Выбрать главу

Мікалай Рыгоравіч па карту прыехаў сам — бацька перадаў, што сын закончыў працу.

Разглядваў ён яе хвілін дзесяць, водзячы пальцамі, ціхенька мармычучы нешта.

— Я толькі вышыні не праставіў… — нясмела сказаў Віталь.

— А? Што? — адарваў позірк ад карты старшыня.

— Ну, трэба яшчэ паказаць узроўні ўзгоркаў, нізін. Але тут працы многа вельмі, тэадаліт трэба.

— Ну, я ўсе горкі-ўзгоркі і сам ведаю, тут гэта не надта трэба… Ай, малайчына, вось гэта работа! Алена Пятроўна! — крыкнуў ён да маці, якая якраз вярнулася з фермы, з ранішняй дойкі. Пра цікавасць старшыні да карты яна ведала — муж расказаў.

— Што вы тут, Рыгоравіч, разам з маім сынам маляваннем рашылі заняцца? — пасмейвалася маці, заходзячы ў пакой, але ў голасе яе былі чутны задаволенасць і гонар за сына.

— Не, я вось хачу купіць у вашага сына яго карту. А паколькі яму няма яшчэ шаснаццаці, то павінен у бацькоў дазвол спытаць.

— Як хоча прадаваць, то няхай прадае! — маці ласкава глянула на Віталя. — Прасі даражэй, сын!

Віталь разгубіўся — жартуе старшыня ці не?

— Э, хлопча, — паківаў пальцам Мікалай Рыгоравіч. — Скончыліся часы, калі «за так» было. Запомні: толькі тады будзе ва ўсім парадак, калі будзе аплачвацца ўсякая праца! От, тады і толькі тады… — Ён задумаўся на хвіліну, нават лоб рукой пацёр.

— Ну, зробім так, калі ты супраць не будзеш: падыдзеш заўтра разам з бацькам да мяне адразу пасля нараду. Мы заключым дагавор на выкананне работ — тады ты нам карту, мы табе грошы. Лады?

— Лады, — адказаў Віталь, а сэрца забухала так моцна, што, здаецца, і іншым чуваць яго было. З ім, які толькі сем класаў скончыў, сам старшыня заключае дагавор…

Мікалай Рыгоравіч яшчэ нахіліўся над картай, памацаў.

— Бач, на кляёнцы намаляваў. Добра, не парвецца…

— То забірайце цяпер, — Віталь прысеў, стаў скручваць карту. — Вы ж…

— Не, не абману, — заўсміхаўся старшыня.

Было бачна, што яму вельмі хацелася ўзяць карту менавіта цяпер, трымаць яе ў руках…

Ды то было год таму. І справа была, і грошы, дарэчы, не малыя атрымаў Віталь — на джынсы і красоўкі хапіла.

Сверб картаскладання грыз яго ўвесь год. І неяк на вечар у школе, прыўрочаны да Дня абаронцаў Айчыны, запрасілі школьнікі Кароту Васіля Яўменавіча, прасцей кажучы, дзеда Васіля. У гады вайны быў дзед Васіль сувязным, а пазней і партызанам. І вось расказваў ён, што адной зімой невялікі атрад партызан уратаваўся ў час блакады на Савіным востраве Ведзьмінай тоні.

Пра Ведзьміну тоню Віталь чуў раней: пяць невялікіх, аднолькавых астравоў вакол чорнага возера. І тады як стрэліла: там ёсць нейкая загадка! Вось скласці дакладны план Ведзьмінай тоні, каб глянуць на яе нібыта зверху — і ўсё адразу стане ясна.

Вырашыў, што абавязкова трэба будзе вымяраць і вышыні астравоў — а што, калі яны сапраўды штучныя? Гэта лёгка будзе праверыць.

Вясну ён правёў у пошуках — яму трэба была самая падрабязная карта вобласці. Адшукаў: Ведзьміна тоня была пазначана там невялікім кружком — два кіламетры ў дыяметры, а вакол — балота. Зразумела ж, ніякіх астравоў там не было.

Потым Віталь сам майстраваў секстант — прыбор для вызначэння геаграфічнай вышыні і шырыні месца. А што — брацца сур’ёзна за справу, то трэба на месцы вызначаць дакладную кропку.

З адным толькі ніяк не атрымлівалася. Рэльеф мясцовасці вызначаць — два чалавекі трэба. Ды і аднаму ў такую экспедыцыю — за пяць кіламетраў ад вёскі страшнавата ісці. І бацькі не пусцяць… Віцька быў напачатку згаджаўся, хоць і мала яго гэта цікавіць. Вось Эдзік прыехаў — то добра. Не атрымлівалася ў іх сяброўства раней. Эдзік толькі з Віцькам вадзіўся, але ж цяпер Эдзік на соў папаляваць хоча. То на табе соў, а ты мне дапаможаш…

Віцька быў дома — ляжаў на надворку ў гамаку, які сам зрабіў са старога саматканага, але яшчэ моцнага пакрывала, і чытаў.

— Здароў, — павітаўся Віталь.

— Здароў, — абыякава адказаў Віцька і не адклаў кніжку ўбок, застаўся ляжаць.

Віталь трохі разгубіўся — ён адчуў сябе лішнім, быццам у нечым вінаватым перад сябрам.

— Ну, што мы наконт Ведзьмінай тоні рабіць будзем? Лета кароткае, — нясмела пачаў Віталь.

— Што хочаш, тое рабі, — так жа абыякава, як і павітаўся, адказаў Віцька.

— Дык жа… разам збіраліся. І Эдзіка б узялі…

— Вось яго і бяры.

— Дамаўляліся ж: разам.

— А я перадумаў.

— Ну, што ў цябе за настрой? — Віталь загаварыў горача: — Мне бацька абяцаў камеру з «кіраўца», з яе лодку б зрабілі — паплавалі б, рыбы вунь колькі налавілі б.