Каменьчык зашыўся ў ігліцу. Эдзік бег за сарачанём, страляў яшчэ, яшчэ, пакуль каменьчык не трапіў у спіну птушаняці, прыбіў яго да зямлі.
— Гітлер капут! — радасна закрычаў Эдзік. — І зблізку, паднёсшы рагатку да самага ўздрыгваючага бела-чорнага цельца, расцягнуў з усяе моцы гуму і стрэліў.
— Во даў! Віцька! Я яму мазгі выбіў, а камень у чэрапе засеў! — зарагатаў у захапленні Эдзік. — Кідай яшчэ адно!
— Дудкі! — гукнуў Віцька. — Я буду кідаць, а ты — страляць? Я таксама пастраляць хачу.
— Ну, добра, я не буду больш страляць. Кідай!
— Не, я з сабой вазьму. Тут усяго трое засталося, — адказаў Віцька, выцягваючы чарговае птушаня, якое раптам усчало рэзкі, непрыемны крык. Сарока зверху застракатала, бы загаласіла, нябачная, пагрозліва блізкая.
Трэцяе птушаня, якое Віцька клаў за пазуху, балюча клюнула яго ў палец, пабліскваючы чорным, бліскучым вочкам.
— Ну, ты, халера, за гэта адкажаш, — прыгразіў Віцька, моцна сціснуўшы птушаня. Так моцна, што адчуў, як пад пальцамі рукі затрымцела хуткімі-хуткімі ўдарамі сэрца птушкі.
— Слухай, а сэрца б’ецца, бы маторчык працуе, — Віцька злез з хвоі, прытрымліваючы рукой птушанят за пазухай. — Жывот падрапалі. Так, першы пайшоў, ты мяне клюнуў! — Віцька выцягнуў птушаня, кінуў на зямлю.
Птушка нечакана падскокнула, адчайна забіла крыламі, і яны ўзнялі яе цела на метр, вышэй, вышэй. Сарачанё паляцела, ці то з перапуду, ці то ад радасці, голасна закрычаўшы.
У наступнае імгненне яно стукнулася прама ў ствол дрэва, аглушанае, упала на ігліцу.
— Агонь! — залемантаваў Эдзік.
Стралялі здалёк, потым зблізку, а сарачанё бегала, падскокваючы, сярод тоўстых камлёў, спатыкалася, кулялася цераз галаву і крычала, крычала, крычала…
Ад трапнага пападання каменьчыкам у галаву яно крыкнула коратка і хрыпла, застыла і павольна выцягнулася, раскінуўшы шырока крыльцы, стала нечым падобнае на чорна-белы крыж на рудой ігліцы. Страпянулася яшчэ раз і заціхла.
— Другі гатоў! — адрапартаваў некаму Эдзік. — Пускай трэцяе!
— Не, не хачу, — заўпарціўся Віцька, не зводзячы позірку з распластанага на зямлі мёртвага птушаняці. — Я аднаго з сабой вазьму, будзе ў мяне жыць. Я чытаў, што сарокі добра прыручаюцца. А з другога ж ты збіраўся чучала рабіць, яго ж неяк па-другому забіваць трэба…
— Ну добра, — з неахвотай згадзіўся Эдзік. — Давай таго, што на чучала.
Ён узяў працягнутае птушаня, распрастаў яму крыльцы і, крутнуўшы, перакінуў, быццам нейкую анучу, сарачанё дагары. Яно ўцягвала галаву ў плечы, але хутка цяжкая дзюба пацягнула галаву ўніз, шыйка выцягнулася. Сарачанё вісела, бы нежывое, на расцягнутых крыльцах, толькі кропелькі вачэй блішчалі, але і на іх напаўзала брудна-белая плеўка.
— Нічога не будзе! — голасам знаўцы заявіў Эдзік, аглядаючы птушку. — Бачыш, пад крыламі пер’я няма, скура ў пухірах. Маладая яшчэ. Ну і халера яго бяры, тое чучала. Спірту ўсё роўна няма, а гарэлкай добра не прадэзінфіцыруеш. Адно памучышся са скуркай. Давай на сук во пасадзім яго і з дваццаці крокаў — хто першы пападзе, га?
Віцька паціснуў плячыма. За пазухай у яго казытліва паварушылася птушаня.
— Мо адпусціць?
— Каго? Сароку? Такога драпежніка? Ды мы, ведаеш, колькі гнёздаў карысных птушачак выратуем, калі гэту шэльму расстраляем?
— Ну, давай… — згадзіўся Віцька.
Эдзік зноў крутнуў сарачанё ў сваіх руках.
— Той вунь сук добры. А ў мяне нітка ёсць, прывяжам за нагу, каб не ўцякло. Цір будзе!
— Казаў, чучала рабіць будзем, смажаніна будзе… — разнюніўся нечага Віцька.
— Ну, сароку есці я не буду. То ж не сойка, тая птушка чыстая, арэхі есць, а гэтая і падлу цягае. Цьфу! — грэбліва пакрывіўся Эдзік. — У цябе дома кураняты ёсць, а сарока за год 25 куранят крадзе. Во!
— Дзе яна іх крадзе?
— Па вёсках. За сто кіламетраў лятае.
— Хлусіш, — не паверыў Віцька, а Эдзік тым часам ужо вязаў да лапкі птушкі тоўстую нітку.
Праз хвіліну сарачанё сядзела на суку, не варушылася, бы чучала.
Эдзік адлічыў дваццаць крокаў ад сука ў бок Віцькі.
— Во, лінія агню тут, — ён наском кеда разварушыў ігліцу, адкрыўшы чорную тлустую зямлю. — Страляй першы!
Віцька не спяшаўся. Доўга прыцэльваўся, нарэшце стрэліў. Каменьчык праляцеў побач з сарачанём, якое сцялося ўсё, нават доўгую дзюбу схавала недзе на грудзях, прыпала да сука, быццам хацела зрасціся з дрэвам.
Другі, трэці, чацвёрты стрэл — усё міма. Сарачанё бы нехта загаварыў, каменьчыкі цокалі ў сук, праляталі так блізка, што прыўздымалі пер’е птушаняці, а тое сядзела нерухома, бы нічога не адбывалася.