Выбрать главу

— Да цябе зносім?

— Ага, тут і да дзеда блізка. Вунь за буданом і будзем складваць. Ты схадзі да дзеда, яму чарцёж пакажы, мо што паправіць.

— Добра.

К вечару за буданом ляжала першая паўсотня бутэлек. Многа было без коркаў. У гэтых, распаліўшы агонь, заплаўлялі рыльцы, у начоўках з налітай вадой правяралі надзейнасць кожнай бутэлькі.

Сяргей аднекваўся напачатку, але Віталь запрашаў настойліва і ўрэшце Сяргей згадзіўся ісці разам з Нэлай вячэраць да Віталя.

Частка 12

Жэнька была ў роспачы: не было аб чым пісаць! Гэтай вясной пасля таго, як прачытала ў раённай газеце аб адкрыцці школы маладога журналіста, яна ездзіла ў рэдакцыю. Як яе там усё ўразіла! Яна ўпершыню ўбачыла, як робіцца газета, упершыню пабачыла рэдактара газеты, сапраўдных журналістаў, а потым перад сабраўшыміся юнакамі і дзяўчатамі, выступаў так добра вядомы ў раёне паэт, чые вершы некалі саму Жэньку літаральна прымусілі пісаць на роднай беларускай мове. Бо яна адчула, якой чысцінёй і асалодай вее ад кожнага радочка, як звычайныя, вясковыя словы, расстаўленыя ўмелай рукой паэта, набываюць мілагучнасць і важкасць, паэтычнасць, глыбінны сэнс.

Было, яна і сама пісала вершы. Адзін нават былі надрукавалі ў «Раніцы». Божа, як чакала гэтай публікацыі Жэнька! Маці не паверыла адразу, што гэта яе Жэнька напісала, перапытвала. Потым, як «Раніца» прыходзіць, маці сама гартала газету, шукала імя дачкі. Хоць Жэнька ёй і сказала, каб не шукала, нічога яна больш у «Раніцу» не пасылала. Але аб тым, што паслала сваю невялікую заметку аб школе ў раённую газету, прамаўчала. А заметку надрукавалі. Праўда, вельмі ж пакрэслілі, пераставілі словы і сказы. Жэнька чытала свае і не свае радкі, параўноўвала з тым, як напісана было ёй напачатку, і ёй стала сорамна: ну, хіба яна сама, калі б пасядзела, як след, не змагла вось так напісаць — проста, ясна і складна?

Але было і прыемна. І хоць маці цяпер нешта асабліва не радавалася гэтай заметцы, як тым вершам, ды Жэнька вырашыла: будзе пісаць у газету заметкі. І стане журналістам.

А цяпер вось адчайна шукала тэмы ледзь не пад нагамі, глядзела на ўсе вочы на вуліцу, калі ішла па хлеб у магазін: а раптам нешта цікавае? Рэдактар жа казаў, што самае галоўнае — заўсёды перад вачыма. Трэба яго толькі ўбачыць. Купіла хлеб, хацела ўжо выходзіць, як пабачыла Віталіка — той выходзіў з падсобнага памяшкання магазіна з запоўненым нечым лёгкім мехам на плячы.

— Дзякуй Вам! — шчыра сказаў ён прадаўшчыцы.

Тут яго спыніла Жэнька.

— Ты што гэта набраў?

— Ха, тайна! — Віталь смешна вылупіў вочы. — Пусці, дай хоць выйсці, а то стаю тут з мехам.

На ганку Віталь паставіў мех, павярнуўся да Жэнькі.

— Глядзі, — ён паказаў ёй, што ў мяху — пустыя пластыкавыя бутэлькі.

— Навошта яны табе? — здзівілася Жэнька. — Ды яшчэ так многа…

. —О! Нам трэба пяцьсот штук.

Віталь быў узбуджаны — гэта Жэнька бачыла, і яна здагадалася, што хлопец заняты нейкай надзвычай важнай справай, цікавай.

— Што, на бутэльках на астравы паплывеш? — спыталася яна з’едліва, хоць адчувала, што бутэлькі нечым звязаны з планамі Віталя наконт Ведзьмінай тоні.

— Паплывём! — упэўнена адказаў Віталь, закінуў на плячо мех.

Яны пайшлі ў адзін бок — да дома Жэнькі.

— А куды ты іх нясеш? Да нас хіба?

— Не-а, — пакруціў галавой Віталь. — Да Зойчынага Сяргея. Ведаеш? Ён у інтэрнаце ўвесь год, мінулым летам тут краў, дзе што бачыў. У садку там яго будан…

— Бачыла.

— Ну, во. Там наш штаб! — важна адзначыў Віталь.

— Стоп, — Жэнька спынілася на самай справе. — Ты што, пасябраваў з гэтым Сяргеем?

— А што? — паціснуў Віталь плячыма. — Хлопец як хлопец, не задавака і не выстаўляецца. Псіхованы трохі хіба. Усё ўмее сам робіць… Гэта нас дзед Васіль звёў…

— А дзед Васіль пры чым?

Яны зноў нетаропка ішлі доўгай вуліцай, Віталь расказваў з задавальненнем, у словах яго адчувалася ўзрушаная радасць ад таго, што ўсё так добра склалася.

— Я прыйшоў да дзеда Васіля, каб расказаў, ці можна з вострава на востраў пераходзіць. Дзед кажа: не, але выхад ёсць. Сказаў мне паклікаць Сяргея. Той збіраўся адзін на Ведзьміну тоню ісці рыбу лавіць, бо на нашай копанцы яму твой Віцька з гарадскім Эдзікам набілі морду і сказалі, каб больш туды не соваўся. Вось… А дзед Васіль нам кажа: зробім плыт і паплывём утраіх!

— Дзед паплыве? Не смяшы! — не паверыла Жэнька.

— Я не смяшу. Памятаеш, на сустрэчы ў школе Васіль Яўменавіч казаў, што там, на астравах Ведзьмінай тоні, партызанскі атрад ратаваўся ў блакаду? Вось, дык ён хоча туды трапіць і… Ну, чацвёра партызан не выйшлі тады з балота, дзед кажа, што згінулі, багна ж кругом. Дарэчы, там усе з нашай вёскі… Вось ён хоча там пабыць. Ну, не ведаю, мо ўспомніць усіх… А бутэлькі гэтыя — каб плыт быў хоць і меншым, ды трымаў многа. Вось так! — ён глянуў на Жэньку з пераможным выглядам.