— А навошта? — дзед шчыра здзівіўся.
— Ды… калі астравы дакладна размешчаны неяк сістэмна, значыць — яны штучныя, ну людзі іх самі насыпалі.
— Можа, і самі… Некалі даўно там людзі жылі…
— Жылі? — аж падскочыў Віталь. — Даўно?
— Відаць, даўно, — дзед затушыў недакурак. — Мы, калі зямлянку зімой у сорак трэцім дзяўблі, нешта знайшлі такое — ці то зруб стары, ці яшчэ што. Не да таго было, каб разглядаць… Паўсюдна людзі раней жылі, дзе было бяспечна. Астравы ў балоце, а па балоце хадзіць, не ведаючы сцежак, — сабе на згубу. Самі астравы сухія, вялікія. Мо якое паселішча і было. Ці канакрады сабе лежбішча былі зрабілі, ці разбойнікі…
— Дык да вострава таго, дзе вы хаваліся, цяпер не дайсці.
— Цяпер — не. Сцяжынку я ўжо забыў, ды і тыя вольхі, што мы ўсцілалі ў багну, даўно пагнілі… Зімой толькі, і то з асцярогай.
— Зіма далёка… А калі на лодцы? — апошняя надзея прагучала ў словах Віталя.
— Няма, хлопча, ні ў каго чоўна. На копанцы хіба на ім плаваць? Сам я даўно не рыбачу. Цяжка хадзіць мне па балоце.
— А я лодку з камеры зраблю, — чапляўся, як за саломінку, Віталь.
— На гумавай лодцы там лепш не плаваць, — паківаў галавой дзед Васіль. — Возера ж на самай справе — гэта і не возера, а кавалак балаціны. У іншых месцах можна на корч які напароцца…
— Плыткае возера? А той востраў, які праваліўся? — разгубіўся Віталь.
— Ды гэта казкі, — адмахнуўся дзед. — Плыткае то плыткае, а дно ж балоцістае. Не зразумець, дзе тое дно пачынаецца. Шост лезе і лезе ў ваду на ўсе чатыры метры, бы ў кісель які.
— А пра рыбака яшчэ расказваюць, — перацепнуў плячыма Віталь. — Быццам і дагэтуль ён па возеры плавае.
— Ніхто там не плавае ўжо. Год дзесяць таму, тое праўда, нехта невядомы, мо з гарадскіх, некалькі дзён кружыў па тоні на маленькай лодачцы. І тое праўда, што згінуў. Лодку я пасля знайшоў… А яго не бачылі. Дзіўны чалавек быў. Быццам хаваўся ад людзей… Вось, такія справы. Балота — жартаў не любіць.
— Дык што рабіць? — з адчаем ужо запытаў Віталь — прападала яго мара.
— Ну, прыдумаць можна што-небудзь заўсёды, — загаварыў, супакойваючы стары. — Адно скажу: не аднаго гэта справа, аднаму — не справіцца.
— З чым не справіцца? — загарэўся Віталь, адчуўшы ў словах дзеда Васіля нейкую прыхаваную надзею. — Човен рабіць?
— Ну, човен зрабіць — майстэрства трэба ды і матэрыялы асаблівыя, а вось плыт — іншая справа.
— Плыт? — Віцька аж падскочыў.
Ну вядома ж, плыт! Яму не страшны карчы, ён не перакуліцца, як лодка!
— Плыт, плыт… — дзед Васіль узняўся, дапытліва глянуў на Віталя. — А ты што ж да мяне без сяброў прыйшоў? Аднаму на такую справу ісці не варта.
— Ды… Я яго ўгавару, — заспакоіў больш сам сябе Віталь, маючы на ўвазе Віцьку. Ну, на самай справе, пройдзе ў яго хандра, хіба ж адмовіцца ён ад такога: плыт зрабіць і на ўсіх астравах пабываць, рыбу на зорцы палавіць, юшку на кастры зварыць, у будане паначаваць? Эх, што тут казаць!
— Ну, вось што, — загаварыў дзед Васіль. — Ты ідзі ў сад, там баба яблыкі збірае. А цераз агарод сходзіш да будана, што ў садку Зойкі-п’яніцы стаіць. Клікнеш адтуль хлопца да мяне. Я ў садку буду.
Віталь трохі здзівіўся, але пытаць нічога не стаў.
Ля будана ў вішняку ён пабачыў Нэлу, якая гулялася ў пяску з цацкамі. Сам Сяргей раскладваў агонь. Побач стаяла закопчаная каструля, з чыстай вадой. Сяргей азірнуўся на крокі, стаў так, каб падыходзячы Віталь не бачыў, што там, у каструлі. А ў ёй былі дзве выпатрашаныя і памытыя тушкі галубоў — сённяшняя ранішняя здабыча Сяргея. Злавіў галубоў ён звычайнымі начоўкамі: перакуліў, прыўзняў адзін край, падпёр палкай, да якой прывязаў тонкую вяроўчыну. Пасыпаў хлебных крошак. І ўся хітрасць.
Цяпер Сяргей збіраўся варыць суп. І з’яўленне Віталя яго ніколькі не абрадавала.
— Што трэба? — спытаў Сяргей з папярэджаннем у голасе, дзе яскрава чулася: «Лепш не падыходзіць бліжэй».
Ён пазнаў Віталя — гэта той, які тады на возеры ўзняў рукі ўгару, не палез у бойку, але ў копанцы пабываў.
— Цябе дзед Васіль заве, — адказаў Віталь, таксама пазнаўшы Сяргея. У думках ён адзначыў сам сабе, што добра зрабіў, калі там, на копанцы, не палез у бойку…
Павярнуўся і пайшоў, не тлумачачы нічога. Ды і што ён мог сам патлумачыць?
Дзед у садку, седзячы на прынесеным сюды зэдліку, ужо нарэзваў у вялікую каструлю яблыкі.
— Бач, насыпала колькі, — звярнуўся ён да Віталя. — Што казе парэжу, што баба пасушыць. Ты выбірай сабе, еш.
Віталь выбраў яблык, абцёр, і ў гэты час падышоў Сяргей.
— Клікалі, дзед Васіль?