Папаў у грудку птушаняці. Тое кульнулася цераз галаву, але з незразумелай упартасцю зноў стала ў тую ж позу — задраўшы галаву, шырока разявіўшы дзюбу. І зноў закрычала — скрыпучым, непрыемным голасам.
Эдзік зноў трапіў у грудку. Зноў сарачанё ўстала, яшчэ шырэй, здаецца, разявіла дзюбу і крычала яшчэ гучней.
— Чаго ты здзекуешся? — павярнуўся да сябра Віцька. — Стрэліў бы раз, а то крычыць птушка…
— Заткнуць глотку! — сам сабе скамандаваў Эдзік, падышоў блізка, нахіліўся і стрэліў.
— О, гадаўка, каменьчык праглынула! Я ж прама ў горла трапіў.
Гэта было праўда, бо сарачанё, крычаўшае амаль безупынна, на момант нібыта папярхнулася, а цяпер толькі ўскрыквала кароткім, асіплым нейкім, прыдушаным крыкам.
— А гэты праглынеш? — Эдзік уклаў у рагатку адзін з вялікіх каменьчыкаў, якія насіў у другой кішэні.
Ён паднёс рагатку амаль да самай разяўленай дзюбы, стрэліў.
Каменьчык прыбіў галаву птушкі да зямлі. Сарачанё забілася, а потым зноў, у які ўжо раз стала на свае знявечаныя лапы, абаперлася на хвост, закінула галаву і разявіла акрываўленую дзюбу.
Цяпер крыку не было чуваць, нешта толькі сіпела ў шырокім птушыным горле.
Віцька глядзеў, як бегаў над сарачанём Эдзік, і жаль да птушкі нараджаў злосць на сябра. Ён адчуваў, што тое, што робіцца цяпер на палявой дарозе, — ужо не паляванне, не нейкі спартыўны азарт, а нешта бесчалавечнае, агіднае і злое. Яго цягнула падысці, падбегчы да Эдзіка, але што рабіць далей — Віцька не ведаў. Сарачанё ўжо немагчыма ўратаваць, яно вось-вось здохне, але і дабіць нейкім адным імгненным, не балючым ударам знявечаную птушку Віцька ужо не змог бы.
— Ах, ты, сволач, паміраць не хочаш! — Эдзік ужо раззлаваўся, зноў заклаў вялікі каменьчык і зноў стрэліў зблізку, ледзь не кранаючыся рагаткай раскрытай чорнай дзюбы.
Нешта хлюпнула ўсярэдзіне птушкі, але яна засталася стаяць.
Ружовая пена запоўніла раскрытую дзюбу, сарачанё вагалася, бы маятнік, з боку на бок, але стаяла, пабліскваючы маленькімі чорнымі вочкамі.
У птушцы адчайна білася жыццё.
Столькі непакорнасці, столькі волі і прагі да жыцця было ў постаці птушаняці, што Віцька як прырос да аднаго месца. У гэты момант ён гатоў быў паклясціся, што сарачанё ўсё-ўсё разумела, што яно было не проста нечым жывым, а разумным жывым і што ў маленькіх чорных вочках гарыць пракляцце ім — забойцам. А яшчэ ў гэтых чорных іскрынках Віцька пабачыў дакор і свой сорам: яны, такія вялікія, дужыя, узброеныя, забівалі ў сотню разоў меншае і слабейшае за іх, зусім яшчэ дзіця, у якога з усяе зброі — толькі дзюба…
— Ну, я табе мазгі зараз выб’ю! Каменныя ў цябе будуць мазгі! — Эдзік высыпаў з кішэні на дарогу каменьчыкі, знайшоў самы вялікі. Уклаў яго ў рагатку.
Камень, пушчаны з усяе сілы расцягнутай гумай, пранізаў рот птушкі і выляцеў з галавы.
Сарачанё ўпала.
— Глядзі, Віцька, без мазгоў, а дрыгае! — Эдзік закладваў яшчэ адзін каменьчык. — Дабіць! Атрымлівай! На! — і чарговы каменьчык упіўся ў невялікае цельца птушкі, выдзіраючы чорна-белыя пярынкі.
Каля яго ног трапяталася, ніяк не хацела паміраць знявечаная, з прастрэленай галавой птушка. Незразумелы інстынкт кіраваў мышцамі крылаў і ног, і цельца трапяталася на пыльнай дарозе, пакідаючы на траве кропелькі чорнай крыві.
Віцька не мог адвесці вачэй убок, хоць яму было ўжо жудасна глядзець на гэтае забойства, і агіда ад мярзоты таго, што адбылося, падступіла камяком да горла — так, што ні крыкнуць, ні ўздыхнуць.
А Эдзік, раззлаваны адчайнай, неверагоднай жывучасцю птушкі, страляў, страляў і страляў:
— На!
— На!
— На!
Ён не бачыў нічога вакол, акрамя гэтага стракатага, здаецца, сто разоў мёртвага цельца.
Віцька глядзеў на сябра, потым дастаў з кішэні каменьчык, заклаў у сваю рагатку. Напружанымі да здранцвення рукамі расцягнуў гуму моцна, так, што далей цягнуць не было куды, прыцэліўся ў стрыжаную патыліцу Эдзіка і стрэліў. Каменьчык, коратка прасвістаўшы ў паветры, пляснуў у галаву сябра. Той, дзіка завыўшы ад болю, упаў ледзь не тварам на забітае ім сарачанё і пакаціўся, падвываючы, па зямлі. І тады Віцька крыкнуў, на ўвесь свет крыкнуў:
— На і табе!
Частка 11
Розныя планы, карты, схемы Віталь маляваў з такой асалодай, як сапраўдны мастак сваё любімае палатно. Як толькі добра пазнаёміўся з компасам, зразумеў, што такое азімут, маштаб, умоўныя знакі, яго ахапіла нейкая гарачка складаць планы ўсяго, што ён бачыў вакол. За два гады ён намаляваў такі план вёскі, што яго план вывесілі ў кабінеце геаграфіі. Віталь ганарыўся не тым, што план намаляваны прыгожа, а тым, што ў гэтым плане было ўсё максімальна па праўдзе: і азімуты вытрыманы, і адлегласці, і кожная дарожка і сцяжынка. А колькі ён з «казой» пахадзіў па вуліцах пад незласлівыя, ды ўсё ж дастаткова крыўдныя насмешкі!