Выбрать главу

Дзед Васіль насцярожыўся, уважліва глянуў на Віцьку.

— Дзе знайшоў? Што там пра тоню?

– Інтэрнэт… — пачаў Віцька, не ведаючы, як можна патлумачыць старому чалавеку, што такое Інтэрнэт. — Ну, ёсць камп’ютэр. Гэта як тэлевізар амаль. Толькі па тэлевізары перадае адна станцыя, а ўсе глядзяць. А я магу нешта надрукаваць, фотаздымак паставіць у камп’ютэр, і гэта можа прачытаць і пабачыць любы чалавек у любой кропцы зямлі. Вось такая сістэма, каб можна было абмяняцца інфармацыяй з любым і кожным і завецца Інтэрнэтам. Сёння ў свеце шмат якія газеты перадаюцца праз Інтэрнэт. Не трэба купляць — уключыў і праглядвай. Ну, яшчэ ёсць пошук. Розных дакументаў так многа, што цяжка знайсці патрэбны. А пошук для таго… Напрыклад, нам трэба адшукаць усе дакументы, дзе сустракаецца слова «тоня». Пішам яе, ціснем — і усе дакументы з гэтым словам нам паказваюцца…

— Бач, да чаго людзі дадумаліся, — пакруціў галавой стары. — То хутка мне газет не будзе на самакруткі…

Засмяяліся, а Віталь упэўнена сказаў:

— Што вы, паперу нішто ніколі не заменіць! Камп’ютэр — раз і зламаўся! І ўсё, што там было, — прапала. Ну, праўда…

— Не перабівай! — спыніў яго Сяргей. — Хай Віцька гаворыць.

— Ага, кажы!

— Дык вось, — працягваў Віцька. — Я адшукаў у Інтэрнэце нейкую нямецкую газету. Пераклад няўдалы, думаю, што гэта газета невялікага горада. Зрэшты, гэта не мае значэння, што за газета, і што за горад. Там быў надрукаваны вось такі артыкул дзевяць гадоў таму. Гэта інтэрв’ю…

Віцька, відавочна хвалюючыся, палез у нагрудную кішэню, выцягнуў складзеныя ўчацвёра лісты белай паперы.

Раптам наступіла цішыня — было чуваць, як распрамляюцца лісты ў Віцькіных руках. Яго хваляванне перадалося іншым — усе зразумелі, што Віцька адшукаў нешта сур’ёзнае. Такое сур’ёзнае, што не мог сказаць нікому з іх аднаму. А толькі ўсім разам…

– «Двойчы памерлы», — пачаў чытаць Віцька.

«Літаральна за тыдзень да свайго знікнення пан Пітэр Даўчэль раскрыў страшную тайну свайго жыцця.

Наш карэспандэнт не выпадкова звярнуў увагу на гэтага старога: усё жыццё ён пражыў адзін сярод нас, быў маўклівым і не таварыскім. Але і ўпікнуць яго ў нечым было нельга. Мажліва, гэты чалавек, не этнічны немец, а выхадзец з усходу, славянін, так і не змог зжыцца з намі. Ён не жаніўся, у яго не знайшлося родных. Ён быў добрым рабочым на фабрыцы. І калі звярнуўся ў мэрыю са сваёй просьбай, тут было чаму здзівіцца. Пан Пітэр Даўчэль прасіў, каб мэрыя набыла яго дом пасля смерці, усю яго нерухомасць. А грошы пакласці на рахунак, які ён таксама завяшчаў мэрыі з той умовай, што 10 % сумы застаецца ў мэрыі, а астатняе мэрыя павінна перавесці ў Беларусь на рахунак любога дзіцячага дома!

Пан Пітэр Даўчэль згадзіўся адказаць на пытанні нашага карэспандэнта з адной умовай: пры яго жыцці нічога не павінна быць надрукавана.

На мінулым тыдні мы змаглі палічыць яго мёртвым — аб гэтай загадцы ў канцы. Калі ў мэрыі паглядзелі на рахунак… Не маем права раскрываць фінансавую тайну, але, як аказалася, пан Пітэр Даўчэль збіраў сродкі усё сваё жыццё! Можаце ўявіць…

Прапануем увазе спадарства частку адзінага і апошняга інтэрв’ю з гэтым чалавекам.

…— Вы добры гаспадар, законапаслухмяны, фізічна здаровы, у сэнсе — нармальны чалавек, без заганаў… Чаму вы не жаніліся? Я ведаю, вы — славянін. Вам не падабаюцца немкі?

— Вы кажаце глупства. Мне падабаюцца нямецкія жанчыны. Але мёртвы не можа жаніцца.

— Э-е… выбачайце, не зразумеў. Вы — мёртвы?

— Так, я памёр у 1943 годзе. Я замерз у балоце.

— Чакайце, чакайце, я зараз з глузду з’еду. Як гэта — вы замерзлі, калі вы перада мной! У якім такім балоце!

— У балоце Ведзьмінай тоні.

— О, пан Даўчэль, ну патлумачце хутчэй, а то мне ужо страшна…

— Няма мяне чаго баяцца… У 1943 годзе я быў маладым партызанам, які з трыма сваімі таварышамі ратаваўся ад карнікаў сярод балота.

— О, мой Бог! Вы былі партызанам?

— Так, быў…

— Але як атрымалася, што вы — тут… І — нежывы, як вы кажаце…

— Нашай групе не пашанцавала — нас накрыла мінамётным агнём. Аднаго раніла. Потым заблукалі. Доўга былі без вады і ежы. Абмарозілі рукі і ногі… Неяк выйшлі на востраў — цвёрдае месца сярод балота. Там знайшлі зямлянку — нашы таварышы былі тут і пайшлі за два-тры дні да нас. Зямлянка была вялікая, мы вырашылі адпачыць крыху і выбірацца. Двое маіх сяброў пайшлі на бераг вострава — мы бачылі, што там да нас рабілі лункі, лавілі рыбу. Мы хацелі есці. Яны налавілі рыбы, але перад берагам лёд трэснуў, і абое праваліліся ў багну. У самы вялікі мароз нельга верыць балоту… Яны прыйшлі ў зямлянку, пакрытыя лёдам. Я распаліў агонь, хоць стаяў сонечны дзень і гэтага нельга было рабіць.