— Не хачу я рыбу лавіць! — закрычаў раптам Віцька, сеў у сваім гамаку, кінуў побач кнігу. — Бяры Эдзіка і ідзіце хоць рыбу лавіць, хоць птушак біць!
— Чаго ты крычыш? — з веранды выйшла сястра Жэнька. — Да цябе чалавек прыйшоў, а ты вызверыўся, як сабака на палку. — Яна павярнулася да Віталя. — Віталік, вазьмі мяне з сабой! — і вочы яе гарэзліва бліснулі.
Віталь пачырванеў — ён заўсёды чырванеў, калі з ім загаварвала Жэнька, бо Жэнька што ні скажа, то ўсё з нейкім падтэкстам. Кпіла яна, гэта было ясна. Ну, баязлівы трохі Віталь перад дзяўчатамі, ну, не ўмее ён з імі размаўляць, ды, зрэшты, — аб чым размаўляць? Тое, што цікавае для Віталя, нецікавае для дзяўчат…
На гэты раз на Жэнькіну шпільку Віталь змог адказаць, як ён сам падумаў, з годнасцю:
— Не вазьму. У балоце дзяўчатам рабіць няма чаго.
— А вы чаго ў балота палезеце? — па-сапраўднаму здзівілася Жэнька. — Па ягады рана яшчэ…
— Па чорта лысага! — буркнуў Віцька, павярнуўся да Віталя. — Нічога я не хачу!
Віталь адчуў сябе прыніжаным, быццам ён прыйшоў нешта прасіць, толькі яму патрэбнае, і над ім пасмяяліся і паказалі на дзверы. І цяпер ён не ведаў, як яму быць, што сказаць. Ну, хіба ж яны не дамаўляліся вясной на ўроках аб гэтым паходзе? Хіба не ўсё было дамоўлена? Яго закранутая годнасць мо і патрабавала сказаць на развітанне нешта рэзкае, але Віталь адчуваў, што сённяшні Віцькаў настрой — з-за нейкай другой невядомай прычыны і злуе Віцька не на Віталя. Але ж і крыўда душыла, бо калі нешта не так было ў Віцькі, то чаго на ім, Віталі, ён зрывае сваю злосць? Прывык, што Віталь ніколі не пярэчыць, прывык камандаваць…
Віталь моўчкі, панура апусціўшы галаву, пайшоў з надворка. Так нічога і не сказаў. Што тут было казаць, калі такая справа — астравы Ведзьмінай тоні — для яго сябра, з якім восем год прасядзеў разам за адной партай — чорт лысы? Няхай мінулым летам Віцька быў у доме адпачынку, потым — у бабулі недзе на Украіне, а Віталь адзін складаў тую карту. Дык хіба не Віцька выгаворваў яму потым: мог бы, маўляў, і пачакаць, разам бы ездзілі, вымяралі… І на гэта лета такія планы яны будавалі, так абмяркоўвалі…
І што рабіць? Не хацелася ісці да Эдзіка. І гэты не захоча. Ды і не сябры яны, і, адчуваецца, наўрад ці атрымаецца сяброўства. Ісці аднаму? У лодцы плаваць па Ведзьмінай тоні аднаму бацька не дазволіць. І ці дазволіць яшчэ ісці ў тое балота. Ат, што тут плакаць раней часу. Напачатку трэба распытаць каго аб астравах, аб сцяжынках на балоце. Вось спытаць асабліва няма ў каго — толькі ў дзеда Васіля.
Віталь, які ўжо быў намерыўся ісці да сваёй хаты, крута развярнуўся і пайшоў у другі канец вёскі.
У гэты час дзеда Васіля можна было застаць за адной справай: ён плёў кошыкі. Сядзеў у цяньку пад кустом бэзу на нізкім зэдліку і працаваў. З боку паглядзець, дык адразу здавалася, што марудна працуе дзед Васіль. Але вось ідзе хвіліна за хвілінай, а рукі дзеда Васіля не спыняюцца, не запавольваюцца. Такое адчуванне, што дзед Васіль гэта адно, а рукі яго — асобна, нешта другое. Не рукі, а маніпулятары: ніводнага лішняга руху. Лазіну ўзяла адна рука, другая ўжо трымае нож, рукі сустракаюцца — галіна ўжо абрэзана, нож кладзецца, канец галіны ўстаўляецца, праз рэбры кошыка перабіраецца, зноў нож мільгае і новая галіна ў руцэ…
— Дзень добры, дзед Васіль.
Стары, не прыпыняючы работу, глянуў на Віталя, уклаў акуратна лазіну ў рэбры, не спяшаючыся, як і працаваў, адставіў асцярожна напалову гатовы кошык убок.
— Здароў, малец. Што хацеў?
Віталь падышоў бліжэй, прысеў перад дзедам Васілём.
— Да вас я — сын Антона Аўдзеева, Віталь. Параіцца хачу. Справа ў мяне такая…
— Ведаю я цябе, Віталь, хоць ты і па ранеты мае не лазіў. Раз справа — бяры ля сянец зэдлік, нясі сюды, пагутарым, — сур’ёзна адказаў стары, а сам дастаў з кішэні сваю пацёртую бляшанку з тытунём.
Віталь прынёс зэдлік, сеў, чакаў, пакуль дзед згорне цыгарку.
— Ну, кажы сваю справу, — пыхнуў убок воблачкам дыму стары.
— Памятаеце, дзед Васіль, вы былі ў нас у школе і расказвалі аб вайне. Вы тады Ведзьміну тоню ўспаміналі. А я… некалі мы з бацькам там рыбачылі, такія два карасі злавілі — ледзь выцягнулі. Там гэтыя астравы… Ну, глядзіш, як быццам іх нехта спецыяльна насыпаў. А ў нас жа кажуць, што некалі быў яшчэ востраў, пасярод самага возера, ды на дно апусціўся… Ну, я хачу праверыць…
— Што, на дне востраў шукаць? — прыжмурыўся дзед Васіль.
— Ды не… Я хачу дакладна вымераць адлегласць паміж астравамі, як яны вакол возера ляжаць, ну і іншае…