Выбрать главу

Жэнька хмыкнула, крутнулася да дзвярэй, нічога не адказаўшы.

— Я перадам! — паабяцаў Віцька.

Ён ведаў, што Жэнька пісала Эдзіку лісты. І ён ёй пісаў. Толькі апошнія два месяцы нешта не заўважаў Віцька канвертаў у скрыні.

З двара Віцька выходзіў у добрым настроі. О, гэта добра, што Эдзік прыехаў. Ну, няхай ён трохі задавака, затое столькі ўсяго ведае, столькі ўмее выдумляць. З ім цікава. І добры магнітафон у яго ёсць, і плэер з маленькімі навушнікамі. Праўда, запісы на касетах Віцьку не надта спадабаліся, але гэта — справа густу.

Ля хаты бабкі Настусі на лавачцы сядзеў Эдзік — Віцька яго здалёк пазнаў. І яшчэ Віталь стаяў, рот разявіўшы.

Віталь — аднакласнік Віцькі. Як быццам нечым зачараваны. Ды не нечым, а кніжкамі. Як пачытаў быў «Прыгоды Тома Сойера», а потым «Востраў скарбаў», цяпер сам скарбы шукае. Усе вушы прагудзеў за гэтую зіму Ведзьмінай тоняй. То, кажа, загадка. Падалося яму, быццам усе пяць астравоў вакол возера стаяць роўным паўкругам і на аднолькавай адлегласці адзін ад другога. «Значыць, гэта справа рук чалавека,» — кажа і такі твар загадкавы робіць, аж смех бярэ. Гэтым летам плануе цэлую навуковую экспедыцыю арганізаваць на астравы Ведзьмінай тоні. Усё падбухторвае Віцьку. Віцька, па праўдзе, і сам трохі зацікавіўся гэтымі астравамі. Ніколі ж на ўсіх астравах не быў, толькі на Заікіным. Рыба там добра зранку бярэ, але каб зранку палавіць, трэба на ноч там заставацца. Аднаму жудасна, удваіх — весялей. Во Эдзіка з сабой возьмуць — і дні на тры на астравы! Цікава будзе!

Павіталіся.

Настусін Эдзік — аднагодак Віцькі і Віталя. Трохі вышэйшы за Віцьку і ў плячах шырэйшы. Пастрыжаны вельмі коратка, валасы белыя. Сядзеў, упёршыся спінай у агароджу палісадніка, ногі выцягнуў і ў такт музыцы энергічна ківаў галавой.

— Ну, адчуваю, вы тут у сваім балоце па вушы бытам заплылі, — насмешліва загаварыў ён. — Чым хоць займаецеся?

— Гуляем, — Віцька апусціўся на лаўку побач. — Давай прапаноўвай што-небудзь цікавае.

— Ат, з вамі тут… Што я вам — масавік-зацейнік?

— Ну, ты ж у райцэнтры, давай, выцягвай нас з балота, — ужо з ледзь улоўным выклікам сказаў Віталь.

Эдзік змерыў Віталя прыжмуранымі вачыма.

— Так, трэба зрабіць калекцыю чучал птушак!

— Ух ты! — выгукнуў Віцька. — Як гэта?

— А так: падстрэльваем, здымаем скурку з пер’ем, прамываем, прасушваем на каркасе, набіваем прадэзінфіцыраваным пілавіннем — чучала амаль гатова, — Эдзік далёка цвыркнуў слінай. — За добрае чучала можна неблагія грошы атрымаць.

— Дзе атрымаць? — здзівіўся Віцька.

Для яго чучала птушкі з першага моманту асацыіравалася са школай — у кабінеце прыроды і біялогіі было толькі адно старое чучала савы, пер’е з якой, колькі яго біялагічка Ганна Іосіфаўна ні падклейвала, лезла ў розныя бакі.

— Дзярэўня! — працягнуў Эдзік. — У Мінску ўсё трэба. А чучалы птушак — тым больш. Заходзіш у бар — а там бутэлькі з напоямі ахоўвае коршак з крыламі распрастанымі… Ого, я бачыў — класна глядзіцца.

Але Віцька гэтаму «бізнесу» не асабліва ўзрадаваўся, а вось папаляваць на птушак, павучыцца з іх чучалы рабіць, а потым восенню занесці ў кабінет біялогіі — будзе радасці ў Ганны Іосіфаўны…

— А ведаеце, дзе многа птушак? — загаварыў па-змоўніцку Віталь. — На астравах, на Ведзьмінай тоні! Так жа на Савіным востраве соў колькі! Гэта табе не верабей.

— От, зноў ты з Ведзьмінай тоняй! — рагатнуў Віцька, павярнуўся да Эдзіка. — Ён у нас хоча раскрыць тайну пяці астравоў!

— А што, — сеў прама Эдзік. — Савінае чучала будзе каштаваць не мала. Добрая ідэя.

— А заадно і замеры ўсе зробім, — узрадаваўся Віталь.

— Якія замеры? — здзівіўся Эдзік.

— От глядзі, — прысеў Віталь насупраць Эдзіка, знайшоў у траве трэску, стаў чарціць на зямлі і горача каменціраваць: — Гэта — возера, сама Ведзьміна тоня. Вакол яе — пяць астравоў. Трэба змерыць дакладна адлегласць ад вострава да вострава, вызначыць напрамак, і тады нешта абавязкова намалюецца!

— Ужо намалявалася, — усміхнуўся Эдзік, гледзячы на малюнак Віталя на зямлі, дзе атрымалася кветка з пялёсткамі. — А дзе той востраў, дзе совы водзяцца?

— Во! — тыцнуў пальцам Віталь у адзін з пялёсткаў кветкі. — А гэта — Заікін, гэта (ён хутка дамалёўваў) канава, гэта — вёска. На Савіны востраў ці на чоўне праз возера, ці пехам па астравах. Толькі бацька казаў, што падыходы да Савінага вострава надта забалочаныя, а партызанскія кладкі ўжо згнілі. Ды вясна сухая была, думаю, можна будзе прайсці.

Відаць, перспектыва лазіць па балотнай гразі не цешыла Эдзіка, бо ён нечага пакрывіўся, як недаспелы яблык укусіў: