Гэтым закончылася размова.
IV. Абед
У абедзенны час Іван Фёдаравіч уехаў у сяло Хартышча і крыху знясмеліўся, калі пачаў набліжацца да панскага дома. Дом гэты быў доўгі і не пад ачарэтнай, як у шмат каго з навакольных памешчыкаў, а пад драўлянай страхою. Два свірны ў дварэ таксама пад драўлянай страхою; вароты дубовыя. Іван Фёдаравіч падобен быў да таго франта, які заехаўшы на бал, бачыць усіх, куды ні азірнецца, апраненых ямчэй за яго. З пашаны ён спыніў свой вазок каля свірна і падышоў пеша да ганку.
«А, Іван Фёдаравіч!» закрычаў тоўсты Грыгорый Грыгор'евіч, які хадзіў па дварэ ў сурдуце, але без гальштука, камізэлькі і падцяжак. Аднак-жа і гэтае ўбранне, здавалася, абцяжвала яго тлустую шырыню, бо пот каціўся з яго градам. «Што-ж вы казалі, што адразу, як толькі ўбачыцеся з цётухнай, прыедзеце, дый не прыехалі?» Пасля гэтых слоў, губы Івана Фёдаравіча сустрэлі тыя-ж самыя знаёмыя падушкі.
«Пераважна заняткі па гаспадарцы… Я прыехаў да вас на хвілінку, уласна па справе…»
«На хвілінку! Вось гэта дык не будзе. Гэй, хлопча!» закрычаў тоўсты гаспадар, і той самы хлапчук у казацкай світцы выбег з кухні. «Скажы Кас'яну, каб вароты зараз замкнуў, чуеш, замкнуў моцна! А коней вось гэтага пана адпрог-бы ў гэтую-ж хвіліну! Прашу ў пакой: тут такая гарачыня, што ў мяне ўся кашуля мокрая».
Іван Фёдаравіч, увайшоўшы ў пакой, вырашыў не траціць дарма часу і, не зважаючы на сваю нясмеласць, наступаць рашуча.
«Цётухна мела гонар… казала мне, што даравальны запіс нябожчыка Сцяпана Кузьміча…»
Цяжка намаляваць, якую непрыемную міну зрабіла пры гэтых словах шырачэзнае аблічча Грыгорыя Грыгор'евіча. «Дальбог нічога не чую!» адказаў ён. «Трэба вам сказаць, што ў мяне ў левым вусе сядзеў таракан. У рускіх хатах праклятыя кацапы ўсюды паразводзілі тараканаў. Немагчыма апісаць ніякім пяром, што за пакута была. Так вось і казыча, так і казыча. Мне дапамагла адна бабуля самым простым сродкам…»
«Я хацеў сказаць…» асмеліўся перапыніць Іван Фёдаравіч, бачачы, што Грыгорый Грыгор'евіч сумысля хоча павярнуць размову на іншае: «што ў завяшчанні нябожчыка Сцяпана Кузьміча ўспамінаецца, так сказаць, пра даравальны запіс… па ім мне належыць…»
«Я ведаю, гэта вам цётухна паспела нагаварыць. Гэта мана, дальбог мана! Ніякага даравальнага запісу дзядзюхна не рабіў. Хоць, праўда, у завяшчанні і ўспамінаецца пра нейкі запіс; але дзе-ж ён? Ніхто не прадставіў яго. Я вам гэта кажу таму, што шчыра жадаю вам дабра. Дальбог, гэта мана!»
Іван Фёдаравіч замаўчаў, разважаючы, што, можа, і сапраўды цётухне толькі здалося.
«А вось ідзе сюды матухна з сёстрамі!» сказаў Грыгорый Грыгор'евіч: «значыцца, абед гатоў. Пойдзем!» Пры гэтым ён пацягнуў Івана Фёдаравіча за руку ў пакой, дзе стаялі на стале гарэлка і закускі.
У той самы час увайшла бабулька, нізенькая, сапраўдны кафейнік у каптуры, з двума паненкамі — бялявай і чорна-косай. Іван Фёдаравіч, як выхаваны кавалер, падышоў спачатку да бабульчынай ручкі, а пасля да ручак абодвух паненак.
«Гэта, матухна, наш сусед, Іван Фёдаравіч Шпонька!» сказаў Грыгорый Грыгор'евіч.
Бабулька пільна глядзела на Івана Фёдаравіча ці, можа, толькі здавалася, што глядзела. Зрэшты, гэта была сапраўдная дабрата. Здавалася, яна так і хацела спытаць Івана Фёдаравіча: колькі вы на зіму насольваеце гуркоў?
«Вы гарэлку пілі?» запытала бабулька.
«Вы, матухна, напэўна не выспаліся», сказаў Грыгорый Грыгор'евіч: «хто-ж пытае ў госця, ці піў ён? Вы частуйце толькі, а пілі мы, ці не, гэта наша справа. Іван Фёдаравіч! прашу, залататысячнікавай, ці Трафімаўскай сівушкі, якую вы лепей любіце? Іван Іванавіч, а ты што стаіш?» прамовіў Грыгорый Грыгор'евіч, азірнуўшыся назад, і Іван Фёдаравіч убачыў, што да гарэлкі падыходзіў Іван Іванавіч, у доўгакрысым сурдуце, з вялізным стаячым каўняром, які закрываў усю яго патыліцу, так што галава сядзела ў каўняры, як быццам у брычцы.
Іван Іванавіч падышоў да гарэлкі, пацёр рукі, разгледзеў як належыць чарку, наліў, паднёс да святла; выліў адразу з чаркі ўсю гарэлку ў рот, але, не глытаючы, папаласкаў ёю добра ў роце, пасля чаго праглынуў. І закусіўшы хлебам з салёнымі апенькамі, звярнуўся да Івана Фёдаравіча.
«Ці не з Іванам Фёдаравічам, панам Шпонькам, маю гонар гаварыць?»
«Так точна», адказаў Іван Фёдаравіч.
«Вельмі шмат мелі ласку змяніцца ад таго часу, як я вас ведаю. Як-жа», гаварыў далей Іван Іванавіч: «я яшчэ помню вас вось якімі!» Пры гэтым падняў ён далонь на аршын ад падлогі. «Нябожчык бацюхна ваш, дай божа яму царства нябеснае, выключны быў чалавек. Кавуны і дыні заўжды ў яго былі такія, якіх цяпер нідзе не знойдзеце. Вось хоць-бы і тут», гаварыў ён далей, адводзячы яго ўбок: «пададуць вам за сталом дыні. Што гэта за дыні? — Глядзець не хочацца! Ці верыце вы, міласцівы гасудар, што ў яго былі кавуны», прамовіў ён з таямнічым выглядам, расстаўляючы рукі, як быццам-бы хацеў абхапіць тоўстае дрэва: «дальбог, вось якія!»