— Усё будзе добра! — паўтарыў ён каторы ўжо раз, лёгка пагладжваючы яе па галаве.
Частка 9
Вечарам на надворку пачуліся галасы — маці і прымака. Яны сварыліся. Потым да гэтых галасоў далучыўся яшчэ адзін, другі, трэці… Шум з хаты даносіўся ў садок да позняй ночы. І яшчэ даймалі камары — трэба будзе абавязкова прыдумаць што-небудзь, каб шчыльней закрываць уваход…
Прачнуліся позна. Нэла сама пабегла цераз агарод да бабы Адаркі і прынесла паўлітровы слоік малака. Снедалі гэтым малаком з батонам.
Напачатку Сяргей упраўляўся са сваёй гаспадаркай: знайшоў стары, але яшчэ не дзіравы чайнік, адно што ручкі ў ім не было, то ён зрабіў яе з дроту. Нацягаў кавалкаў цэглы (іх шмат валялася на надворку, што засталіся ад некалішняй будоўлі), прынёс ад дзеда Васіля яшчэ пяску і гліны (ну, усё на надворку дзеда ёсць патрэбнае!), памучыўся трохі — амаль што пячурка атрымалася. І два паўлітровыя слоікі вымыў, і лыжкі, што ўзяў у хаце, адцёр жвірам, аж блішчалі.
Аблазіў гарышча, хлеў, кладоўку. Збіраў, выбіраў з хламу тое, што можа спатрэбіцца. Яно толькі напачатку здаецца, што нічога не трэба, а час пройдзе — ніткі не будзе — ужо праблема.
У блізкі ад вёскі лясок, дзе расло кустоў колькі арэшніку, ён пайшоў адзін — Нэла захапілася гульнёй з лялькай: і спаць яе клала, і карміла, і вадзіла за сабой. І ўсё яна нешта гула ціха, чуваць было яе доўгае «а-а-а»…
Да чатырох гадзін Сяргей прынёс тры добрыя вудзільны, абадраў кару, паклаў на дах хлява на сонечны бок сушыцца. Нэла ўжо была зноў збегала да дзеда Васіля — прынесла яблык.
Паелі яблыкаў з хлебам і салам. І пайшлі за вёску.
…Луг стракаціць: белыя хусткі, квяцістыя сукенкі жанчын, яркія чырвоныя, зялёныя, жоўтыя, сінія купальнікі дзяўчат і маладзіц, загарэлыя спіны. Луг вялізны і цяпер не зялёны, а шараваты з гэтымі кропкамі людскіх постацей. Быццам на вялікі, роўны, падстрыжаны дыван нехта зверху пырснуў вадой, а кропелькі афарбаваліся ва ўсе колеры, разляцеліся па лузе ў выпадковых месцах. І не стаяць на месцы — варушацца, перасоўваюцца: туды, сюды. Здаецца, ну што тут могуць зрабіць гэтыя кропелькі з вялікім шаравата-зялёным дываном?
Але ж робяць!
Вось капашыліся яны тут увесь дзень, а к вечару раптам усе кінуліся ачышчаць гэты луг, зграбаць шэра-зялёнае сухое покрыва ў мноства валкоў, валкі зносіць у копы, і марудна, але няўмольна, метр за метрам ужо ачышчаецца луг зноў да чысцюткага зялёнага колеру, малады, падстрыжаны, як салдат-прызыўнік.
Першы ўкос — самае смачнае, самае пахучае сена. Даў Бог надвор’е — за два дні сонейка высушыла, ветрык выветрыў, то хутчэй убраць, захаваць… І к вечару якой толькі тэхнікі няма на лузе — тут і трактары з прычэпамі, і аўтамабілі, і самаробныя «агрэгаты» з самаробнымі ж прычэпамі, і мотакаляскі, і, вядома ж, конікі, а на калёсах — вяроўка, вілы, граблі і гладкае роўнае бярвенца — рубель, каб сена ўціснуць, каб даехаў пульхны, пругкі, высачэзны воз на гаспадарчы надворак.
Аркадзь трохі псіхаваў — не паспее. Як ні хапалася Галіна, яго жонка, як сам ці не подбегам ні закідваў сена з валка ў прычэп, разумеў — два рэйсы не атрымаецца, а ў адзін прычэп не ўлезе сена з дзялкі, хоць з Галяй грузі, хоць з мужчынам. Два разы ехаць трэба, а сена ж яшчэ скінуць ды ў хлеў унесці — не кінеш на надворку на ноч, вунь і сонца ў аблокі садзіцца, чакай дажджу, хоць ноччу, хоць пад ранне. Добра хоць свякруха узяла малых глядзець, Дашу ды Андрэйку, а вось яшчэ па гаспадарцы ўправіцца самім трэба. Таму хвілін праз дваццаць супакоіўся Аркадзь і стаў падаваць сена Галіне на прычэп павольней. Валок, у які Галіна загрэбла дзялку, быў бясконца доўгі.
— Карацей, не будзем ірвацца, — выцер Аркадзь пот з ілба. — Сёння не забяром, не паспеем. Прычэп нагрузім, потым астатняе ў копы складзём. Дасць Бог, не будзе дажджу, забяру заўтра.
Давай так, — пагадзілася на прычэпе жонка.
Яна, прыбегшы з фермы, грэблася тут гадзіны чатыры і не абедала яшчэ сёння. І цяпер, раскладваючы сена на прычэпе, аглядваючы зробленае ёй, адчувала тупы ныючы боль ва ўсім целе. Упасці б на гэта сена і ляжаць…
…Сяргей не баяўся, што ён не знойдзе дзялку Аркадзя — памятаў з мінулага года, які ў яго трактар, ды і самога Аркадзя помніў — невялікага росту, з дзіўнымі чорнымі-чорнымі густымі валасамі і чорнымі вусамі. Ды і Галіну, жонку Аркадзя, выглядзець не складана: гэткая дзябёлая цётка, грудзі ў яе вялікія, твар шырокі і нос бульбінай. І — усмешка на твары добрая і прыемная.
Сад у Аркадзя малады, вішань многа, а клубніц — плантацыя цэлая. Але ў гэты агарод Сяргей ніколі не лазіў. Не тое, каб баяўся надта (не без гэтага), а стрымлівала больш, што ў сям’і гадавалася двое дзяцей: старэйшая за Нэлу на гады два дзяўчынка і хлапчук, мо аднагодак Нэлы. І яшчэ таму ніколі не паквапіўся Сяргей на клубніцы Калюжаў (так па-вясковаму звалі сям’ю Аркадзя і Галіны), што колькі б разоў ні праходзіў Сяргей з Нэлай у мінулым годзе міма гэтай хаты, і цётка Галя, калі была ў садзе ці на надворку, заўсёды паспявала заўважыць іх і даць хоць жменьку клубніц ці вішань.