— Ну, вось пакуль рукі памыем і пасядзім, і пасаг тваёй Нэле збярэцца. Ідзём, — Аркадзь па-сяброўску хлопнуў Сяргея па плечуку, падштурхнуў.
Халаднік у місках, яечня ў патэльні, тонкія скрылікі сала з ружовымі пражылкамі, кружкі сушанай паляндвіцы, малако і хлеб.
І калі цётка Галіна ўжо паспела? Чуваць было, як яна ў другім пакоі, нешта прымерваючы на Нэлу, казала:
— Так, гэта табе малое, а гэта якраз будзе… Во, добра. Цяпер калготы выберам…
Свежае малако Нэла піла, апрануўшы калготы і кофтачку. Да сябе яна прыціскала невялікі вузельчык — «свой пасаг», як сказала цяпер і цётка Галя. Большы вузел цётка паклала на падлогу каля Сяргея.
— Тут паліто ёсць, трошкі велікаватае, праўда, куртачка, як дождж ці пахаладае, туфелькі, хоць падрапаныя, але цэлыя і сандалікі, каб босай не хадзіла.
Яна прысела за стол насупраць Сяргея, глянула з сумнай спагадай.
— П’е маці?
Сяргей уздрыгнуў. Ён і так адчуваў сябе ніякавата, не хацеў ён, каб нехта пытаўся ў яго пра маці, пра тое, што яны ядуць, дзе спяць, як праводзяць час. Але ў голасе цёткі было куды больш спагады і спачування, чым цікавасці. І хоць Сяргей не хацеў, каб яго шкадавалі, але вось цяпер, пасля работы, за сталом на ўтульнай, але чужой кухні, усведамляючы, што праз колькі хвілін яму вяртацца ў свой будан, а не класціся ў ложак, ён адчуў, што і ён, і Нэла пазбаўлены вельмі многага, і гэта многае варта шкадавання. І яшчэ ён адчуваў, што цётка Галя пытаецца не проста так. Здавалася, што з тых многіх вяскоўцаў, якія сустракаліся з Сяргеем і Нэлай, яна нейкім чынам ім бліжэй за ўсіх.
— Мы іх амаль не бачым. Ноччу гэтай шумелі.
— А дзе ж вы былі? — здзівіўся Аркадзь.
— Мы будан у садку зрабілі. Там і спім…
— Т-э-эк, — Аркадзь пакруціў галавой, палез па цыгарэты.
— Сябравалі мы з тваёй маці, — загаварыла цётка. — Ой, якімі сяброўкамі былі. І ў бацьку твайго, было, удваіх закахаліся, яшчэ дзесяцікласнікамі. Вой, маці твая прыгажуняй была, ну, а я… Мне вось гэта золата дасталася, — яна кіўнула на мужа.
— Чаму… Чаму мая маці п’е? — глуха запытаўся Сяргей.
Цётка Галя ўздыхнула.
— Каб ведалі адказ, то і п’яніц не было б. Як твой бацька загінуў, пачала яна выпіваць. Як пахавала твайго бацьку, цябе пакінула ў бабы, сама сышла на тыдзень. Думалі, ужо рукі на сябе дзе налажыла. У райцэнтры яе знайшлі. П’яную, малако ў грудзях перагарэла, захварэла. Тыдзень у бальніцы была… А прыйшла… Напачатку на тыдзень яе цвярозасці хапала, добра — баба, свякруха жывая была. Ды яна праз год памерла… А апошнія гады тры — няма прасвету.
— Навалач тую гнаць трэба было ёй! — ускрыкнуў Аркадзь.
— Цяпер ужо позна нешта казаць, — ціха прамовіла цётка.
— Ага, позна, — узвіўся раптам з-за стала Аркадзь, падбег да прыпечка, залапаў па паліцы, па сцяне. — Дзе тут запалкі?
Знайшоў запалкі, закурыў, зацягнуўся раз і другі.
— Позна і позна… То таго ідала позна ратаваць, а іх во? — ён нервова кіўнуў на Сяргея і Нэлу. — Позна? Гэта пры жывой маці і… — раптам стукнуў сябе ў грудзі, — і пры суседзях такіх харошых ідзе хлопец зарабляць адзёжкі для малой!
— Не крычы! — нервова адазвалася цётка. — Дзяцей напужаеш.
— Не бойся, Нэла ж дзядзьку не баіцца, праўда? — падміргнуў Аркадзь Нэле, а тая і праўда назірала за ўсім і слухала без страху на тварыку.
— От ты сяброўкай Зоі была, — зноў павысіў голас Аркадзь, стаў казаць з абвінавачваннем: — А ты сама не магла здагадацца, што трэба гэтаму дзіцяці? Не ведала, што Зойка…
— Мы пойдзем, — Сяргей узняўся з-за стала. — Не трэба з-за нас сварыцца. Я не маленькі. Мы галадаць не будзем. Нэла! — ён працягнуў руку.
— Чакай, чакай, — не мог астыць Аркадзь. — Ты хлопец разумны, але ж ты тут да восені. А далей, далей што?
— Я тут застануся. Працаваць пайду…
— Вучыцца табе трэба, заканчваць школу…
— Не трэба мне вучыцца. Я ўсё роўна… Мне навука не ідзе…
Сяргей падняў вузел, узяў Нэлу за руку.
— Дзякуй.
– І табе дзякуй, — Аркадзь падаў руку на развітанне, і Сяргей на гэты раз смела паціснуў шырокую далонь мужчыны.
— Значыць, пакуль мае вырастуць, я на цябе магу разлічваць у выпадку чаго, так? — прыжмурыўся хітравата Аркадзь.
— Разлічвайце, — кіўнуў Сяргей, і яны з Нэлай выйшлі з хаты.
Жонка Аркадзя з хвіліну маўчала, потым нерашуча сказала:
— А як скажуць, што ты хлопца за парабка трымаеш?
— А пайшлі яны ўсе!.. — Аркадзь раптам злосна, гучна мацюкнуўся. — Хлопца пабачаць! А меншую хто-небудзь бачыць? Ты бачыш?
Частка 10