Выбрать главу

Сяргей упаў на калені.

На гэтым раней абгавораны план закончыўся.

«Нам бы яго толькі зваліць з ног,» — казаў Эдзік.

Звалілі. І далей не па плану — Эдзік коратка размахнуўся, ударыў нагой, абутай у мокры і мяккі ад расы красовак. Ударыў у твар.

Сяргей зноў не адчуў болю. А можа, калі рыхтуешся да болю, то болю і не адчуваеш? Толькі галава матлянулася ўверх і ўлева, а з носа на грудзі пабеглі цёплыя ручайкі.

— На яшчэ! — крыкнуў Эдзік, і красовак на гэты раз балюча, вельмі балюча тыцнуўся ў жывот.

Ужо не белыя зорачкі, а чырвоная пляма ўспыхнула перад вачыма, потым залезла ў жывот і неміласэрна стала пячы там, прымусіла сціснуцца, сабрацца, скруціцца, і не было ні берага, ні хлопцаў гэтых, ні рыбы — была гэта вогненная чырвоная пляма ў жываце, якая распаўзалася па ўсім целе.

— Га! З’еў! — зноў закрычаў Эдзік. — Ты каго, дзярмо інтэрнацкае, стукнуў? А?

Ён стаў абходзіць Сяргея, які скурчыўся, схаваў жывот, выстаўленымі локцямі прыкрыў твар.

— Хопіць з яго, — хацеў прыпыніць Віцька Эдзіка.

Злосць у яго прайшла, нешта вельмі непрыемна было глядзець на ляжачага Сяргея.

— Яшчэ дабавім, — Эдзік злаўчыўся, стукнуў нагой, імкнучыся праз складзеныя локці дастаць твар Сяргея.

— Ды не бі ты нагамі, — паморшчыўся Віцька.

— Што, у вас тут чэсныя бойкі, га? — пакпіў Эдзік. — Адзін на адзін, га?

І ў гэты момант ранішнюю цішыню разрэзаў тонкі адчайны крык, крык страху і болю. Так магло крычаць толькі дзіця, даведзенае нечым да жудасці, смяротна напалоханае.

Да іх бегла Нэла.

Бегла і крычала, крычала і бегла.

І Віцька, і Эдзік уздрыгнулі, у нейкі момант ім абодвум падалося, што яны зрабілі нешта непапраўнае, забілі насмерць, а гэтае нямко ўжо аплаквае свайго брата.

Страшна крычала Нэла.

— Пайшлі! Бяжым — раскажа! — раптам ірвануўся ўбок Эдзік.

І яны пабеглі, забыўшыся, што Нэла нікому нічога расказаць не зможа і што ўвогуле некаму расказваць — хто будзе заступацца за Сяргея? Не прымак жа…

— Трасца яго ведае, — прыпыняючыся, загаварыў Эдзік, калі адбеглі далекавата па беразе. — У мяне ж, блін, удар ведаеш які! Я яму, здаецца, і нос, і сківіцу набок звярнуў. А ён, можа, сволач яшчэ тая, пойдзе да ўчастковага… Чорт, трэба было мне ўчора бабцы расказаць і жывот ёй паказаць… Нічога, ты ж пацвердзіш, што ён першы ўдарыў, хоць мы яго не чапалі, так? Ды і гэты Віталь усё бачыў…

Віцьку нечакана стала прыкра ад асэнсавання таго, што Эдзік напужаўся. Хай сабе і трошкі, але ж напужаўся…

— А добра ты яму, пад дых! — раптам загаварыў Эдзік, прыцмокваючы. — Усё па планчыку: раз — у морду, два — пад дых, тры — па карку! Як у кіно атрымалася, клас!

Прыкрасць ад гэтых слоў захліснула Віцьку: ён разумеў, што цяпер ужо Эдзік яго, Віцьку, робіць галоўным катам у гэтым збіванні. Але змаўчаў, бо сказаць нешта супраць Эдзіка не змог. Яны ж былі заадно…

Дзяўчынка больш не крычала. Яны выглянулі з-за куста — Сяргей і Нэла ішлі сцяжынкай у вёску, Сяргей нёс вуду і мяшэчак з рыбай у адной руцэ, за другую трымалася Нэла.

— Чорт, дагонім давай, з гэтай равулай не ўцячэ, рыбу адбяром! — усхапіўся Эдзік. — Глядзі, колькі налавіў! І вуду паламаем!

— Ат, няхай нясе, — неахвотна адказаў Віцька. — Гэта яго апошняя тут рыба.

Сказаў, але ўпэўненасці ў сваім голасе не адчуў. Нешта не радасна было ад іх перамогі. Зусім не радасна…

…Нэла яшчэ ціхенька ўсхліпвала. Сяргей стараўся гаварыць спакойна, хоць трэсліся яшчэ рукі, а ў жываце тая пляма не знікла, толькі сабралася ў чорны тугі камяк. Быццам гарачы камень хто паклаў у сярэдзіну жывата, і ён пры кожным кроку пракатваўся, абпальваў сабой усё ўнутры.

— Супакойся, не плач. І не трэба табе было бегчы. Чаго ты так рана прачнулася? Спужалася, што я некуды паехаў? Не, я нікуды не паеду, не перажывай. Я з табой буду. Вось выганю таго зэка, адвучым з табой маці гарэлку піць, будзем начаваць у хаце… А ты вось пабегла, сукенку намачыла ў расе, а пераапрануцца няма ў што… Нічога, зараз мы з табой да магазіна пойдзем, булку белую купім, сходзім да бабы Адаркі, яна табе кубачак малака налье, паясі… Хочаш белай булкі з малаком?

Нэла перастала ўсхліпваць, шмыгнула носам, зазірнула ў вочы Сяргею і кіўнула галавой. І ўсміхнулася — асцярожна ўсміхнулася і тут жа азірнулася на копанку — ці не гоняцца за імі, ці не паўторыцца тое жудаснае: яе брацік ляжыць на зямлі, а яго б’юць нагамі, і з носа ў яго цячэ густая ярка-чырвоная цёплая кроў…

Частка 8

На надворку нікога не было. Сяргей не бачыў маці і прымака ўвесь учарашні дзень, не будзілі яго крыкі ці які бразгат і ноччу. Таму ён вырашыў, што і цяпер у хаце нікога няма.