Дзед Васіль ледзь-ледзь усміхнуўся ў свае вусы:
— Правільна рашылі…
— Раскажыце нам, калі ласка, аб сваім гераічным мінулым…. Стоп, Таня, выключы… Антон, здымкі! Зайдзі з таго боку, каб хаты не было відаць, бо яна старая… Таня, уключай… Васіль Яўменавіч, раскажыце, калі ласка…
І асеклася, пабачыўшы, як дзед Васіль рукой прыкрыў мікрафон, пакруціў у скрусе галавой.
— Ты пачакай, дачушка… Мы тут людзі вясковыя, нетаропкія, прывыклі не спяшаючыся ўсё рабіць… Вось пакуру, а вы нам раскажыце аб усім. Ды і назавіцеся, а то не ведаю, як звяртацца да вас…
— Ой, а я і не назвалася, — штучна рагатнула жанчына. — Лідзія Камуліна, камандзір вышуковага атрада.
— Вышуковага, значыць… Добра. І многа вы чаго ўжо знайшлі?
— Ну, вы ўлічыце той момант, што наш атрад — малады, ён толькі сфарміраваўся. І магіла вашых былых сяброў-партызан, якую мы думаем адшукаць, будзе нашым першым важкім укладам у справу увекавечання…
— Чакай, Лідзія Камуліна, — прыпыніў дзед жанчыну. — Як гэта вы думаеце шукаць?
Жанчына на імгненне разгубілася, з дакорам азірнулася да Жэньку:
— Яўгенія, табе хіба не тэлефанавалі з камітэта?
— Не, — паціснула плячыма Жэнька. — Можа, і тэлефанавалі, але я тут была.
— А, ну тады ўсё зразумела… — жанчына зноў стала упэўненай і энергічнай. — Значыць, райкам вырашыў, што арганізацыя пошукаў будзе праходзіць наступным чынам: атрад пярвічнай школьнай арганізацыі уліваецца ў наш атрад…
— Плыт усіх не возьме… — разгублена падаў голас Віталь.
— Мы гэта прадумалі, нічога страшнага, шлях не вялікі, на патрэбнае месца пераправімся за два разы… Такім чынам, вы, — жанчына хутка акінула вокам Віцьку, Віталю і Жэньку, — становіцеся членамі нашага атрада «Пошук». Праўда, у нас няма для вас касцюмаў, але мы захапілі нашыўкі-эмблемы, так што вам трэба будзе дома знайсці нешта падобнае на нашы касцюмы, каб на фотаздымках усе былі з эмблемамі.
— А ў нас ваш камітэт пытаў? А калі хто не член саюза моладзі? — з падтэкстам спытаў Віцька.
— Ну, ён можа нам дапамагаць сабраць плыт, паднесці рэчы, мы можам назваць яго ў сваёй справаздачы…
— Але на плыт вы яго не возьмеце? — дапытваўся ўжо з’едліва Віцька.
— Ну, зразумела, што не, — пераканана адказала жанчына. — Ты зразумей, гэта справа — не простая, гэта палітычная…
Віцька быццам не чуў жанчыну, павярнуўся да Сяргея:
— Вось так, Сяргей: ты гэта прыдумаў, ты бутэлькі збіраў, рыхтаваў, пілаваў, а цябе і на плыт не возьмуць…
— А што так перажываць? Галоўнае — малады чалавек прыняў актыўны ўдзел у нашай справе… Мы, вядома ж, выкажам яму падзяку, можам напісаць рэкамендацыйны ліст, каб яго прынялі ў пярвічнай арганізацыі ў саюз моладзі… От, Яўгенія, трэба табе пагаварыць з сакратаром камітэта: вельмі добра можа атрымацца — мы прымем хлопца ў члены БРСМ прама там, на тым месцы, дзе знойдзем магілу. Гэта будзе выдатна!
Ад усяго пачутага ўсе — Жэнька, Віталь, Віцька, Сяргей — быццам аслупянелі. Тое, што здавалася іх асабістай марай, іх блакітнай птушкай, якую яны трымалі ў руках, раптам ператварылася ў нежывое чучала, у нешта, што перастала быць іх асабістым. Яны разумелі, што нейкая доля ісціны хаваецца ў словах гэтай Лідзіі Камулінай, што ёсць і нейкая правільнасць у яе дзеяннях. Але як жа так магло атрымацца, што гэта правільнасць і гэта ісціна скіраваліся на тое, каб пазбавіць іх асабістага плыта, іх плана, іх мары, нарэшце? Яны ж марылі плыць самі! Самі шукаць магілу, лавіць рыбу на досвітках, весці картаграфічную разведку астравоў і возера…
— Так, усё, я думаю, стала зразумела, пытанняў да мяне больш няма, а ў нас затое яшчэ многа пытанняў да Васіля Яўменавіча… Таня! Антон, зайдзі, я табе казала, з другога боку… Дзеці, дзеці, адыдзіце далей крошкі, яшчэ, яшчэ..
Адышлі. Жэнька з маленнем у вачах паглядзела на Віцьку:
— Як жа гэта? Як жа так?
— Яны стануць галоўнымі, а мы — нібы з боку, так? — бяссільна загаварыў Віталь. — А як жа мая… наша карта астравоў… Сяргей, чакай! — спыніў ён Сяргея, які, узяўшы Нэлу за руку, накіраваўся ў свой агарод, да будана.
Сяргей прыпыніўся.
— Не буду я ваяваць… Гэта не з «прымаком». Тут вілы не дапамогуць…
— Зараз возьмем бутэлькі і ў вогнішча пакідаем! — адчаю ў словах Віталя было больш, чым злосці.
— Не трэба ў вогнішча. Гэта ж наша мара. Ну, закончыцца ўсё, то паплаваем па ўсіх астравах… А ведаеце, у мяне ўжо ўчастковы прасіў, каб далі потым плыт на дзень-другі: хоча на шчупакоў схадзіць, — Сяргей усміхнуўся, неяк весялей ад гэтых слоў стала і астатнім.