Выбрать главу

– Ідзі, назбірай ранетаў. Трасі не надта, ломіцца голле.

Сяргей адышоў да яблыні, сабраў некалькі паданкаў у траве. Прысеў ля дзеда, з задавальненнем стаў грызці яблык

— Бач, слухае як цябе… Без дазволу нікуды, — сказаў нечакана дзед Васіль, маючы на ўвазе Нэлу.

Сяргей паціснуў плячыма.

— Слухае.

— Вось і я бачу, што слухае. А ты таму рады?

— Ну… — разгубіўся Сяргей. — Добра, калі слухае…

— Ага, добра… Вось да цябе яе адна сволач трэніравала, як сабачку…

Сяргей ледзь не папярхнуўся яблыкам.

— Ды… Я ж за яе… Яна мне сястра, малодшая. Што вы раўняеце! — абурыўся ён.

— А ты сам на сябе збоку паглядзі, — хітравата прыжмурыўся стары. — Што, вялікая розніца для Нэлы — хто ёй дазваляе ці загадвае? Не, браце…

— Яна… яна мяне любіць, — саромячыся невядома чаго, прамармытаў Сяргей.

— А калі любіць, то трэба баяцца? Сястра яна табе ці не сястра, а ў першую чаргу яна — чалавек. Добра, што цябе слухае. Але ты ёй не загадвай. Ніколі і нічога. Яна нацярпелася. І загадаў, і болю.

Стары закончыў з ноткамі просьбы ў голасе — Сяргей выразна гэта адчуў. Імгненна ў яго галаве пранесліся гэтыя два дні тут — і ён пабачыў сябе збоку, пабачыў Нэлу побач з сабой. І незразумелае пачуццё — ці то крыўда на самога сябе, ці то адчай: вось ізноў атрымалася не так, як жадаў, — захліснула сярэдзіну. Нэла на самай справе выглядала ў асобныя моманты маленькім сабачкам побач з ім…

— Ну, якія смачнейшыя: крадзеныя ці заробленыя? — спытаў дзед Васіль, быццам і не было размовы пра Нэлу. Спытаў з непасрэднай цікавасцю, не ўпікаючы, быццам яго надта хваляваў адказ на гэта пытанне.

— Тым летам — крадзеныя, — на хвіліну задумаўшыся, адказаў Сяргей сур’ёзна. — А ў гэтым годзе яшчэ не краў.

— Бач ты! — дзед усміхнуўся. — То і не крадзі — прыходзь ранкам і збірай, што за ноч нападалі. Ніхто крычаць не будзе. У вас жа ў садку няма ранетаў?

— Не, няма… А праўда, што вы з… маім прадзедам, ваявалі разам?

— Так. Ён старэйшы за мяне быў, не адзін раз утрымліваў ад глупстваў. А сам Пракоп — так твайго прадзеда звалі — адчайным чалавекам быў. Як вызвалілі нас, то з партызан — і ў войска. Загінуў… Многа нашых, бадай усе з атраду, загінулі на Эльбе. Усіх партызанаў штурмаваць тыя крэпасці адправілі…

Падышла баба Адарка з літровым пластмасавым кубкам бярозавіку.

— Піце, мужыкі. А Нэла твая ў хаце бліны з малаком есць, — павярнулася яна да Сяргея.

«Нэла твая…» У Сяргея нечага засвярбела ў вачах і ў носе. Мабыць, бярозавік быў занадта рэзкі…

Потым гадзіны дзве яны прыбіралі сена — накладвалі яго на вялікі кавалак чорнай поліэтыленавай плёнкі, цягнулі яго на надворак, заносілі сена ў хлеў.

Пасля Адарка запрасіла «мужыкоў» у хату: на стале сыходзілі парай талеркі з баршчом, стаяла патэльня ці не з дзесяткам жаўткоў і скваркамі. Нэла ўжо наелася, была ў садзе — пасябравала з казой Бялянкай.

— А на Ведзьмінай тоні рыба добра бярэ? — спытаўся Сяргей, калі заканчвалі абедаць.

Дзед Васіль ужо скручваў чарговую цыгарку, прыўзняў зацікаўлены позірк выцвілых вачэй.

— Чаго цябе панясе туды? У копанцы ж рыбы хапае…

— Ды… Не дадуць мне тут… — нечакана прызнаўся Сяргей. — І многа мне рыбы трэба…

— Так… — дзед выпусціў цэлы клуб густога сіняга дыму. — На золку добра бярэ, на захадзе. Начаваць трэба будзе, каб на самы клёў патрапіць.

— Заначую, — упэўнена сказаў Сяргей.

— Ну, глядзі, — стары ўважліва агледзеў хлопца. — Крупы трэба ячныя, кроплю-другую алею. Вечарам падкарміць, ранкам толькі трошкі сыпнуць. І на крупы лавіць. І соль з сабой бяры.

— Няма ў мяне солі. І круп няма, — са скрухай адказаў Сяргей. — Можа, пазычыце? Я аддам.

— Пазычу. Бабе скажу — яна сыпне. Пачакай у садку. На Заікіным востраве лаві. На Заечы яшчэ можна прайсці, ён леваруч будзе. А далей і ўправа не сунься — багна, зацягне — загінеш.

У садок баба Адарка вынесла Сяргею вузельчык. Ён падзякаваў.

– І табе дзякуй за дапамогу. Заходзьце з Нэлай па яблыкі, і малака кубачак дзіцяці будзе, — запрасіла бабка.

У будане Сяргей вытрас з-за пазухі назбіраныя яблыкі, развязаў вузельчык.

Акрамя некалькіх жменяў круп у мяшэчку, пакета з соллю і невялікай бутэлечкі з алеем у вузельчыку было паўбохана хлеба і велікаваты кавалак сала.

— Жывём, Нэлка!

Сонца ўжо выразна хілілася да захаду. Трэба было яшчэ накапаць чарвякоў на заўтрашнюю рыбалку, але надта ж хацелася спаць: стаміўся і ад працы, і ад уражанняў. У будане быў прыемны халадок, і заснуў Сяргей адразу ж, нават не пачуў, як да яго прыціснулася Нэла, паклала голаў на яго плячо і заснула з лёгкай усмешкай дзіцяці.