Картаскладаннем Віталь захварэў. Душа яго прагнула працы, і мінулым летам ён вырашыў скласці план калгаса. Бо той, які бачыў у калгаснай канторы, быў няправільны — ужо прафесійнаму воку Віталя не трэба было і лінейку да той схемы прыкладваць.
Але ж «казой» калгас не абмераеш. Выручыў бацькаў мапед — там жа быў спідометр. Цэлы месяц днямі Віталь ездзіў па ўсіх дарогах, потым да позняй ночы чарціў, разлічваў. У розных кутках калгасных палёў з’явіліся яго меткі — паўтарамятровыя жэрдкі, па якіх ён вымяраў дакладную адлегласць па прамой.
У адзін дзень ён так быў захапіўся працай, што аж падскочыў над сваім самаробным планшэтам, калі побач завішчалі па-свінячы тармазы «Уазіка». То быў сам старшыня калгаса Мікалай Рыгоравіч. Ён быў яшчэ зусім малады мужчына, толькі два гады кіраваў калгасам. Дзівіліся з яго вяскоўцы: і таму, што малады, але — разумны, і таму, што ніколі не крычыць і тым больш не мацюкаецца. Але толькі збоку здавалася, што ён мяккі: калі што сказаў — так і будзе. Трох трактарыстаў за п’янку звольніў, як ні прасіліся. Дысцыпліна ў яго — на першым месцы. І яшчэ дзівіліся вяскоўцы: па палях, па фермах гойсае, а заўсёды пры гальштуку, у чыстым, і туфлі блішчаць, быццам бруд да іх не прыстае. Праз тры месяцы ён усіх калгаснікаў па імёнах ведаў, да старэйшых за яго звяртаўся па бацьку. Адчувалася яго павага да людзей і ў словах, і ў справах: як ні цяжка пакуль, а зарплату ў час плаціць…
— Што гэта ты тут робіш? — строга запытаў старшыня, заглядваючы ў планшэт Віталя. — Ты адкуль?
— Ды… свой я, — напалохаўся крыху Віталь. — Вось, з вёскі, Аўдзееў Віталій.
— Антона Аўдзеева, трактарыста, сын? — працягваў распытваць старшыня, усё гледзячы ў паперу, на якую Віталь толькі што праставіў лічбы замераў. — І што робіш? Гэта ты на ўсіх палях жэрдкі наставіў?
— Я план складаю…
— Які план? Захопніцкі? — старшыня ўзняў вочы ўжо на Віталя, і той супакоіўся. У вачах Мікалая Рыгоравіча была ўсмешка.
— Не-е… — Віталь сабраўся, прадоўжыў: — У вас у канторы план няправільны, адлегласці на вока памаляваны… А я дакладны складаю.
— Бачу ўжо, — працягнуў старшыня, зноў схіліўся над планшэтам. — Гэта ў цябе дарога да ўрочышча Жмерань, гэта масток, канава… Як сфатаграфаваў. А што за лічбы?
— Працягласць дарогі, а гэта — працягласць канавы.
— Ого! — па-сапраўднаму здзівіўся старшыня. — А чым мераў?
— Дарога — па спідометры, адлегласць па прамой — вось, вешкамі.
— Ну-ну. І многа ты паездзіў?
— Гэта ўжо апошні квадрат.
— Які квадрат?
— Я калгас на квадраты разбіў. Астатнія часткі ў чарнавым варыянце ўжо гатовыя.
— З усімі дарогамі, канавамі і кіламетражом? — бровы Мікалая Рыгоравіча папаўзлі ўверх, ён недаверліва глянуў на хлопца.
— Ага. Я месяц праездзіў. Вось тут закончу — і буду чыставую маляваць.
— Ну, хлопча, — старшыня перагартаў некалькі лістоў у планшэце. — Што ж ты да мяне адразу не прыйшоў?
— А навошта?
— Дзівак… Ты карту сваю куды потым дзенеш?
— Не ведаю. Я яе ад цікавасці раблю.
— Ясна. Так, працуй. Зробіш — мне пакажаш. Дамовіліся?
— Добра, — зніякавеў ад такой увагі Віталь. — А вам навошта?
— А які ж камандзір без карты? Як мне спадабаецца — куплю. Згода? Тады вось яшчэ: скажаш бацьку, каб заўтра да мяне падышоў, — загадаў ужо ўладна Мікалай Рыгоравіч, садзячыся ў свой «Уазік». — Дамовіліся?
Віталь кіўнуў.
Назаўтра вечарам бацька прывёз каністру бензіну.
— На, — ён паставіў каністру перад разгубленым Віталем. — Рыгоравіч табе прывітанне перадаваў. Казаў, надта чакае тваёй карты.
У Віталя нечакана запалалі вушы. Што праўда, то праўда, бензіну ён выездзіў за месяц не адзін літр…
Чыставую карту ён маляваў не на паперы, а на адваротным белым баку звычайнай кляёнкі, што на стол сцелюць. Выпрасіў у маці грошы, купіў патрэбны кавалак. Лежачы цэлымі днямі на жываце на падлозе, спачатку алоўкам, а потым фламастэрамі чарціў, пісаў, падмалёўваў. Карта ўвачавідкі ажывала, напаўнялася дарогамі, канавамі, дамамі, палямі, ляскамі…
Бацька быў зазірнуў і аж прысеў ля карты.
— Вось дык маеш! Сур’ёзная якая рэч выходзіць!
Карта і на самай справе атрымалася сур’ёзная, вытрыманая па ўсіх законах картаграфіі.
І калі яна была гатова цалкам, калі зверху вялікімі літарамі Віталь падпісаў «Калгас імя…», сам доўга не мог адарваць позірк ад карты: ён не проста любаваўся ёй, яна заварожвала. Не верылася, што гэта ён, Віталь, адзін зрабіў такую рэч!