, пра што гаворыцца ў гэтай аповесці, дык яму варта толькі сумысля прыехаць у Гадзяч і папрасіць Сцяпана Іванавіча. Ён з вялікай прыемнасцю раскажа яе, хоць, калі будзе ахвота, зноў ад пачатку да канца. Жыве ён недалёка ад каменнае царквы. Тут ёсць зараз маленькі завулак: як толькі звернеш у завулак, дык будуць другія ці трэція вароты. Але, вось лепей: калі ўбачыце на дварэ вялікую жэрдку з перапёлкаю і выйдзе вам насустрач тоўстая баба ў зялёнай спадніцы (ён, не шкодзіць сказаць, вядзе жыццё халастое), дык гэта яго двор. Зрэшты, вы можаце яго стрэць на рынку, дзе бывае ён кожную раніцу да дзевятай гадзіны, выбірае рыбу і зеляніну для свайго стала і размаўляе з айцом Анціпам, або з жыдам-адкупшчыкам. Вы яго адразу пазнаеце, бо ні ў каго няма, апрача яго, нагавіц з каляровай выбойкі і кітайчатага жоўтага сурдута. Вось яшчэ вам прыкмета: калі ходзіць ён, дык заўжды размахвае рукамі. Яшчэ нябожчык тутэйшы засядацель, Дзяніс Пятровіч, заўсёды, бывала, убачыўшы яго здалёк, гаварыў: «глядзіце, глядзіце, вунь ідзе вятрак!»
I. Іван Фёдаравіч Шпонька
Ужо чатыры гады, як Іван Фёдаравіч Шпонька ў адстаўцы і жыве ў хутары сваім Вытрэбеньках. Калі ён быў яшчэ Ванюшам, дык навучаўся ў гадзячскім павятовым вучылішчы, і, трэба сказаць, што быў вельмі дабрадзейны і вельмі старанны хлапчук. Настаўнік расійскай граматыкі, Нікіфар Цімафеевіч Дзеепрычасце, казаў, што калі-б усе ў яго былі такія старанныя, як Шпонька, дык ён не насіў-бы з сабою ў клас кляновай лінейкі, якою, як сам ён прызнаваўся, зморваўся біць па руках ляных і гарэзнікаў. Сшытак у яго быў заўсёды чысценькі, наўкруга аблінаваны, нідзе ні плямінкі. Сядзеў ён заўжды ціха, склаўшы рукі і ўтаропіўшы вочы на настаўніка, і ніколі не прывешваў таварышу, які сядзеў наперадзе яго, на спіну паперак, не рэзаў лаўкі і не гуляў да прыходу настаўніка ў цеснай бабы[73]. Калі каму патрэбен быў ножык навастрыць пяро, дык ён не марудзячы зварочваўся да Івана Фёдаравіча, ведаючы, што ў яго заўсёды быў ножык, і Іван Фёдаравіч, тады яшчэ проста Ванюша, даставаў яго з невялікага скуранога футлярчыка, прывязанага да пятлі свайго шэранькага сурдута, і прасіў толькі не скрабсці пяра лязом ножыка, упэўняючы, што для гэтага ёсць тупы бок. Такая добранраўнасць хутка прыцягнула да яго ўвагу нават самога настаўніка лацінскае мовы, адзін кашаль якога ў сенях, перш чым высоўваўся ў дзверы яго фрызавы[74] шынель і твар, развузораны воспаю, наводзіў страх на ўвесь клас. Гэты страшны настаўнік, у якога на кафедры заўжды ляжала два пучкі розаг, і палавіна слухачоў стаяла на каленях, зрабіў Івана Фёдаравіча аудыторам[75], не зважаючы на тое, што ў класе было шмат з куды лепшымі здольнасцямі. Тут нельга прапусціць адзін выпадак, які зрабіў уплыў на ўсё яго жыццё. Адзін з даручаных яму вучняў, каб схіліць свайго аудытора напісаць яму ў спісу scit[76], у той час як ён свайго задання ў зуб не ведаў, прынёс у клас загорнуты ў паперу, абліты маслам, блінец. Іван Фёдаравіч, хоць і прытрымліваўся справядлівасці, але на той час быў галодны і не мог супраціўляцца спакусе; узяў