Тут ён пачухаў плечы, уцёрся крысом, паклаў абедзве рукі на стол і пачаў:
«Аднойчы, за якую віну, дальбог, ужо і не ведаю, толькі выгналі аднаго чорта з пекла!»
«Як-жа, кум?» перапыніў Чаравік: «як-жа магло здарыцца, каб чорта выгналі з пекла?»
«Што-ж рабіць, кум, выгналі дый выгналі, як сабаку мужык выганяе з хаты. Можа, на яго напала дурная ахвота зрабіць якую-небудзь добрую справу, ну, і паказалі дзверы. Вось, чорту беднаму так зрабілася нудна, так нудна без пекла, што хоць да пятлі. Што рабіць? Давай з гора п'янстваваць. Угняздзіўся ў тым самым хляве, які, ты бачыў, разваліўся пад гарою і паўз які ніводзін добры чалавек не пройдзе цяпер, не засцярогшы сябе спачатку крыжам святым, і стаў чорт такі гуляка, якога не знойдзеш паміж парубкамі. З раніцы да вечара адна справа, што сядзіць у карчме!..»
Тут ізноў строгі Чаравік перапыніў апавядальніка.
«Бог ведае, што гаворыш ты, кум! Як можна, каб чорта ўпусціў хто-небудзь у карчму: у яго-ж ёсць, дзякуй богу, і кіпцюры на лапах і рожкі на галаве».
«Вось тут і штука, што на ім была шапка і рукавіцы. Хто яго пазнае? Гуляў, гуляў — нарэшце, дайшло да таго, што прапіў усё, што меў з сабою. Карчмар доўга верыў, пасля і перастаў. Давялося чорту пакінуць у заставу чырвоную світку сваю, ледзь не за трацяк цаны, жыду, які карчмарыў тады на Сарачынскім кірмашы; пакінуў і кажа яму: глядзі, жыд, я прыду да цябе па світку роўна цераз год: беражы яе! і знік, як быццам у ваду. Жыд разгледзеў добра світку; сукно такое, што і ў Міргарадзе не дастанеш! а чырвоны колер гарыць, як агонь, так што не наглядзеўся-б! Вось жыду здалося нудным чакаць тэрміну. Пачухаў сабе пейсікі, дый злупіў з нейкага прыезджага пана амаль пяць чырвонцаў. Пра тэрмін жыд і забыўся быў зусім. Дык вось аднойчы, пад вечар, прыходзіць нейкі чалавек: „ну, жыд, аддавай світку маю!“ Жыд спачатку быў і не пазнаў, а пасля, як разглядзеў, дык і прыкінуўся, быццам у вочы не бачыў: „якую світку? у мяне няма ніякае світкі! я ведаць не ведаю твае світкі!“ Той, зірк і пайшоў; толькі пад вечар, калі жыд, замкнуўшы сваю будку і пералічыўшы па скрынях грошы, накінуў на сябе прасцірадла і пачаў па-жыдоўску маліцца богу — чуе шорхат… зірк — ва ўсіх вокнах павыстаўляліся свіныя лычы…»
Тут сапраўды пачуўся нейкі невыразны гук, вельмі падобны да рохкання свінні; усе збялелі… Пот выступіў на твары апавядальніка.
«Што?» прамовіў у спалоху Чаравік.
«Нічога!» адказаў кум, калоцячыся ўсім целам.
«Ась!» абазваўся адзін з гасцей.
«Ты сказаў»…
«Не!»
«Хто-ж гэта рохкнуў?»
«Бог ведае, чаго гэта мы перапалохаліся! нікога няма!»
Усе баязліва сталі азірацца наўкол і пачалі шныпарыць па кутках. Хіўра была ні жывая, ні мёртвая. «Эх вы, бабы, бабы!» прамовіла яна ўголас: «ці вам-жа казакаваць і быць мужамі! вам-бы верацёны ў рукі, ды пасадзіць за грэбень! адзін хто-небудзь, можа, даруй божа… Пад кім-небудзь лаўка зарыпела, а ўсе і кінуліся, як шалёныя!»
Гэта ўвагнала ў сорам нашых храбрацоў і прымусіла іх падбадзёрыцца; кум сербануў з конаўкі і пачаў расказваць далей: «Жыд умлеў; аднак-жа свінні на нагах, доўгіх, як хадулі, паўлазілі ў вокны і ў момант ажывілі яго плеценымі трайчаткамі[16], прымусіўшы яго скакаць вышэй гэтай бэлькі. Жыд у ногі, прызнаўся ва ўсім… Толькі світку нельга было ўжо вярнуць хутка. Пана абакраў на дарозе нейкі цыган і прадаў світку перакупцы; тая прывезла яе зноў на Сарачынскі кірмаш, але з таго часу ніхто нічога не купляў у яе. Перакупка дзівілася, дзівілася, нарэшце, скеміла: пэўна, віною ўсяму чырвоная світка. Нездарма заўсёды, калі надумвалася яна апранаць, адчувала, што яе ўсё душыць нешта. Не думаючы, не гадаючы доўга, кінула ў агонь — не гарыць чартоўскае адзенне. Э, ды гэта чортаў падарунак! Перакупка ўмудрылася і падсунула ў воз аднаму мужыку, які вывез прадаваць масла. Дурань і ўзрадаваўся: толькі масла ніхто і пытаць не хоча. Эх, нядобрыя рукі падкінулі світку! Схапіў сякеру і пасек яе на кавалкі; зірк — і лезе адзін кавалак да другога, і зноў цэлая світка. Перахрысціўшыся, хапіў сякераю другі раз, кавалкі раскідаў па ўсім месцы і паехаў. Толькі з той пары кожны год, і якраз у часе кірмаша, чорт з свіною лічынаю ходзіць па ўсёй плошчы, рохкае і падбірае кавалкі свае світкі. Цяпер, кажуць, аднаго толькі левага рукава нестае яму. Людзі з тае пары адхрышчваюцца ад таго месца, і вось ужо будзе гадоў з дзесятак, як не было на ім кірмаша. Ды собіла-ж нялёгкая цяпер засядацеля а…»
Другая палавіна слова замерла на вуснах апавядальніка…
Акно бразнула з шумам; шкло са звонам вылецела прэч, і страшны свіны лыч выставіўся, паводзячы вачыма, як быццам пытаючыся: а што вы тут робіце, добрыя людзі?