— Пабачым. Трэба лепш човен…
— Ага! А як ты яго зацягнеш на тоню?
— Ну, гумавую лодку…
— Дзе ты яе знойдзеш? Ды паспрабуй там паплаваць! — уступіў у размову Віцька. — Там, дзе Васіль казаў, з вады такія карчы тырчаць! Наляціш — і хана.
— Чаму гэта хана?
— А не выплывеш. Вада ў возеры — што лёд. Бр-р-р, — аж перасмыкнуў плячыма Віцька. — І чорная. Ды і карчы — зачэпішся… Ніхто яшчэ па тоні не плаваў. Гарадскія былі паспрабавалі сеткі там паставіць, то і сеткі заблытаныя былі, не выцягнулі, і самі ледзь на паўспушчанай лодцы да берага дабраліся. Адно слова — Ведзьміна тоня.
— А дзе рыбачыце? — спытаў Эдзік.
— Ды на копанцы, — кіўнуў за вёску Віцька, — я ўчора падкарміў, можна схадзіць сёння на маё месца.
— То пайшлі цяпер, — прапанаваў, а больш закамандаваў Эдзік. — Не сядзець жа, як бабулькам, дзень на лавачцы.
— Пайшлі!
Віталю не надта хацелася ісці цяпер на копанку — трэба было змайстраваць трыножнік, каб паставіць на яго старую падзорную трубу — з яе Віталь думаў зрабіць прыбор для вымярэння. Адлегласць між астравамі і так можна было вылічыць, але трэба ўсё рабіць правільна і прафесійна. Складаць карту — то складаць з адзнакамі вышынь і глыбінь. Бацька паабяцаў Віталю прынесці камеру з кола трактара «Кіравец». Яе абцягнуць рамянямі — і лодка гатова. А наконт карчоў была ў Віталя свая задума…
Віцька забег па вуды, Віталь адмахнуўся: «Не будзе цяпер кляваць». Але з сябрамі пайшоў. Копанка была ў кіламетры ад вёскі, схаваная старым алешнікам і высокім кустоўем. Кусты раслі вялікім купамі, нагадвалі стагі, між імі рассцілаліся цэлыя паляны, парослыя густой травой, ужо ў некалькіх месцах некім скошанай. Сонца ўзнялося досыць высока, прыгравала добра.
На беразе копанкі, ля самай вады, асвечаная ранішнім сонцам сядзела дзяўчынка.
— Гэта нямко Анжэла, — стаў тлумачыць Эдзіку Віцька. — Маці яе п’яніца, бацька невядома хто, а сама яна нямая. Размаўляць не ўмее.
— Ты! — утаропіў вочы на Анжэлу Эдзік. — Ану, хадзі сюды, — паклікаў ён дзяўчынку.
Нэла ўзнялася, спуджана глянула на хлопцаў, азірнулася раз і другі, быццам шукаючы дапамогі.
— Гэй, нямко, — ужо лісліва загаварыў Эдзік. — А хочаш, жуйку дам?
— Ты ёй цукерку прапануй, яна табе станцуе! — падказаў Віцька, бо ведаў аб гэтым: расказвалі ў вёсцы.
— О, дык ты танцуеш? — рагатнуў Эдзік. — Танец жывата!
Яго рука палезла ў кішэню, і ён, бачачы, што вочы Нэлы сочаць за яго рукамі, стаў павольна выцягваць з кішэні руку.
— Оп-ля!
Высока ўгору ўзнялася рука з цукеркай.
— Танцуй, нямко!
Дзяўчынка глядзела на цукерку, потым нясмела ступіла крок да хлопцаў.
— Нэла! — пачулася ў гэты момант.
Дзяўчынка здрыганулася, азірнулася і пабегла да выходзячага з-за куста Сяргея. Яна забегла за хлопца, стала за яго спінай і выглядвала.
Сяргей глядзеў на хлопцаў.
— А, стары знаёмы, — працягнуў Віцька тонам, які нічога добрага Сяргею не абяцаў. — Слухай, я ж цябе ў мінулым годзе папярэджваў — не лезь на маё месца. Папярэджваў?
Яны падыходзілі да яго: Віцька берагам копанкі, Эдзік побач, у двух кроках ад яго, ззаду Віталь.
«Так, трое на аднаго,» — хутка праносіліся ў галаве Сяргея думкі. «Не, двое, трэці ў бойку не палезе, яму гэта не цікава».
Віталію і праўда не было цікава. Пра Сяргея ён ведаў, але яны не сябравалі, а адносіны Віцькі і гэтага інтэрнацкага яго не тычыліся. «Самі разбірайцеся».
— Нэла, бяжы дадому, — загадаў Сяргей, але Нэла не адыходзіла. — Бяжы дадому, Нэла, — прыкрыкнуў хлопец. — Бяжы!
Ён лёгка падштурхнуў Нэлу ў бок ад падыходзячых хлопцаў. Нэла пабегла.
Сяргей перакінуў мяшэчак з рыбай (шэсць добрых карасёў) з правай рукі ў левую, якой трымаў вуды. Вудзільны былі простыя, арэхавыя, але доўгія і на канцах досыць тоўстыя.
— Га! Злаўлю, — выпучыў вочы, пляснуў ў далоні ў бок Нэлы Эдзік. — Стой!
Нэла ўпала — заблыталася ў пакосе скошанай травы, сукенка ўзляцела ўверх, адкрыла яе худзенькі голы азадак.
— Га-га-га! — зарагатаў, аж за жывот схапіўся Эдзік, за ім зарагатаў Віцька. Надта ж смешна падала гэтае нямко, а цяпер падхапілася, вочы па пяць капеек, не ведае, куды бегчы.
Сяргей зрабіў тры імклівыя крокі наперад. Калі ты адзін супраць дваіх — табе пачынаць трэба першаму.
Эдзік не паспеў як след павярнуцца да Сяргея, а той, далёка назад адвёўшы руку з вудзільнамі, рэзка тыцнуў імі прама ў мяккі, не гатовы да гэтага, жывот хлопца.
— Ы-ы-ы, — застагнаў ад болю, стаў прысядаць Эдзік, і Віцька, яшчэ не зразумеўшы да канца, як гэта так хутка гэты інтэрнацкі мог махнуць левай рукой, памкнуўся да Сяргея. І аказаўся з ім твар у твар — Сяргей таксама памкнуўся быў да Віцькі.