блінец, паставіў перад сабою кніжку і пачаў есці. І так быў заняты гэтым, што нават не заўважыў, што ў класе надыйшла раптам мёртвая цішыня. Тады толькі з жахам схамянуўся ён, калі страшная рука, працягнуўшыся з фрызавага шыняля, ухапіла яго за вуха і выцягнула на сярэдзіну класа. «Падай сюды блінец! Падай, кажуць табе, нягоднік!» сказаў грозны настаўнік, схапіў пальцамі масляны блінец і выкінуў яго за акно, сурова забараніўшы бегаўшым на дварэ школьнікам падымаць яго. Пасля гэтага тут-жа вельмі балюча высек Івана Фёдаравіча па руках. І дарэчы: рукі вінны, нашто бралі, а не іншая частка цела. Як-бы там ні было, толькі ад гэтага часу нясмеласць, і без таго неразлучная з ім, павялічылася яшчэ болей. Можа, гэтае самае здарэнне было прычынай таго, што ён не меў ніколі жадання паступіць на штацкую службу, бачачы з практыкі, што не заўсёды ўдаецца прыхаваць канцы. Было ўжо яму без нечага пятнаццаць гадоў, калі перайшоў ён у другі клас, дзе, заместа скарочанага катэхізіса і чатырох правіл арыфметыкі, узяўся ён за пашыраны, за кнігу аб прызначэннях чалавека і за дробы. Але, убачыўшы, што чым далей у лес, тым болей дроў, і атрымаўшы вестку, што бацюхна загадаў доўга жыць, прабыў яшчэ два гады і, са згоды матухны, паступіў потым у П*** пяхотны полк. П*** пяхотны полк быў зусім не такога гатунку, да якога належаць шмат якія пяхотныя палкі, і, не зважаючы на тое, што ён пераважна стаяў па вёсках, аднак-жа быў на такой назе, што не ўступаў некаторым і кавалерыйскім. Большая частка афіцэраў піла вымаразкі і ўмела цягаць жыдоў за пэйсікі не горш за гусараў; некалькі чалавек нават танцавала мазурку, і палкоўнік П*** палка ніколі не мінаў выпадку зазначыць гэта, размаўляючы з кім-небудзь у кампаніі. «У мяне», казаў ён звычайна, ляпаючы сябе па чэраве пасля кожнага слова: «многія танцуюць мазурку; вельмі многія; вельмі многія». Каб яшчэ болыш паказаць чытачам адукаванасць П*** пяхотнага палка, мы дададзім, што двое з афіцэраў былі заўзятыя ігракі ў банк і прагульвалі мундзір, фуражку, шынель, цямляк і нават сподняе, а гэта не ўсюды і паміж кавалерыстаў можна адшукаць. Абыходжанне з такімі таварышамі, аднак-жа, ні на кроплю не зменшыла баязлівасці Івана Фёдаравіча. І паколькі ён не піў вымаразак, аддаючы перавагу чарцы гарэлкі перад абедам і вячэраю, не танцаваў мазуркі і не гуляў у банк, дык, натуральна, павінен быў заўсёды заставацца адзін. Такім чынам, калі іншыя раз'язджалі на абыватальскіх па дробных памешчыках, ён, седзячы на сваёй кватэры, практыкаваўся ў занятках, уласцівых толькі добрай і сціплай душы: то чысціў гузікі, то чытаў варажбітную кнігу, то стаўляў мышалоўкі па кутках свайго пакоя, то, нарэшце, скінуўшы мундзір, ляжаў на ложку. Затое ў палку не было нікога больш упраўнага за Івана Фёдаравіча. І ўзводам сваім ён так камандаваў, што ротны камандзір заўсёды ставіў яго за прыклад. Затое ў хуткім часе, праз адзінаццаць год пасля атрымання прапаршчыцкага чыну, ён быў падвышаны ў падпаручыкі.
73
Гульня, у якую гуляюць школьнікі ў класе: ціснуцца цесна на лаўцы, пакуль адна палавіна не выцісне другую.