Выбрать главу

Частка 6

Свята не атрымалася. І ўсё з-за Віцькавага носа — ён балеў, распух і самому здаваўся неверагодна вялікім. Такі нос маці не заўважыць не магла. А хлусіць Віцька чамусьці не стаў, хоць і змог бы — ці мала дзе можна ўпасці? Расказаў, як было.

— А Божа, мо пералом ёсць, — маці хацела памацаць нос, але Віцька рэзка падаўся назад.

— Ды ўсё нармальна!

— Ага, будзе табе нармальна! Колькі я табе казала — не чапляйся з гэтай бязбацькаўшчынай! Ад яго што хочаш чакаць можна!

— Вось-вось, — уставіў слова бацька. — Ад нашага сына, як аказваецца, таксама.

На момант за сталом усталявалася разгубленая цішыня.

Яны пілі чай на верандзе. Зрэзаныя ранкам ружы ўжо добра расправілі свае пялёсткі, кубачкі з кавай і чаем — на белых сурвэтках. І пячэнне ў Жэнькі ўдалося, і вечар быў ціхім і цёплым, і камары не дакучалі, а вось святочнага настрою не было. І ўсё з-за гэтага інтэрнацкага.

— Не зразумела тваіх слоў, — сказала маці бацьку пасля паўзы з лёгкім выклікам.

— А што тут разумець? — адставіў бацька кубачак, прыкрыў яго рукой, калі Жэнька хацела зноў яго напоўніць. — Дзякуй, дачушка, даўно так не адпачываў, на ружы любуючыся… А ад Віктара вось не чакаў, што ён удвух на аднаго пойдзе.

— А мы яго не чапалі…

— Дык ён жа першы пачаў! — запратэставала маці. — Мог і аднаго, і другога калекамі зрабіць. І тут яшчэ давядзецца мо здымак рабіць, а там ці доўга трэба — каб вудзільна вастрэйшым было, кішкі вон?..

— Чакай, — мякка перапыніў бацька маці, запытальна глянуў на Віцьку. — А вы што збіраліся з Зойчыным сынам зрабіць? Можа, парукацца? З яго сястры смяяцца сталі. А ты бачыў, як гэта дзіця, прывязанае да грушы, цэлымі днямі на двары сядзела? І толькі брат яе адвязаў…

— Ага! Ты яго яшчэ героем зрабі! Ваўчанё ён сапраўднае! — перабіла маці. — І калоніяй ён закончыць!

— Мажліва, і калоніяй. Толькі ты, сын, — бацька гаварыў, выдзяляючы кожнае слова, — памятай адну простую рэч: сіла апраўдваецца толькі ў двух выпадках. Першы — бароняць сваё жыццё. Другі — бароняць слабага. Трэцяга не дадзена.

— Дабро павінна быць з кулакамі — гэта я таксама помню, — загарэўся Віцька.

Яму было непрыемна напамінанне бацькі аб тым, што яны прапаноўвалі Нэлі станцаваць за цукерку, непрыемна, што бацька нейкім чынам зрабіў гэтага Сяргея амаль што высакародным, на галаву вышэйшым за яго, Віцьку.

— Ён злодзей! — дадаў ён з выклікам.

— Што ён у цябе ўкраў? — хутка спытаў бацька.

— У другіх! І яблыкі, і клубніцы, і яйкі курыныя. Уся вёска ад яго цярпела.

— Эх ты! — бацька ўстаў, перасеў на нізенькі зэдлік каля адчыненых дзвярэй веранды. — Казаў аднойчы Хрыстос: хто без граху, няхай першы кіне камень! Ты хіба да дзеда Васіля па ранеты не лазіў? Што ж ты сябе злодзеем не лічыш?

— То ранеты, — разгубіўся Віцька, не разумеючы, чаго бацька так бароніць гэтага Сяргея? Сапраўды ж ён ваўчанё. Як з ім пасябруеш, калі толькі з-пад ілба зіркае? Дзікі, адно слова.

— А якая разніца, што красці? — бацька прыпаліў цыгарэту, выдыхнуў дым на вуліцу. — У крымінальным кодэксе так запісана: крадзеж — гэта тайнае завалодванне чужой маёмасцю… Вось так. І яблык з чужой яблыні, і яйкі з-пад чужой курыцы — чужая маёмасць.

— Ну, тата, то ж і ты злачынец які, — прытворна пляснула ў далоні Жэнька. — Ты ж нам расказваў, як маладым з саду аднаногага Піліпа яблыкі цягаў!

Бацька ўсміхнуўся.

— Я не таму. Вядома, то не злачынства — яблыкі з саду. Але ў тым справа, што калі сам так робіш, як і другі, то і знак роўнасці між сабой стаў, калі ўзяўся характарыстыкі даваць.

— От, нагаварыў бочку арыштантаў, — адмахнулася маці. — Што злодзей Зойчын сын, то злодзей. І ты яго не барані. Глянь вунь, які нос у сына.

— Зажыве нос, — спакойна адказаў бацька, гледзячы ў цемру надворка, і дадаў задуменна, са скрухай: — Не хацеў бы я пабачыць вас на яго месцы…

Жэнька стала прыбіраць са стала. Маці падышла да Віцькі, у каторы раз уважліва агледзела яго твар. На гэты раз Віцька не стаў адварочвацца, калі маці кранулася яго носа, асцярожна паціскала.

— Не баліць тут?

— Не, тут не баліць.

Віцьку захацелася жаласці да сябе, ён гатовы быў заплакаць ад крыўды: столькі ён сам сілаў патраціў, каб зрабіць сабе добрую мясціну для рыбалкі, колькі круп пераводзіў на падкормку — і цяпер аддаць гэта месца нейкаму прыблуднаму? І бацька… Чаму ён супраць яго?

— Што заўтра ў цябе за планы? — ласкава спытала маці, уздымаючы віхор валасоў на Віцькавай галаве. — У мяне заўтра і паслязаўтра вольныя дні.