Выбрать главу

Нарэшце Віцька патрапіў — проста ў галаву. Нават гук быў такі незвычайны, што адразу здагадаешся — пацэліў каменьчык у жывое: «плясь». Ад гэтага гуку ў самога Віцькі нешта пляснула ўсярэдзіне. Ён амаль фізічна адчуў, што птушаня стала раптоўна мёртвым, што знікла невядома дзе жыццё. Не моцны гук, маленькі каменьчык, а вынік — аглушальны, беззваротны…

Птушаня кульнулася ўніз, бы нырнула, павісла на нітцы. На момант раскінуліся сутаргава крылы, распушыўся маладым пер’ем хвост. А потым усё апала, сарачанё ператварылася ў шматок нерухомага пер’я.

— У, гадзіна, здохла хутка, — вылаяўся-пашкадаваў Эдзік і выпусціў яшчэ каменьчык з рагаткі ў бок птушаняці.

Трапіў, мёртвая птушка завагалася на нітцы.

— От, трэба было адразу яго падвесіць! — ляпнуў сябе па ілбе Эдзік. — Яно б трапяталася, вагалася, цікавей было б біць па такой мішэні.

– І так добра, — кісла махнуў рукой Віцька. — Пайшлі ўжо дахаты.

— Чаго ты зазбіраўся? Давай яшчэ паблукаем, мо на сойку патрапім. Ведаеш, якое ў яе пер’е прыгожае? Такое чучала будзе!

— Ты ж казаў, што спірту няма, не атрымаецца. Пайшлі, мне трэба свайму сарачаняці клетку зрабіць да вечара, — стаяў на сваім Віцька.

— Свайму, свайму! Чаго ты яго прысвоіў? Я сарок пачуў!

— А я за імі лазіў! І ты свайго, першага, застрэліў. Гэта мой! — рашуча стаяў на сваім Віцька, і Эдзік уступіў:

— Ну, добра, пайшлі, дай толькі хлеба з агурком, апетыт пасля палявання разгуляўся…

Калі выйшлі з лесу і зарослая амаль палоска дарогі пабегла напрасткі праз луг да сінеючай далёка адсюль вёскі, Эдзік пачаў разважліва:

— Калі па-сапраўднаму, па справядлівасці, па-сяброўску, то ты мне павінен гэтае сарачанё аддаць. Так, я сваё застрэліў, потым мы яшчэ па аднаму. Гэта тваё, што нясеш. А вось рагатка з чые гумы зроблена? Ведаеш, колькі я грошай за гэты бінт аддаў? Ого! А табе не пашкадаваў, рэзаў ты, колькі хацеў. І яшчэ адрэзаць дам, мне не шкада. А ты вось жмінда…

— Чаму гэта я жмінда?

— Бо нічога мне за гуму не даў. Я то не пытаў, думаў, ты сам здагадаешся. Паложана ў паляўнічых на першым паляванні аддзякаваць таму, хто нешта паляўнічаму даў. Ну, мо ён порах пазычаў ці стрэльбу… То павінен нешта прынесці… А потым, слухай, Віцька, сарачанё ў цябе вырасце, яно ж ва ўсёй вёсцы куранят падушыць і да цябе прынясе. Уяўляеш, што будзе! А я б у горад яго завёз, там курэй няма. А на канікулах бы прывозіў… Аддасі сарачанё? Ну, сябар ты мне ці не?

— На! — Віцька прыпыніўся, дастаў з-за пазухі птушаня. — Мне не шкада, толькі не забівай. Хай гэтае жыве.

— Хай жыве! — Эдзік схапіў сарачанё, яно устрапянулася і ушчыкнула чорнай дзюбкай скуру рукі. — Кусаешся? Я назаву цябе «Кусака», будзеш у мяне на ланцугу сядзець… А сарок можна гаварыць навучыць, ведаеш, Віцька?

— Брэшаш, — абыякава адказаў Віцька. — Многа ты гаворыш.

— Сам брэшаш! — пакрыўдзіўся Эдзік. — Я навучу…

Птушаня Эдзік нёс у руках, ён ішоў крыху ззаду Віцькі. Сарачанё раптам голасна закрычала. Віцька азірнуўся, птушаня адчайна білася ў руках яго сябра.

— Чаго яно?

— Чорт яго ведае! Ціха ты! — Эдзік моцна пстрыкнуў па галаве птушаняці, тое смешна закруціла галавой, але сціхла. — Гэта яно адчула, што ў лес не вернецца, развітваецца з гняздом. «Кусака», у горадзе жыць будзеш, там цікавей.

— А чым ты яго карміць будзеш?

— Яны ўсёядныя, што ні дай, праглынуць. Чаго яно трапечацца, бы здурэла? — Эдзік перавярнуў сарачаня на спіну і прысвіснуў: — У яго лапа зламана! Здохне.

— Як зламана? Цэлыя былі лапкі… — Віцька пакратаў на самай справе пераламаную проста папалам тоненькую чорную лапку. — Ты зламаў? — спытаў са скрухай у Эдзіка.

— Дурань, навошта мне ламаць? Гэта во як затрапяталася, то паламала…само…

Нейкі час ішлі моўчкі.

— Здохне сарачанё! — як бы з жалем загаварыў Эдзік. — Абавязкова здохне. Гангрэна пойдзе, будзе зажыва гнісці. Мучыцца будзе птушка.

Віцька маўчаў.

— Трэба зжаліцца над жывым, — прадоўжыў Эдзік. — Лепш адразу памерці, чым мучыцца. Ты як лічыш?

— Забівай, я ж табе яго аддаў, — панура адмахнуўся Віцька.

— Ну, калі ты вырашыў забіваць, то я прывяду прысуд у выкананне!

Эдзік апусціў сарачанё на дарогу.

Яно павалілася напачатку набок, але потым устала, на адну здаровую лапку і на кароткі тоненькі стрыжанёк другой. Да гэтага стрыжанька неяк збоку нязграбна чаплялася зламаная другая лапка. Сарачанё задрала галаву, высока ўзнялося, напружынілася, абаперлася на хвост і голасна закрычала.

— О, з жыццём развітваецца. Ну, агонь! — Эдзік прысеў, прыцэліўся і пусціў каменьчык з рагаткі.