Жэнька закусіла вусны. Вось як усё перавярнулася!
— А… як жа тваё даследаванне астравоў? — спытала Жэнька.
— Адно другому не замінае, — махнуў рукой Віталь. — Мы адразу тры задачы рашым: дзеда на астравы звозім — раз; астравы аблазім — два; рыбы наловім, насушым, насолім і прададзім — тры!
– І… Нэлу з сабой браць будзеце?
— А Сяргей яе не кіне. І яна за Сяргеем як хвосцік — ні на крок не адыходзіць. Возьмем.
Падышлі ўжо да дома Жэнькі, і яна адважылася, запытала гулліва:
— Віталік, а мяне возьмеце?
Віталь лыпнуў разгублена вачыма, перакінуў мех на другое плячо:
— Ды ідзі ты… — адказаў ён, пакрыўджаны. — Я табе сур’ёзна аб усім кажу, а вы…
Ён пайшоў, а Жэнька зразумела, што «вы» — гэта яна і яе брат. І што пакрыўдзіўся Віталь не дарэмна — нельга было ёй аб такім сур’ёзным пытацца смехам.
На абед прыехаў бацька: загарэлы, рукі чорныя, ну хіба настаўнік? Трактарыст звычайны. Жэнька ліла яму на рукі і пыталася, як бы аб нечым другарадным.
— Тата, ты б пусціў сваю дачку на балота?
— А што рабіць маёй дачцэ на балоце?
— Рыбу лавіць.
— Не-а.
— А калі б у дачкі былі два надзейныя ахоўнікі?
— Яе ўзросту? Не.
— А з імі — дарослы і паважаны чалавек…
— Ну-у. Няхай тады сходзіць, камароў пакорміць…
— А з начоўкай?
Бацька выцерся ручніком, які ляжаў на плячы ў Жэнькі, няўцямна глянуў:
— Што гэта за такія задумы? Здаецца, у школе ніякіх паходаў на наша балота не планавалі…. Пайшлі есці, раскажаш.
Маці за сталом напачатку коратка расказвала аб сваіх праблемах: гэта звыкла, у школе праблемаў заўсёды хапае. Бацька слухаў, еў, ківаў галавой. Жэнька пакуль цярпліва чакала. Яна ведала — бацька яе падтрымае. А маці? О, маці будзе супраць, дакладна супраць. Добра б было, каб Віцька быў з хлопцамі. Але ж як склалася: з Віталем пасварыўся, з Сяргеем пабіўся і з гэтым гарадскім Эдзікам нешта не сустракаецца. Таксама кошка чорная паміж імі прабегла, ці што? Віцька сядзеў за сталом хмуры — як і два апошнія дні. Маці была пыталася ў яго, што здарылася, але больш за тое, што Віцька расказаў аб сутычцы на возеры, ён не расказваў.
— А ў мяне вось якая навіна, — бесклапотна пачала Жэнька, калі ўсе свае праблемы маці выказала. — Віталік Аўдзееў увесь год марыў адшукаць тайну астравоў Ведзьмінай тоні — думае, што астравы штучныя і хаваюць нейкую тайну. І хоча пабываць на ўсіх астравах.
— Там жа балота! — усклікнула маці. — Як ён пройдзе?
— Потым, слухайце далей, — працягвала Жэнька. — Той самы Зойчын Сяргей, які лавіў рыбу, каб карміць сваю сястрычку, таксама зазбіраўся на Ведзьміну тоню лавіць там. І збіраўся разам са сваёй сястрычкай. Васіль Карота на гэтых астравах у час вайны са сваімі сябрамі-партызанамі ратаваўся ад блакады. І там, недзе ў балоце, загінула тады чацвёра партызан. І дзед захацеў на сконе жыцця наведаць гэтыя мясціны…
— Чакай, чакай, — раптоўна пасур’ёзнеў бацька. — Алена, — звярнуўся ён да маці, — ты ж яшчэ застала той час, калі дырэктарам у школе была Ганна Дзмітрыеўна?
— Рагоза? — удакладніла-перапытала маці.
— Вось, сярод тых чацвярых вяскоўцаў — яе бацька!
— Ты што?
— Праўда.
— Дык што далей, Жэня?
— А далей, як вы здагадаліся, тры розныя жаданні аб’ядналі трох розных людзей — і задача не стала такой складанай. Яны збіраюцца зрабіць плыт і па возеры наведаць усе астравы. І я з імі хачу, мам, — закончыла яна з плаксівай просьбай, з надрывам нават, так шчыра і нечакана, што маці адхіснулася.
— Куды ты хочаш? — перапытала яна, быццам не зразумела, якое жаданне выказала дачка.
— Я хачу плыць на плыце па Ведзьміной тоні, начаваць каля кастра і… напісаць аб гэтым! І сфатаграфаваць. Гэта будзе сапраўдны матэрыял! Ну, мам? — зноў у канцы заплаксівела Жэнька.
— Што — «мам»? А бацьку пытаць не трэба? — схітрыла маці.
— Напачатку ты!
— Чакай, дачка, — падаў голас бацька. — Тут справа сур’ёзная. Гэта не на копанку схадзіць. І не толькі таму, што небяспекі на балоце і на вадзе хапае, — цвёрда сказаў бацька і нечакана спытаў: — А ты, сын?
Віцька, які за сталом не сказаў ні слова, здрыгануўся, але нічога не адказаў.
— Андрэй, — папярэдзіла маці бацьку, — не загарайся, як хлапчук. Што табе да дзіцячых гульняў?
— Гульняў? — ціха, з напружаннем перапытаў бацька. — Жаданне старога партызана — гульня? Лавіць рыбу, каб купіць сабе і сястры хлеб — гульня? Гульня — гэта… — ён прыпыніўся.