— Глядзі! — закрычаў, яшчэ толькі зайшоўшы ў садок. — Вось наш плыт.
Але перад тым, як разгарнуць аркуш, паспешна палез у кішэнь.
— Нэла, трымай! Смачныя!
Сяргей ужо паспеў зварыць суп. Галубінае мяса было цвёрдае, відаць, варыць трэба было больш. Але з’елі ўсё. І смачна было…
Сяргей сядзеў каля будана, Віталь прысеў побач.
— Вось! — разгарнуў нарэшце Віталь аркуш.
— Ух ты! — вырвалася захапленне ў Сяргея. — Такі вялікі?
Віталь разгубіўся.
— А… Чаму вялікі?
— Што я, не бачу? Чатыры на тры метры!
— Ты добра ў чарцяжах разбіраешся… — глядзеў ва ўсе вочы на Сяргея Віталь. — У нашым класе для паловы вучняў тое, што я намаляваў, — піраміды егіпецкія.
— А што тут разбірацца? — шчыра паціснуў плячыма Сяргей. — Усё ж намалявана… Тут матэрыялаў столькі трэба…
— А я паглядзеў, у нас дома таксама дошкі ёсць. Тут дошкі знізу, бутэлькі, дошкі зверху, каркас атрымліваецца, — стаў тлумачыць Віталь.
— Ды не тлумач, я ўсё бачу, — перапыніў Сяргей. — Бутэлек колькі?
— А казаў — дэбіл, — усміхнуўся Віталь. — Бутэлек… Ты закон Архімеда ведаеш?
— Не.
— Зусім?
— Зусім. Я не памятаю нічога.
— Ат, тлумачу. Камень у вадзе заўсёды лягчэйшы, чым на беразе. Чаму? Таму, што вада выпіхвае ўсё, што ў яе трапіць. І выпіхвае ўсё з аднолькавай сілай. Чаму роўна гэта сіла? Яна роўна вазе вады, якая б умясцілася ў такім аб’ёме, як наш апушчаны ў ваду камень. Зразумела?
— Ну, пакуль зразумела.
— О, цяпер бяром цагліну: сапраўдную і такую ж цагліну — з пенапласту. Цагліна важыць пяць кілаграмаў, пенапласт — сто грамаў. Яны займаюць па аб’ёме, ну скажам, адзін літр. Значыць, калі ў такі аб’ём наліць ваду, яна будзе важыць адзін кілаграм. Вось і атрымаецца, што гэтыя цагліны вада будзе выштурхоўваць з сілай у адзін кілаграм. Тады сапраўдная цагліна ў вадзе будзе важыць… колькі?
— Чатыры кілаграмы, — упэўнена адказаў Сяргей.
— Точна. А пенапласт?
Сяргей задумаўся.
— Ага! — Віталь засмяяўся, але не зласліва, больш падбадзёрваючы. — Ад 100 грамаў не адняць пяць кілаграмаў! Тады адымаем ад пяці сто, але будзем ставіць знак мінус — значыць пенапласт важыць мінус чатыры дзевяцьсот. І тады мінус у любым выпадку будзе азначаць, што наша цагліна будзе плаваць на паверхні. І будзе ўтрымліваць на сабе груз у чатыры кілаграмы дзевяцьсот грамаў і не тануць. Зразумеў?
— Ага, — Сяргей кіўнуў. — Цікава.
— Во, і я кажу — цікава. Цяпер лічым: ты — 50, я — 50, дзеду даём — 70, Нэле — 30 — атрымаем 200 кг. Значыць, нам трэба столькі бутэлек, каб у іх умясцілася больш за 200 кг вады.
— А сам плыт з дошак? Ён жа таксама не тоне.
— Ну, плыт мы лічыць не будзем. Чым больш, тым лепей — устойлівасці больш. Так, у нас яшчэ будзе які груз, ежа і гэтак далей. Карацей, 200 кг, а ў бутэльцы 1,5 літра. Дзелім — атрымліваем?..
— Не ўмею, — адвёў Сяргей вочы ўбок.
— Так, трэба з табой пазаймацца, — заявіў безапеляцыйна Віталь. — 10 бутэлек — 15 літраў, 100–150, яшчэ 10 і 10, і 10 — 195 усяго. Ну?
— Не хапае пяць.
— Во, хоць складаць умееш.
— А ты не падкалупвай, а то… — гатовы быў пакрыўдзіцца Сяргей.
— Не псіхуй, — прымірэнча сказаў Віталь. — Я не каб пакрыўдзіць, а трэба ведаць… Навучыцца не цяжка.
— Мне — цяжка.
— Ат, гэта ты больш сам сабе ў галаву ўбіў, што не можаш… Але: з такой колькасцю бутэлек мы тануць не будзем, але ўстойлівасці таксама не будзе. Таму бяром усё ўдвая. Значыць, чатырыста. Дарэчы, адкуль ты так добра ў чарцяжах разбіраешся?
— А мы там зямлянкі ў лесе рабілі… Спачатку намалюем… Я любіў спачатку намаляваць, а потым — зрабіць. Так цікавей.
— Ага, так цікавей. Ты мне дапаможаш на астравах?
— А што?
— Я хачу карту астравоў скласці. Вось дзед Васіль казаў, што там некалі людзі жылі — можа, гэтыя астравы не самі па сабе, а іх людзі насыпалі, можа, яны гэтым самым нешта сказаць хацелі, — паступова разгараўся Віталь. — Уяўляеш, раптам там — тайна…
Сяргей хмыкнуў, але сказаў дабрадушна:
— Табе тайна… А нам рыба трэба. Многа рыбы.
— Саліць ты яе будзеш?
– І саліць. Я з вадзіцелем дамовіўся — ён купляць будзе.
— А на што ты грошы збіраеш?
— Я не збіраю. Я на іх хлеб купляю…
Сяргей замаўчаў, стаў уважліва зноў разглядаць чарцёж. Віталь, адчуваючы сябе чамусьці ніякавата, вырашыў перавесці размову на другую тэму:
— Ну… трэба, відаць, сёння і пачынаць… Столькі бутэлек сабраць — не жарт.
— Збяром, — махнуў рукой Сяргей. — Ты ідзі ў магазін, мы з Нэлай па сметніках паходзім.