Так і аказалася. Хата сустрэла яго ўсё тым жа кіслым пахам, і ён не ўтрымаўся — хапіўся за начоўкі, выцягнуў іх з сянец на надворак, адцягнуў далей і перакуліў. Брудная, смярдзючая вада выплюхнулася разам з асклізлай мокрай вопраткай, якая сплялася ў адзін брудна-шэры камяк.
У сенцах была невялікая кладоўка. Амаль пустая — толькі два вялікія чыгуны, паўвядзёрныя алюмініевыя каструлі, яшчэ нейкі посуд, старыя боты на падлозе. У куце стаяў адзін трохлітровы слоік — брудны і з нейкім брудам на дне. Край слоіка быў вышчарблены.
Больш нідзе ні аднаго слоіка Сяргей не знайшоў.
«Прапілі», — невясёлая здагадка адказала на пытанне, чаму гэты слоік застаўся — гэты быў шчарбаты.
Кавалак гаспадарчага мыла знайшоў на вузкім падаконніку ў сенцах, падняў з падлогі анучу, якая яшчэ была не зусім чорнай.
З анучай, мылам і слоікам пайшоў да калодзежа. Выцягнуў вады, спачатку апаласнуў двойчы прыцягнутыя сюды ночвы, потым цёр мылам, мыў саму анучу. Мыльную ваду наліў у слоік — няхай адмакае.
І, магчыма, вада ў ночвах нагадала яму ранішнюю копанку і ўсё, што там здарылася. Нечакана слёзы самі закапалі з яго апухлых ужо вачэй — крыўда проста здушыла за горла, аж выць захацелася ад бездапаможнасці.
«Гады, сволачы! Пачакайце, я разбяруся, я з вамі з кожным паасобку разбяруся!» — думкі пра адплату тлумілі розум.
Ён жа многае можа зрабіць!
Віцька ў вёсцы жыве — і выдатна, хлеў падпаліць можна, каб ведалі! А таму гарадскому так твар распісаць кавалкам шкла, каб на ўсё жыццё засталося… І не шкліну ўзяць, а бутэльку — разбіць і трымаць за рыльца… Але недзе ў галаве жыла і другая думка — тая самая клятва самому сабе, што даў ён за месяц да сваіх канікулаў, што нараджалася пакутліва, выспявала пакрысе і стала яго праграмай дзеяння: не плач, не бойся, не прасі. І яшчэ дадатак — не крадзі. Бо ўпэўніўся Сяргей, а правільней — упэўніў яго апошні судовы працэс, на які ён сведкам трапіў, а ягоны сябар — на лаве падсудных сядзеў. Будзеш красці — будзеш сядзець у турме. Спачатку калонія, вядома, а розніцы ж няма, усё адно за кратамі. А Сяргею за краты нельга — у яго ёсць Нэла.
І яшчэ… Яшчэ ён помніў словы сваёй маладой выхавацелькі: «Яны там у вёсцы лічаць цябе дрэнным, бо ты крадзеш. Вось паспрабуй не ўкрасці. Змяніся сам — і паглядзі, ці зменіцца свет…»
Свет пакуль не мяняецца. Сяргей застаецца амаль ізгоем…
…Добра, што была такая праграма — лягчэй з ёй перанесці ўсё, але так слаба верыцца вось цяпер у тыя словы, што сам паўтарае Нэле: «Усё ў нас атрымаецца». Як тут атрымаецца, калі ён адзін з Нэлай, а супраць яго ўсе: і п’яная маці, і гэты зэк, і вясковыя бабулькі, і нават хлопцы-аднагодкі… Чаму так? Чаму некаму сёння лёгка і проста жыць, чаму ў некага многа сяброў, ёсць утульны дом, маці і бацька, брат і сябар? У некага сёння згатаваны абед, яму не трэба думаць аб тым, чым пакарміць малую сястрычку… Чаму Сяргей гэтага пазбаўлены? Чаму яго ворагам сваім ўсе лічаць? Яблыкі і клубніцы раней краў? Дык жа есці хацеў! Дык жа Нэла ад голаду плакала!
Слёзы каціліся з вачэй, Сяргей літаральна навобмацак мыў слоік, цёр і цёр слізкае шкло…
— Вось мой сыночак чым заняты, — пачулася ад веснічак.
Сяргей імкліва адным і другім рукавом выцер вочы, паморшчыўся ад болю, адчуўшы адначасова, наколькі распух ужо твар, асабліва з левага боку. З вядра плюхнуў на твар халоднай вадой, яшчэ і яшчэ раз…
Маці злёгку вагалася ўзад-уперад, твар яе быў расцягнуты ў непрыемнай дурнаватай усмешцы. Вочы чырвоныя.
— Гаспадарыш, гаспадарыш… от, я паесці вам прынесла, — працягнула яна руку наперад.
У руцэ яе была бляшанка кансерваў, ужо адкрытая, з кансервы цягнуліся жоўта-чырвоныя тлустыя пісягі, і рука маці была ў гэтым чырвоным тлушчы.
— А хлеба няма! З’елі ўвесь хлеб, — маці раптам загаварыла са злой крыўдай: — Сволачы, я хавала дзецям хлеба, а яны з’елі!
Яна павярнулася назад, прыгразіла некаму кулаком.
— На, Сярожка, на, хто ж вас, сіротаў, акрамя мяне накорміць, — п’яна і няшчыра загаварыла яна, цягнучы руку наперад.
— У нас ёсць хлеб, — сказаў Сяргей, узяў бляшанку і хутка пайшоў у садок.
Там Сяргей адкрыў бляшанку — у ёй было крыху больш за палову кашы з кілек і таматнай пасты, працягнуў Нэле.
— Трымай.
Сам палез у будан, адшукаў свой рукзак, дастаў хлеб, адламаў добры кавалак. І гэты кавалак паламаў на некалькі, паклаў перад Нэлай.
— Мачай хлеб, чапляй рыбу і еш.
Маці падышла, нязграбна апусцілася ля Нэлы, паглядзела на будан.
— От, якую будку займелі! А я думаю, дзе коўдра дзелася? Гіцлю таму морду падрапала, думала — прапіў сволач, без мяне прапіў…