— Віцька, слухай… — працягнула просячы Жэнька. — Пайшлі да… дзеда Васіля з хлопцамі. Мяне адну яны прагоняць, слухаць не захочуць. Пайшлі, а? Ты ж таксама хочаш на плыце паплаваць, па астравах тых пахадзіць. Лета пройдзе, не ўспомніш нічога…
Віцька сеў на лаўку. Жэнька выйшла з палісадніка, апусцілася побач.
— Мяне таксама прагоняць… — ціха сказаў Віцька.
— А ты… папрасі прабачэння ў Сяргея, — нясмела прапанавала Жэнька. — Ты ж усё-такі вінаваты…
— Я ведаю, — рэзка адказаў Віцька, замаўчаў.
— А чаго ты з Эдзікам пасварыўся? — перавяла размову на іншае Жэнька. — Ён адзін, бачыла, у садзе загарае, музыку слухае…
— Не лезь, — цыкнуў Віцька, але тут жа сказаў глуха: — У лесе сарачанят расстрэльвалі… Адно жывое неслі, ён… яму лапу зламаў, спецыяльна, каб таксама забіць. І расстраляў з рагаткі. З трох крокаў… А я яму… З рагаткі ў галаву стрэліў. Скуру рассек, кроў пайшла. То гэта маці, відаць, і выклікалі ў сельсавет. Наплакаўся, мабыць…
— Эх, ты… — з жалем сказала Жэнька. — І вялікі, а такі дурны, людзей бачыць не ўмееш. Віталіка пакрыўдзіў. Адзін застаўся.
— З Віталем я паміруся… — упэўнена адказаў Віцька, скочыў з лаўкі, загаварыў узрушана: — Слухай, а калі мне, ну, падарыць ці аддаць Сяргею сваю вуду, а?
— Новую?
— Ага! У яго ж вуды простыя, арэхавыя вудзільны. Возьме?
— Не ведаю… — паціснула плячыма Жэнька. — Можа і не ўзяць, ён горды.
Віцька пабег да хлеўчыка, у якім, акрамя бацькавага інструмента і розных неабходных рэчаў для гаспадаркі (плужок, рыдлёўкі і падобнае), ляжалі яго вуды. Ён вынес з хлеўчыка новую, два тыдні назад купленую ў райцэнтры складную вуду: лёгкая, сямікаленная, на пяць метраў даўжыні, з катушкай.
— Ты на яе год грошы збіраў, — напомніла Жэнька. — Не шкада?
— Не-а, — адказаў Віцька з ноткамі радасці, быццам адшукаў жаданае выйсце. — У яго такой вуды зроду не было! Уяўляеш?
— Уяўляю. Я пайду з табой! — цвёрда заявіла Жэнька.
А Віцька адчуў сябе так, нібыта, доўга блукаючы ў пошуках, ён выйшаў на цвёрдую, роўную дарогу, якая выведзе яго на месца. Ад таго першага жадання, калі ў яго руках аказаўся той тэкст з нямецкага сайта, не засталося і следу. Так, напачатку свярбела не проста ўсіх здзівіць — прымусіць усіх слухаць яго. О, яшчэ б прасілі, каб быў з імі. Але вось — толькі так трэба: ён найперш паспрабуе прымірыцца з Сяргеем. Ён (і Жэнька, вядома) папросіць Віталя, дзеда Васіля і Сяргея, каб узялі яго і сястру ў сваю каманду. А потым ужо раскажа пра той тэкст. І нават калі адмовяць — ён усё роўна раскажа! Бо гэта так важна…
— Пайшлі! — выгукнуў рашуча Віцька. — За пытанне не б’юць.
У садку іх першай пабачыла Нэла
— Га! — выгукнула нечакана яна.
Сяргей, які з Віталем разбіраў бутэлькі, са здзіўленнем і захапленнем адначасова паглядзеў на яе, хацеў сказаць нешта радаснае, бадзёрае, але пабачыў, што Нэла пальчыкам паказвае ў бок надворка. Зірнуў. І пайшоў насустрач, рашуча, сціснуўшы кулакі.
Жэнька ішла крыху ззаду Віцькі, але як толькі ўбачыла напоўнены злой рашучасцю твар падыходзячага Сяргея, яна прайшла наперад, прыкрыўшы плячом брата. Яны спыніліся.
Спыніўся і Сяргей. Ён паглядзеў з-пад ілба на Віцьку і працадзіў скрозь зубы:
– Ідзі адсюль!
Столькі нянавісці і злосці было ўкладзена ўсяго ў два гэтыя словы, што Віцька адхіснуўся назад, забыўшыся, што трымае ў руках новую вуду.
– Ідзі адсюль! — паўтарыў Сяргей з той пагрозай, што стала зразумела: трэцяга папярэджання не будзе.
— Сяргей, паслухай… — Жэнька адчайна шукала словы, каб не даць успыхнуць бойцы, каб толькі Сяргей не ўзмахнуў сціснутымі ў кулакі, напружанымі рукамі, каб памякчэў яго закамянелы ад нянавісці твар.
А Сяргея на самай справе душыла нянавісць. І крыўда. Дурань, чаму ён дазволіў тады гэтай дзяўчыне падарыць цацкі Нэле! Вось прыперлася! І гэты… Якое ён мае права прыходзіць у яго сад пасля таго, што адбылося на копанцы? Ён, сыты гад, не ведае, якім можа быць смачны хлеб, калі два дні запар душыцца адной варанай бульбай. Ён не ведае, што значыць прачынацца на золку ад дрыжыкаў у будане. Ён не ведае, што значыць стаяць з віламі супраць дарослага мужчыны, былога зэка. Ён нічога не ведае, ён вырашыў, што толькі адзін мае права лавіць рыбу на копанцы, і ён не прыйшоў тады адзін на адзін, каб разабрацца чэсна, ён і цяпер гэту дзяўчыну дзеля абароны прывёў…
Віцька стаяў напружаны не менш за Сяргея. Умомант узмакрэлі рукі, вуда ледзь не выслізнула з мокрай далоні. «Вуда», — ён успомніў, што трымае ў руцэ. Віцька варухнуў плечуком, адсоўваючы ўбок сястру, і сказаў сіплым голасам.