К вечару яны скруцілі падлатаную палатку ў мех, у асобны мяшэчак паклалі зробленыя расцяжкі.
Цяжка было паверыць, што ў іх заставаўся ўсяго адзін дзень — а потым пачнецца справа…
Частка 21
Сапраўдная бяда прыходзіць не тое што нечакана — яна прыходзіць такой, што адразу і зразумець не зможаш, што гэта — бяда. І аблічча яе — не заўсёды чорнае і страшнае, злое ды трывожнае. Можа і такім быць: чыстым, акуратным, гаваркім, вясёлым. Проста сяброўскім.
Не вялікая бяда, калі насуперак табе робяць.
Вялікая бяда, калі робяць насуперак, лічачы, што робяць для цябе…
Ранак пачаўся добра.
Яшчэ на «пячурцы» не закіпеў чорны ад копаці чайнік, як да дома падляцеў, завішчаў тармазамі і стаў міліцэйскі УАЗік. Што гэта міліцэйскі — Сяргею казаць не трэба было. Выйшлі двое, потым і трэці — вясковы ўчастковы. І ўсе, не марудзячы, падаліся проста ў хату. Хутка адтуль выйшлі, але — вось нечаканасць! — вялі за сабой і «прымака». Той не супраціўляўся, ішоў нетаропка, абыякавы, здавалася, да таго, што ішоў у суправаджэнні міліцыянераў.
Завуркатаў рухавік, аўтамабіль крутануўся і знік.
І амаль адразу ж у садок прыйшла маці — разгубленая, напужаная, вартая жалю…
— Федзьку забралі… І за што, не сказалі… Што ж гэта робіцца?
Толькі цяпер Сяргей успомніў, што «прымака» завуць Фёдар. Ён павярнуўся да маці, спытаў сур’ёзна:
— Ты чаго шкадуеш?
Маці не чакала такога пытання, маўчала, потым з апраўданнем стала казаць:
— Дык жа, сыночак, я б прапала без яго… мужчына ж усё-такі ў хаце трэба… Прывыкла я.
— Прывыкла гарэлку піць — вось да чаго прывыкла. І не без яго прапала б, а з ім, як далей застанешся — прападзеш. Глядзі: калі ён за лета не выбярэцца адсюль, мы хоць у садку не застанёмся, але і ў хату я не пайду. Я ў інтэрнат больш не паеду, бо вы Нэлу калекай зробіце на ўсё жыццё, яе вам я не пакіну. Яна са мной жыць будзе, — закончыў Сяргей цвёрда.
— Сынок, сынок, што ты такое кажаш… Ой, хоць бы ты мяне пашкадаваў…
— А ты мяне шкадавала? — голас Сяргея перайшоў на крык, крыўда, нарэшце, вырвалася вонкі: — Я, колькі сябе памятаў, есці хацеў. Нэла з-за вас размаўляць перастала, вы яе, як звярка якога, на вяроўчыну прывязваеце, здзекуецеся… Ва ўсіх хаты як хаты, а ў нас — прытон. Смурод, не зайсці. Бруд, бялізна пагніла, у агародзе пустазелле расце толькі, а ты просіш, каб я цябе пашкадаваў?
Маці моўчкі плакала. Не, не моўчкі — мёртва плакала, твар яе скамянеў, толькі з вачэй ліліся і ліліся слёзы. Сяргей разумеў, што словы яго — вельмі балючыя словы, але не мог спыніцца, не мог не даказаць таго, што год за годам збіралася на душы, акрэслівалася спачатку ў злосць на ўсіх, а потым — у жаль да сябе, і нарэшце — у нянавісць да гарэлкі і п’янства.
— Не буду я цябе такую шкадаваць! Кідай піць, едзь, закадзіруйся. Столькі людзей піць кідае, едзь і ты! Няма грошай — я пайду да людзей, пазычу, адраблю, мне дадуць! Але не пі больш! Тады ў хаце і на двары ўсё рабіць буду, тады шкадаваць буду. Няўжо нам як людзям жыць нельга, няўжо праклятыя мы з Нэлай, каб кожны дзень думаць, што на вечар паесці і дзе заўтра на хлеб зарабіць? Я па-чалавечы жыць хачу! У сваёй хаце, якую для мяне бацька будаваў. Чаго ўсякая навалач у ёй гаспадарыць? Я заб’ю яго, калі сам не выбярэцца!
Сяргей выкрыкваў гэтыя горкія словы і адчуваў, што сам вось-вось расплачацца. І адначасова з гэтым ён раптам зразумеў, што цяпер вось, нечакана для самога сябе, ён акрэсліў выразна сваё заўтрашняе жыццё: выцягнуць маці з п’янай багны, выгнаць з хаты праклятага прымака. Прыбраць там усё, вычысціць, зарабіць грошы на тэлевізар, каб зімовымі вечарамі ім можна было разам з Нэлай, седзячы на канапе ля цёплай грубкі, глядзець добры фільм… Усе гэтыя жаданні жылі ў ім кожнае паасобку, а цяпер вось сабраліся разам у выразны план дзеяння.
Зноў завішчалі тармазы УАЗіка ля варот. Знаёмыя міліцыянеры выйшлі з аўтамабіля, накіраваліся да маці і Сяргея.
— Дзень добры! — павіталіся, участковы са скрухай паглядзеў на Сяргея і за яго спіну — на будан. Там ля ўваходу стаяла напалоханая крыкамі Нэла.
— Ну што, Васільеўна, давай расказвай, — дастаў планшэтку участковы. — Толькі папярэджваю: не хітрыць.
— Што расказваць? — перапалохалася маці. — Я нічога не рабіла, то вы прыехалі, забралі Федзьку…
— Федзька твой затрыманы ў сувязі з крадзяжом цяля з фермы… Так, расказвай: дзе твой Федзька начаваў?
— Дома начаваў…— хутка адказала маці. — Дома… выпілі крышку і спалі. Ага, спалі, во пакуль не прыехалі за ім…
— Васільеўна, я цябе афіцыйна папярэджваю… — строга загаварыў участковы.