Выбрать главу

Імгненне яны стаялі, замёршы — рукамі не размахнешся. А потым Віцька адчуў удар прама ў твар, і боль асляпіў яго — Сяргей не стаў узнімаць рукі, ён ударыў рэзка сваім ілбом прама ў нос Віцькі.

Віталь, на вачах якога ўсё адбылося, і да якога цяпер скочыў Сяргей, узняў рукі ўгару:

— Я ні пры чым!

У наступны момант ён ужо ляцеў у ваду — Сяргей проста штурхнуў яго ў грудзі.

— Нэла! Нэла! — гукнуў Сяргей сястру. — Пайшлі!

Ён пераскочыў цераз пакосы, схапіў дзяўчынку за руку. Яны подбегам заспяшаліся ў вёску.

Частка 5

…Патэльні Сяргей не знайшоў — рыбу давялося смажыць тым спосабам, якім яго навучылі ў інтэрнаце: чысціш, прасольваеш, загортваеш у паперу ў некалькі слаёў, кладзеш у вуголле. Дваццаць хвілін — рыба гатовая.

Толькі хлеба ім ад учарашняй гулянкі ў хаце засталося два кавалачкі. Добра, што хоць у сальніцы была соль.

На вечар Сяргей вырашыў напячы бульбы — у пограбе ён пабачыў невялікую кучу яе, прарослай, мяккай, бы гума.

Тое, што маці нават не пацікавілася Нэлай, казала Сяргею аб адным: раз ён прыехаў, то яму і наглядаць за сястрой. І не проста наглядаць…

Блізка к апоўдню, калі сонца прыпякаць стала па-сур’ёзнаму, Сяргей пабачыў на суседнім агародзе дзеда Васіля і бабу Адарку. Паўагарода ў дзеда займаў сад, другая палова — лужок. Крыху заставалася месца на грады, а бульбу дзед садзіў на тых сотках, што давалі ў калгасе. Цяпер лужок быў скошаны, старыя пачалі варушыць сена, але, аб нечым падумаўшы, сталі заварочваць яго ў валкі, каб складаць у копы.

— Нэла, пайшлі! — Сяргей зазірнуў у будан, выцягнуў вілы (яны цяпер тут і ляжалі).

Ні дзед Васіль, ні старая Адарка, вядома ж, за год не змаглі забыць, як лазіў у іх сад па «залатыя ранеты» Сяргей, як спрытна ноччу з-пад самага акна выбіраў апошнія клубніцы. Адно дадавала смеласці — тое, што ўчора дзед заступіўся за Сяргея і Нэлу перад гэтым зэкам.

Дзед толькі зірнуў быў з-пад ілба, працягваў работу, а вось Адарка прыпынілася, цікавала за Сяргеем.

— Добры дзень, памагай Бог, — хутка выпаліў Сяргей, падышоўшы бліжэй. — Я вось за мінулагоднія яблыкі разлічыцца прыйшоў. Ну, і, можа, зараблю на паданкі крыху, а?..

Ён выпаліў гэта хутка, быццам і абыякавым тонам, але ўнутры сцяўся — што скажуць?

— То чаго стаў? — дзед Васіль размерана махаў граблямі, збіраючы сена ў валок, дадаў спакойна, як аб раней дамоўленым: — Давай, станавіся перад бабай. Яна за табой заграбе.

«Цьфу ты, як проста», — Сяргей адчуў незвычайную палёгку. Рукі вось толькі крыху трымцелі, зубы вілаў чапляліся за зямлю, але ўжо праз хвілін пяць праца пайшла спора.

— Мо не граблі б, дзед? — Адарка трымала ў руках шматок сена. — Нейкае яно вохкае.

— У валку прадзьме, — адазваўся стары. — Пакуль зграбем — якраз добра будзе.

Нэла была перад Сяргеем — набірала колькі магла сена ў рукі, несла да валка.

— Ай, дзіця, не хадзі ты там, не таміся. Ідзі лепш у садок, яблычкаў назбірай, — гукнула яе Адарка.

Нэла спынілася, запытальна глянула на Сяргея.

– Ідзі. Але яблыкаў бяры, колькі з’ясі, — папярэдзіў Сяргей.

Нэла паслухмяна кіўнула, пайшла ў садок. Сяргею і самому хацелася яблыка, адчуць кісла-салодкі смак цвердаватага «залатога ранета» у роце, ды і піць хацелася. Але ж не пабяжыш услед за Нэлай. Крок за крокам, крок за крокам, ставіш вілы блізка-блізка да зямлі, ш-шах — два метры чыстага лужка, нават і грэбці ўслед не трэба, яшчэ ш-шах — і валок з боку Сяргея аформіўся. Высакаваты валок, ветрык яго прадзімае.

Дзед Васіль з другога боку адстаў — ён і закідвае ў валок, і падграбае сам. «Нічога, дайду да канца, развярнуся насустрач,» — думае Сяргей. А старая Адарка ўвішна з граблямі ўпраўляецца, не спяшаецца, але і тэмпу не збаўляе, не адстае далёка ад Сяргея.

Канец лужка не так і блізка — метраў сто пяцьдзесят. Доўгі лужок. Затое на коз хопіць — дзед з бабай трымаюць не карову, а коз. Адна навязана ў садку, і цяпер на яе дзівіцца Нэла. А каза перастала есці і дзівіцца на Нэлу.

Праз гадзіну на лужку ляжаў доўгі, пышны вал сена, які, папраўдзе кажучы, быў не вельмі роўны, віхляўся ў розныя бакі.

— Ну, пайшлі пасядзім, пакурым у цяньку, — дзед паклаў граблі на валок. — Ты, баба, прынясі папіць нам чаго.

Адарка пайшла ў хату, клікнула Нэлу:

— Хадзем, дзіця, дам табе малака.

Нэла адмоўна заківала галавой, потым азірнулася на Сяргея.

– Ідзі, не бойся, — дазволіў ён.

Дзед, не спяшаючыся, дастаў бляшанку з нарэзаным самасадам, складзеную ў стосік газетную паперу, запалкі. Разважліва скруціў тугі скрутачак, прыпаліў, смачна зацягнуўся.