Выбрать главу

— Ты ў пяць мяне разбудзі, — папрасіў Віцька. — На рыбу з Эдзікам пойдзем, я сёння падкормліваў вечарам. А потым мы будзем рыхтавацца да паходу ў лес.

— Чаго? — здзівілася маці. — Ні ягад яшчэ, ні грыбоў.

— Мы на птушак паляваць пойдзем. Будзем чучалы рабіць. Бо колькі чучал у кабінет біялогіі трэба, а то там адна сава аблезлая.

— Ого! Задумалі справу… Чыя гэта ідэя? — зацікавілася маці.

— Эдзіка Настусінага, — адказаў за Віцьку бацька, і Віцька здзіўлена спытаў:

— А ты адкуль ведаеш?

— Я не ведаю, я здагадваюся. — бацька патушыў недакурак у попельніцы, знарок крэкчучы, узняўся з зэдліка. — А вохцішкі мне! Ну, я пайшоў спаць. Яшчэ раз дзякуй за вячэру.

Жэнька выцерла ўжо прыбраны ад посуду стол, нечакана для маці і Віцькі, нібы сама сабе, сказала:

— Дрэнь твой Эдзік.

— Што? — узвіўся Віцька. — Ты ж яму лісты пісала…

— Вось таму і ведаю, — адрэзала Жэнька і, не жадаючы больш гаварыць, пайшла ў хату.

— О, Божухна, — уздыхнула маці. — І што на вас находзіць…

Не ўдалася вячэра, не ўдалося свята! І ўсё з-за таго інтэрнацкага… Віцька варочаўся ў ложку, хочучы хутчэй заснуць, каб хутчэй прачнуцца. Не зусім на рыбалку збіраліся яны з Эдзікам у такую рань. Дамовіліся добра разабрацца з гэтым інтэрнацкім. Ён дакладна прыйдзе заўтра на тое месца…

Частка 7

Сяргей выцягваў ужо сёмага вялікага, ззяючага ў першых промнях сонца золатам карася. «Хопіць, здаецца,» — ён узважыў у руцэ мяшэчак з рыбай. З кілаграмы два будзе.

І вырашыў закінуць яшчэ раз. Апошні.

Ён бы не пайшоў сёння на гэту копанку пасля ўчарашняй сутычкі, але яму неабходна было налавіць сёння вось такіх вялікіх карасёў, увогуле многа рыбы. Бо на астравы без хлеба не пойдзеш. Таму і прачнуўся, бы ад штуршка — «трэба». Быў яшчэ досвітак. Нэла салодка спала. Ён прыкрыў яе — ранак быў золкі. Узяў вуду, жменю круп, адвараных учора звечара на вогнішчы каля будана.

Пільна паглядваў на паплавок і адначасова прыслухоўваўся. Ведаў, не даруюць яму ўчарашняга гэтыя вяскоўцы і калі не сёння (сёння то наўрад), то заўтра будуць яго тут пільнаваць. Ну, заўтра яго тут не будзе. Яму б сёння цэлым застацца. Што дрэнна — з гэтага месца кустоўе закрывае вёску, не відаць, ідзе хто да копанкі ці не.

Паплавок з гусінага пяра ўздрыгнуў, не, нават толькі варухнуўся. І тут жа пакрысе стаў уздымацца над вадой — вышэй, вышэй… А потым зваліўся і лёг сабе на ваду, нерухомы, звялы.

— Цягні!

Крык раздаўся, здавалася, над самым вухам. Гэта быў не крык сябра, заклапочанага, перажываючага за цябе, каб ты ў час падсек, — гэта быў крык з’едлівы, насмешлівы, крык, каб спужаць, каб, наадварот, сарвалася вялікая рыбіна.

Яна і сарвалася — вялікая рыбіна, узляцела ўслед за рыўком над вадой, паказала свой бліскучы мокры бок і звонка плюхнулася назад у ваду, пэўна ж, ашалелая ад таго, што з ёй здарылася. Усё гэта Сяргей бачыў толькі краем вока, бо імгненна крутнуўся на гэты крык, адначасова тузаючы вуду, падпарадкаваны гэтым гіпнатызуючым крыкам «Цягні!»

Эдзік стаяў злева, усміхаўся, толькі ўсмешка яго была хіжая, драпежная ўсмешка, а вочы — як у ката, які прыціснуў лапай мыш — не да смерці, а так, каб толькі не ўцякла.

Віцька — у двух кроках ад Эдзіка, справа. Ён не ўсміхаўся. У вачах гарэла злосць, нічым не прыкрытая, сапраўдная злосць. Сінюшныя плямы пад вачыма, якія распаўзаліся ад крыху прыпухлага носа, надавалі яго твару страшнаваты выгляд.

Сяргей зразумеў, што марудзіць нельга, нельга разважаць. Ён ірвануўся, як падказвала яму інтуіцыя не ўбок ад сваіх ворагаў, а паміж імі. Але Эдзік, калі ішлі да копанкі, і гэты варыянт Віцьку растлумачыў. Ён увогуле ўсё, так мовіць, прапрацаваў, рыхтаваўся, як да сапраўднага палявання. Хто і куды будзе біць ці падстаўляць нагу ў залежнасці ад таго, куды пабяжыць Сяргей — усё ён размеркаваў…

Сяргей ірвануўся — і імгненна ў вачах успыхнулі сотні белых зорачак. Болю ён не адчуў, толькі тупы ўдар у твар прыпыніў яго рывок. Гэта Эдзік дзейнічаў па плану: рывок Сяргей між імі, то ён з правай б’е яму ў твар. Потым — Віцька з левай — пад дых. Сяргей хакнуў, ён не быў гатовы і да гэтага ўдару. Віцька, што называецца, прабіў прэс — паветра адным рыўком вылецела з грудзей Сяргея, а ўздыхнуць не было магчымасці. Сяргею б момант які, ён то ведаў, што трэба не хапаць паветра, калі ўдарылі пад дых, а наадварот — выдыхваць апошняе і толькі па ледзь-ледзь заглытваць свежае. Ён сагнуўся, спадзеючыся, што яму дадуць хоць колькі секунд. Але наступны ўдар абрушыўся на шыю — зноў па плану, біў Эдзік.