Выбрать главу

— Дзед Васіль нас кліча, — Жэнька была азірнулася і пабачыла жэст старога. — Пайшлі…

— Дзед не ўсіх, ён толькі цябе кліча, — паправіў сястру Віцька. — Ідзі.

Жэнька пайшла.

Частка 22

Сядзелі на траве каля будана, паглядваючы ў бок сада дзеда Васіля.

— Пайду, скажу бацьку, каб ніякага трактара заўтра не даваў, — ледзь не плакаў ад крыўды Віталь.

— Чаго ты так перажываеш? — памяркоўна супакойваў яго Віцька: — Урэшце, і ты, і Сяргей збіраліся ж напачатку зусім другой справай заняцца, а не пошукамі магілы. Ну, завязём мы іх на той востраў, а самі спакойна будзем сваю справу рабіць…

— Ага! Ты чуў: яна там камандавала, што і Сяргея ўжо не возьмуць, а пра Нэлу і гутарку весці не будуць…

— Чакайце… А я не аддам ім плыт, — спакойна і ўпэўнена сказаў нечакана Сяргей. — Ніхто не мае права браць чужое. Увогуле, мы можам далей дзейнічаць так, як быццам іх і няма. І ўсё…

На хвіліну павісла маўчанне, відавочна, сябры думалі над словамі Сяргея. Нарэшце цішыню парушыў Віцька:

— Усё крыху складаней. Ведаеш, ты прабач, але вось такое тваё становішча дае табе больш свабоды, чым маем мы. У нас з Жэнькай маці — настаўніца. Дэпутат сельскага савета. Дарослыя заўсёды вырашаюць нешта за нас і вырашаюць не ў нашу карысць, калі нашы справы робяцца больш значнымі…

— Вось і я пра тое, — усё з тым жа адчаем загаварыў Віталь. — Яны скажуць дзеду Васілю — і той пойдзе на балота тады, калі гэты атрад пойдзе. А без дзеда мяне бацькі не пусцяць.

— А я не аддам плыт, — упэўнена і спакойна паўтарыў Сяргей.

— Ды не гарачыся ты. Мы можам таксама ўмову паставіць: каго мы з сабой браць будзем… А палаткі якія ў іх новенькія… І рукзакі, і форма… — з ціхай зайздрасцю глядзеў Віцька на тое, як у садзе дзеда Васіля хутка ставіліся дзве яркія блакітна-чырвоныя палаткі.

— О, Жэнька з дзедам у хату пайшлі… Мабыць, дзед будзе апранаць свой святочны касцюм з медалямі. І яшчэ яму галіцца трэба — сам казаў… Бач, за яблыкамі ўсе кінуліся, як гаспадар у хату пайшоў, — каменціраваў убачанае Віцька. І раптам проста пляснуў сябе па ілбе. — Дурні мы! Мы не маем права згаджацца!

— Ты што?

— Там жа трое партызан пахавана, забыліся?

— Чорт…

— Гэты атрад не павінен быць на востраве раней за нас! — заключыў Віцька.

— Тым больш, плыт мы ім не аддадзім, — заключыў Сяргей. — Паставім умову: раз плыт у нас, то дыктаваць мы будзем.

— Правільна, — падтрымаў Віталь. — Умова будзе такой: мы першыя на востраў, яны — потым. А плыт мы ім перагонім, як ужо справу зробім…

Тут хлопцы пабачылі, як Жэнька нечакана выбегла з хаты і пабегла вуліцай у другі канец вёскі.

— Здарылася што?

— Што? Ну, Жэньцы ж таксама не вельмі прыемна, што гэтыя коршакі наляцелі…

Яшчэ хвілін праз дзесяць з сянец выйшла баба Адарка і пакрочыла ў сад да атрада і яго камандзіршы. Старая спынілася перад жанчынай, нешта стала ёй казаць. Нават адсюль было бачна, як рэзка змяніўся твар жанчыны — знік урачыста-пераможны выгляд, рот скрывіўся ў разгубленай усмешцы.

— Не, нешта там не тое, — занепакоена сказаў Сяргей. — У бабы Адаркі твар надта сумны. І дзед не выходзіць…

— Пайшлі, — гукнуў за сабой Віцька.

Ужо былі ў дзедавым садзе, як пачулі строкат матацыкла. А потым з вуліцы на надворак хутка прайшла добра знаёмая хлопцам фельчарка іх вясковага медпункта: паўнацелая, мажная жанчына з суровым тварам. У белым халаце сваім, з патрапаным ужо ад часу чамаданчыкам. Следам за фельчаркай на двор зайшла Жэнька, запыханая, расчырванелая.

— Васілю Яўменавічу дрэнна стала!

Усе памкнуліся ў хату ўслед за фельчаркай. Заспяшалася з саду баба Адарка, а за ёй разгублена — і камандзір пошукавага атрада Лідзія Камуліна.

Дзед Васіль ляжаў на канапе і, здавалася, не дыхаў зусім. Фельчарка прысела побач, узяла яго руку ў сваю, знайшла пульс.

— Што, Яўменавіч, думаў хлапчуком па балоце пабегаць? — стала выгаворваць яна. — Не атрымаецца… Гады не тыя. Так, ціск памераем… — хутка дастала апарат, змерыла ціск, сумна паківала галавой. — Ну, я так і ведала. У вас усіх хваробы аднолькавыя. Так, зараз капельніцу пастаўлю, а заўтра ў бальніцу ў раён. Дзён на дзесяць. Трэба сэрца падмацаваць…

Яна азірнулася на прыціхлых ля дзвярэй падлеткаў і строга сказала:

— Усім з хаты і з двара! Чалавеку трэба поўны спакой. Растрывожылі…

— Але мы тут па заданні… — стала разгублена апраўдвацца Лідзія Камуліна.

— Не ведаю я пра вашы заданні, — катэгарычна перабіла яе фельчарка. — Я ведаю пра здароўе сваіх ветэранаў. І ведаю, што такія сустрэчы трэба б было ўзгадняць з намі. Наляцелі з пытаннямі, быццам з неба зваліліся — вось і разышлося сэрца не на жарт. Усё, выходзьце. Жэнька, дапамажы мне капельніцу дзе замацаваць, у амбулаторыю дзеда цяпер не павязём.