Выбрать главу

Злаваўся Віцька не з-за абы-чаго. Летась ён амаль штовечар бегаў на недалёкую ад вёскі копанку. Рыба ў копанцы была, але лавіць яе можна было толькі з трох бакоў — з чацвёртага ўшчыльную да вады густа падступала кустоўе. А ў вадзе поўна было тых жа старых гнілых кустоў. Закінеш вуду — дзевяць з дзесяці разоў зачэпіцца кручок.

Дні тры Віцька выцягваў карчы з аднаго месца, рваў зелле, ламаў пад вадой слізкае сучча, выцягваў на бераг. Тут было досыць глыбока, з галавой схаваешся, і даводзілася ныраць, валтузіцца пад вадой, пакуль хапала паветра. А потым па вечарах Віцька крадком прыносіў сюды вараныя крупы, кавалкі хлеба — падкормліваў. А калі праз тыдзень быў пайшоў раніцай — ух і рыбалка ж была! Сем такіх карасёў выцягнуў — грамаў па трыста! Жоўтыя, тоўстыя, аж у руках трымаць прыемна. Бегаў на копанку ранкам праз дзень. І тут нечакана браць стала менш, чапляліся толькі невялікія, з далонь, карасі. Смажыць то можна, і падсушыць можна, але вось каб зноў такіх — залацістых, вялікіх…

Двойчы роснымі ранкамі ён заўважаў, што на яго месцы расы на траве не было. Прыглядзеўся ўважлівей і пабачыў сляды. Адчуў сябе, як быццам яго абакралі. Ды і хіба не абакралі?! Назаўтра ён выйшаў з дому не ў палове сёмай, а ў палове шостай. Вось там і адбылася іх сустрэча. Сяргея, сына вясковай п’яніцы Зойкі, Віцька ведаў. Але не сябраваў, не падабаўся яму гэты зладзеяваты хлопец. Ды і маці неяк вельмі сур’ёзна сказала:

— Не вадзіся з ім! У дзяцей алкашоў адна дарога — у турму!

Тады бацька, праўда, не ўтрымаўся:

— Сяргей нарадзіўся ў нармальнай сям’і. Ён не вінаваты, што загінуў бацька, а маці спілася.

— А ты не абараняй! — нервова адгукнулася маці. — Ты яшчэ парай свайму сыну, каб пасябраваў з гэтым злодзеем, ад якога ўся вёска плача.

Бацька толькі раздражнёна махнуў рукой.

…Сяргей тады якраз сачыў за паплаўком — клявала. Пачуў крокі, азірнуўся — сын настаўніцы, Віцька.

— Ану, вымятайся адсюль! — загадаў Віцька яшчэ без злосці.

— Чаго гэта? Ты што, копанку купіў? — агрызнуўся Сяргей, не зводзячы позірку з паплаўка.

— Гэта маё месца! — на правах жыхара вёскі, на правах чалавека, які столькі часу патраціў, каб выцягнуць ламачча з вады і штовечар падкормліваў, прывабліваў сюды рыбу, уладна сказаў Віцька.

— То трэба было падпісаць, — кпліва адазваўся Сяргей. — Глядзіш, я б і не прыйшоў.

Сяргей толькі напачатку трохі напужаўся — думаў, Віцька не адзін. Цяпер жа, агледзеўшыся, ён асмялеў: хлопцы былі амаль аднолькавага росту, і не скажаш адразу, які з іх мацнейшы. А біцца Сяргей не баяўся — не раз даводзілася.

— Ты, бадзяжнік, давай вымятайся! — са злосцю выгукнуў Віцька.

Ён таксама зразумеў, што без бойкі справа можа не абысціся, але біцца не хацеў, не любіў проста. І таму тут жа выдаў свой козыр:

— А то вечарам мы цябе так прыціснем, забудзеш, як чарвяк на кручок чапляць, — прыгразіў ён спакойным голасам, стараючыся, каб кожнае слова гучала ўпэўнена і пераканаўча.

Сяргей, нечакана для Віцькі, хутка зматаў вуду, падхапіў мяшэчак, у якім Віцька згледзеў аднаго ладнага карася, і знік за кустамі.

«Спужаўся,» — прыемная думка прыўзняла настрой — абыдзецца без бойкі, ды і пачуццё гаспадара дадало радасці.

Сяргей, па праўдзе, і не спужаўся, але адчуваў, што ў пагрозах Віцькі была праўда. І двое на аднаго — ужо яму пападзе добра, а сяброў у вёсцы ў яго не было. Ён ні да каго не лез, а яго цураліся. Больш з-за матак — тыя запалохвалі сваіх сыноў: раз інтэрнацкі, а маці п’яніца, то калонія па ім плача. Ды яшчэ злодзей, нахабны і дзёрзкі. Звядзе ў свет…

Сяргея Віцька больш на копанцы не заўважаў, ды ўсё роўна тым летам Віцька прыкмячаў іншы раз, што на яго месцы за паўгадзіны да яго нехта лавіў! Хто? Ну, вядома ж, гэты інтэрнацкі. Але падлавіць не давялося.

І вось — зноў прыехаў!

— Калі ён прыехаў?

— Учора, — адказала Жэнька. — Ты давай бяжы хутчэй, а то ён усіх тваіх карасёў павыцягвае.

— Не павыцягвае! Я яму пакажу, калі што…

— Ага! Ён на галаву за цябе вышэйшы стаў. Праўда, худы, як гліст.

— Я яго не баюся, — запэўніў і сябе, і сястру Віцька.

— А яшчэ Эдзік прыехаў, — дадала Жэнька як аб не надта вартым увагі.

— Настусін?

— Ага.

— А чаго ты маўчала ўчора?

— А ён толькі сёння ранкам прыехаў. Я карову выганяла, то бачыла.

— Ух ты! Тады я пайшоў.

– Ідзі.

Ля парога Віцька прыпыніўся, азірнуўся:

— А яму прывет ад цябе перадаць? — і падміргнуў па-змоўніцку сястры.