— Клікаў, клікаў, — дзед не адкладваў нож убок. — Ты на Ведзьмінай тоні збіраешся рыбачыць, так?
— Ну-у, — пацвердзіў Сяргей.
— То я табе во напарніка знайшоў, — кіўнуў дзед Васіль на Віталя. — І яму гэта тоня трэба, то ўдвух вам лацвей будзе, ды і я чым дапамагу.
— Што дапаможаце? — здзівіўся Сяргей, а Віталь перастаў жаваць.
— Плыт дапамагу вам зрабіць. І сам паплыву з вамі.
— З намі? — не ўтрымаўся ад здзіўлення цяпер ужо Віталь.
— З вамі, як усё атрымаецца.
Стары паклаў на кошык з яблыкамі нож, абцёр рукі, загаварыў, гледзячы міма хлопцаў, некуды ў далячынь.
— Там чацвёра нашых вяскоўцаў прапала. Не выйшлі з багны. Атрад наш на групы разбіўся, вось адна група і не выйшла, знікла ў балоце. А адзін з той групы — сябра мой Андрэй Кульжа. Нам тады як вам было, мо на год больш. Хаты нашы побач стаялі, то мы з дзяцінства, як браты раслі, аднагодкі. Я жыву, а Андрэй прапаў з зімы 43-га… Ну, а цяпер во, калі паможаце, то хачу я там пабыць… Хоць не ўмею, ды неяк памалюся… Каб можна было мне і паміраць спакойна. Ну, як, Сяргей, Віталь, дапаможаце мне апошні свой доўг на гэтай зямлі выканаць?
Сяргей разгубіўся толькі на імгненне — ён зразумеў адразу ж усю сур’ёзнасць слоў дзеда Васіля, усю важнасць для старога яго задумы, і адказаў, не марудзячы:
— Дапамагу.
– І я дапамагу! — выгукнуў Віталь.
— От і добра. Сядайце, — кіўнуў дзед Васіль хлопцам і прадоўжыў: — Цяпер будзем аб справе казаць. Нас, значыцца, трое, а работы зрабіць трэба многа… На Заечым востраве лесу нямнога, а Заікін — адны вольхі. Дрэва цяжкае. Значыць, матэрыялы трэба з сабой браць. Я з бацькам тваім пагавару, — кіўнуў дзед на Віталя. — Ён на трактары падвязе, колькі можна. А там несці з паўкіламетра трэба. Вясна сухая была, і цяпер дажджы яшчэ не ішлі добрыя, то гразі многа не будзе. У мяне жэрдзе сухое ёсць, шалёўкі трохі. А вам, значыць, задача такая: гэтых во бутэлек пластыкавых, у якіх ваду фарбаваную прадаюць, трэба назбіраць. Валяюцца яны паўсюль, ля магазіна, на сметніку поўна. Гэта будзе нам замест гумавых колаў. І дрэва многа не трэба, і плот устойлівы будзе, траіх вытрымае, і не страшна на які корч напароцца…
— Чацвярых, — запярэчыў Сяргей.
— Ну, у тваёй Нэле дзесяць кілаграмаў вагі, — усміхнуўся дзед, зразумеўшы, што Сяргей кажа пра сястру. — Ну, як вам мой план?
— Здорава! — пляснуў сябе па калене Віталь. — Цяпер з вамі мяне без пытанняў начаваць на астравах пусцяць.
— Пусцяць, я сам перагавару… — стары хвіліну памаўчаў, павярнуўся да Сяргея:
— Ад Савінага вострава дно возера пясчанае, цвёрдае і паверхня вады чыстая. У тую зіму мы лункі ў лёдзе рабілі — рыба дыхаць узнімалася. Мы яе чэрпалі, як юшку лыжкай з каструлі, варылі, елі. Гэтым і выжылі. І шчупакоў колькі выцягнулі.
— У мяне спінінга няма на шчупака, — з жалем адказаў Сяргей.
— У мяне ёсць, я табе дам, — заспяшаўся невядома чаму Віталь, быццам Сяргей мог з-за адсутнасці спінінга адмовіцца ад стаўшай ужо такой рэальнай справы.
– І гэта добра, — замест Сяргея адказаў дзед Васіль. — Пайшлі, я вам дам колькі мяхоў, у іх будзеце гэтыя бутэлькі збіраць. Колькі збіраць, самі палічыце, вы хлопцы разумныя. А потым усё разам павязём…
Мяхі ад дзеда Васіля неслі разам. Каля будана Віталь нясмела прапанаваў:
— Давай палічым, колькі нам бутэлек трэба.
Сяргей адвёў позірк убок.
— Лічы сам.
— А ты?
— Лічы сам! — нечакана для Віталя крыкнуў Сяргей са злосцю. — Я — дэбіл. Чаго я, па-твойму, у інтэрнаце? — ён зірнуў на Віталя, а той раптам заўсміхаўся.
— Дэбіл — гэта калі сліна з рота цячэ і вочы пустыя. Не ведаеш, так і скажы, ды і ўсё.
— Не ведаю.
— Ну, давай я патлумачу, — не адставаў Віталь.
— Пайшоў ты… Мне суп варыць трэба. Нэлу карміць…
— А пайшлі да мяне паабедаем?
— Не, — рэзка адказаў Сяргей. — Я сам.
— Ну, добра, ты агонь раскладвай, а я буду лічыць. Паперы ў цябе няма?
— Ёсць… — вырвалася ў Сяргея, потым ён заматаў галавой: — Няма. Я Нэле вёз, у яе дзень нараджэння будзе, альбом, фламастэры.
— Ну, добра, няцяжка і на зямлі палічыць трэскай. Але не, — перадумаў Віталь. — Ты вары есці, я пайду дамоў, разлічу ўсё, бо трэба і схему плыта намаляваць, і прыйду гадзіны праз дзве. Табе нічога не прынесці? Ну, з ежы што-небудзь… — дадаў ён асцярожна.
— У нас усё ёсць! — рэзка адмовіў Сяргей.
— А я Нэле пернікаў прынясу! Прынесці, Нэла? — павярнуўся Віталь да дзяўчынкі, якая ўвесь час размовы назірала за хлопцамі. Нэла ўсміхнулася і кіўнула.
Праз дзве гадзіны з паловай Віталь ішоў подбегам у бок Сяргеевай хаты са скручаным вялікім аркушам паперы. І нават нешта напяваў ад радасці.