— Жэня! Ідзі за стол.
Жэнька ўжо заскочыла ў свой пакой, потым імкліва выбегла з яго, прабегла праз сталовую на надворак.
— Еш, — сказала маці да Віцькі ціха, без усякага патрабавання ў голасе, ужо з просьбай.
Віцька пачаў сёрбаць халаднік. Пачуліся крокі над галавой — Жэнька нечага лазіла на гарышчы.
Хвілін праз пяць яна зноў подбегам заспяшалася ў свой пакой і выйшла адтуль з вялікай лялькай — ёй падарылі на яе 10-годдзе, і лялька так і стаяла ў пакоі на кніжнай паліцы, як сувенір. Жэнька ў лялькі не гуляла.
— Куды ты? — занепакоена запыталася маці.
— Па справах, — адказала Жэнька, прыпынілася. — Гэта ж мая лялька, так? Я магу з ёй рабіць, што хачу?
— Можаш, вядома, — паціснула плячыма маці. — А што збіраешся рабіць?
— А з тымі цацкамі, якія валяюцца ў нас на гарышчы, таксама можна, што хочаш, рабіць? — зноў запыталася Жэнька, як і не чула пытання маці.
— Можна…
— Тады я іх аддам таму, каму яны трэба!
Жэнька крутнулася, і праз акно Віцька бачыў, як яна ішла з надворка з вялікім цэлафанавым пакетам у адной руцэ і лялькай у другой.
Есці Віцьку расхацелася.
Ля будана Сяргей расчысціў старой рыдлёўкай невялікі кавалачак ад дзёрну, потым вядром нацягаў ад хаты дзеда Васіля пяску — там была яго невялікая горка.
— Вось, будзе табе месца, дзе гуляць, — задаволена сказаў Сяргей Нэле. — Будуй тут свае сакрэты, я табе пайду яшчэ цацак пашукаю.
У гэты час у садок зайшла Жэнька.
— Што трэба? — непрыязна сустрэў яе пытаннем Сяргей, стаў на сцяжынцы між ёй і буданом.
Жэнька першы раз бачыла ў гэтым годзе Сяргея, і яе крыху напужаў і грубаваты голас, і сам ён: насцярожаны, вочы глядзяць з-пад ілба, аднаго вока амаль не відаць з-за сіняка.
Жэньку Сяргей бачыў увогуле першы раз. Ну, мо і бачыў раней, але не ведаў, хто яна такая. Лялька ў яе руках давала магчымасць здагадацца, чаго яна сюды прыйшла, але…
— Я… я цацкі прынесла тваёй Нэле-Анжэле. І ляльку вось, — прыўзняла Жэнька пакет.
— У нас няма чым плаціць, — адказаў панура, але цвёрда Сяргей.
Дык я ж не прадаю, я так даю, — разгубілася Жэнька.
Ён што — не разумее, гэты хлопец, такіх простых рэчаў?
— Нам ад чужых нічога за так не трэба. Абыдземся без падачак.
Жэнька ніяк не чакала такіх слоў. І раптам яе разабрала злосць.
— Ты ідзі і зарабляй сабе на цукеркі! А Нэла зарабіць яшчэ не можа. І таму дзіцяці цацкі дораць і даюць, а не прадаюць, — выпаліла яна і рашуча, трымаючы пакет перад сабой, пайшла проста на Сяргея.
Той ад нечаканасці саступіў убок.
Жэнька падышла да будана, прысела каля дзяўчынкі.
— Цябе завуць Нэла, праўда?
Нэла маўчала, паглядваючы то на Жэньку, то на ляльку, то на Сяргея.
— Трымай! Будзе ў цябе сяброўка! — Жэнька працягнула ляльку Нэле, не чакаючы адказу.
Лялька была напалову росту малой. Заварожанымі вачанятамі глядзела яна на ляльку, узняла руку і ціхенька кранулася пальчыкам залацістых валасоў.
— Трымай, трымай, Нэла! Яна твая, — працягвала Жэнька ляльку, і ўпершыню за апошнія дні Нэла не стала чакаць дазволу Сяргея.
Асцярожна, нерашуча яна ўзяла ляльку і трымала на руках, зазіраючы ў штучныя блакітныя вочы.
– І вось табе яшчэ гуляцца, — высыпала Жэнька з пакета побач з буданом цацкі, якія сабрала на гарышчы: кубікі, кольцы, машынкі. — Гуляй.
Нэла, быццам баючыся, што ляльку забяруць, перадумаюць, адступала задам і раптоўна з імклівасцю звярка шмыгнула ў будан. Жэнька адно заўважыла, што з усяго адзення на Жэньцы толькі сукенка.
— А ты чаму, такая дарослая, без трусікаў ходзіш, — прысела яна перад буданам, зазірнула ўглыб.
— Не лезь не ў свае справы! — раздаўся над галавой злы голас.
Жэнька ўскочыла — побач стаяў Сяргей.
— Чаго ты крычыш? — паціснула плячыма Жэнька. — Дзяўчынкам трэба…
— Я ведаю, што трэба, — глуха сказаў Сяргей. — Прынесла цацкі — ідзі, нечага лезці да нас. Не прасілі.
Жэнька павярнулася ісці, прыпынілася.
— Чаму ты такі злы?
— Гэта цябе не тычыцца.
— Ну і… дурны, — нечакана для самой сябе закончыла Жэнька і сама спужалася: за такія словы можна што хочаш атрымаць, ды яшчэ ад гэтага, інтэрнацкага…
Але рэакцыя Сяргея здзівіла Жэньку: ён адвярнуўся ўбок і невыразна прамармытаў:
— Які ёсць, мая справа…
Жэнька пайшла.
Сяргей зазірнуў у будан.
— Ты дзе там?
Нэла выглянула з будана, агледзелася, вылезла і стала гушкаць сваю ляльку, цягнучы доўгае «а-а-а». І зноў Сяргея абдало: гэта быў другі гук з вуснаў Нэлы, выкліканы не болем і не страхам…