Нэла ела, насцярожана сочачы за маці, ела хутка, ледзь не давячыся, амаль не жуючы.
— Еш… — хацеў было прыкрыкнуць Сяргей, дадаўшы «спакойна», як адразу ўспомніў дзеда Васіля і яго пытанне: «А Нэле ці не ўсё адно, хто загадвае?». Пракаўтнуў словы, асцярожна пагладзіў дзяўчынку па галаве, лагодна прагаварыў: — Не спяшайся, не трэба. Ніхто ў цябе не адбярэ, я не дам нікому.
Нэла пачала есці павольней, з насцярогай сочачы за маці.
— Ага, ніхто не адбярэ, — прамармытала маці. — У цябе абаронца ёсць, сам у каго хочаш адбярэ. Ага, адбярэ і Нэле прынясе… Еш, еш… — яна раптам зашмыгала носам, дзве слязіны выкацілася з чырвоных вачэй. — А дзетачкі мае, а сіротачкі мае! — загаласіла працяжна, з падвываннем, як па нябожчыку. — А ці ж я ведала, ці ж я хацела…
Яна ўзнялася, упіраючыся рукамі ў зямлю, і пайшла з садка. У хату заходзіць не стала — адразу з надворка павярнула на вуліцу, п’яна хістаючыся, нешта плаксіва мармычучы сама сабе.
Сяргей правёў яе позіркам.
І пайшоў дамываць слоік.
Яго апанавала незразумелая злосць, рукі неспадзявана адчулі незвычайную моц, якая ірвалася на волю. Трэба нешта рабіць! Трэба нешта рабіць! Але што рабіць — Сяргей не ведаў. Адно вось пакуль было ў галаве: адмыць гэты слоік, прадаць ля магазіна рыбу, купіць хлеба… І ўся моц ягоных рук ішла на гэтае мыццё, так сціскаў слоік, так цёр яго, быццам было ў яго руках нешта страшэнна бруднае і жывое, якое адмыць толькі трэба — і тады ўсё зменіцца… Плёхаўся больш за паўгадзіны, пакуль шкло не стала рыпучым пад пальцамі і празрыстым.
Наліў чыстай вады і ў ночвы, і ў слоік. У ночвы выпусціў з мяшэчка рыбу. Тут карасі здаваліся намнога меншымі, чым там, на возеры. Нэла паела ўжо і цяпер лавіла рыбу рукамі, смешна жмурылася, калі які карась моцна плёскаў у яе руках і пырскі вады ляцелі на яе твар.
Сяргей і сам лавіў карасёў і апускаў іх у слоік. За шклом яны глядзеліся цяпер ужо ўвогуле вялікімі, запоўнілі сабой увесь слоік. «Вось гэта і трэба!» — радасна падумаў Сяргей, калі Нэла апусціла апошняга злоўленага ёй самой карася ў слоік.
— Ну, Нэла, як наш улоў? Купяць яго ў нас за добрыя грошы? Зараз пойдзем да магазіна…
Нэла ўзняла рукі і паказала некуды ў Сяргееў твар.
— Што, сіняк пад вокам і нос распух? Ну і што? — бадзёра, як і раней, адказаў Сяргей.
Але ў хату ён усё ж схадзіў. Вялікае люстра ў старой шафе насуперак усім п’яным бойкам засталося цэлым.
Адтуль, з люстра, на Сяргея глянуў худы падлетак у лінялых джынсах, басаногі. Сіняя майка з аднаго боку была запэцкана, на грудзях — дзве невялікія рудыя плямы. То кроў з носа трапіла.
Нос распух не вельмі. Затое адно вока амаль заплыло, сіняк быў вялікі, жоўта-сіні.
«Абы бачыла,» — адмахнуўся ад свайго адлюстравання Сяргей. З «ліхтарамі» хадзіць яму было не прывыкаць.
Людзей каля магазіна было шмат — чакалі машыну з хлебам. У бок Сяргея і Нэлы павярнуліся колькі старых жанчын, ціха шапталіся, ківалі галовамі. Хлопцы і дзяўчаты асаблівай увагі на яго не звярнулі, пакуль не дастаў з торбачкі свой слоік. Торбачку разаслаў на зямлі, недалёка ад увахода ў магазін, на торбачку паставіў слоік.
Некалькі малых адразу ж прыселі каля яго.
— Ух ты, я вось такога ў мінулым годзе злавіў, — казаў адзін, тыцкаючы пальцам у шкло слоіка.
— Твой меншы быў.
— Ага, большы! Хіба што мой быў белы, а гэты жоўты. Жоўтыя таўсцейшыя толькі.
У гэты час падышла машына з хлебам. Бабулькі падаліся шумна ў магазін — займаць чаргу.
Вадзіцель, малады хлопец, скочыў з падножкі, нешта весела мармычучы пад нос.
— Так, бабачкі-цётачкі-дзевачкі, праход мне вызвалілі, хлеб едзе!
Грымнуў дзвярыма будкі, доўгім прутком з загнутым канцом зачапіў латок з хлебам, і той паслухмяна выехаў з цёплага нутра будкі.
І цяпер вадзіцель зірнуў на Сяргея.
Сяргей не адвёў вачэй убок, хоць непрыемны халадок сціснуў жывот. Вадзіцель кінуў сваю жалезную палку, скочыў з ганку і, відаць, знарок гледзячы ўважліва на слоік з рыбай, стаў падыходзіць да Сяргея. Глядзеў на рыбу, а хапіўся, моцна сціснуў плячо Сяргея. І потым ужо ўзняў на яго вочы.
— Ну што, хлопец, помніш мяне?
Вакол іх ужо сабралася кальцо дзятвы, прыпыніліся старэйшыя.
— О, вадзіцель злодзея злавіў!
— Зойчын гэта?
— Ага, тым летам украў бохан хлеба з машыны. Уцёк быў.
— А тут, дурны, сам прыйшоў.
— Цяпер вушы надзяруць…
Сяргей чуў гэтыя галасы. Ведаў, што такое вось — сустрэча з вадзіцелем — можа быць, хоць спадзяваўся, што прывязе хлеб іншы. Ён узняў вочы на вадзіцеля.