Выбрать главу

— Што, напужаліся крыху? — падбадзёрыў стары. — Не перажывайце, бывае ў жыцці і страшней. Вось калі ты зробіш, а другі цалкам тваё сабе забярэ — гэта балюча. Разумею, крыўдна і так… Не, то наша справа, нашай вёскі. Што тут чужым рабіць? Правільна я разумею?

— Правільна! Але мы тут аб другім падумалі… — пацішыў голас Віцька. — Аб тым дакуменце…

— Малайцы. І я аб гэтым падумаў адразу… Ну, вось і добра… А то я рашыў, што вам захацелася такія нашыўкі на рукавах панасіць, — падміргнуў дзед.

Засмяяліся шчасліва.

Усё ў іх атрымлівалася.

Але калі зноў нечакана завішчалі тармазы на вуліцы, уздрыгнулі ўсе. Толькі Сяргей спакойна зазначыў:

— Гэта старшыня прыехаў. Толькі ў яго УАЗіка так тармазы вішчаць.

І праўда, у сад зайшоў старшыня.

Павітаўся, прысеў на прапанаваны зэдлік.

— Ну, як настрой? Баявы? Добра, бачу, што баявы… Мне тут сказалі, што фельчарку выклікалі…

— Ты даруй, мне, Рыгоравіч, — загаварыў дзед Васіль. — Пасля мы табе многае патлумачым, ты хоць і чужы, ды наш чалавек. Цяпер адно скажу: ёсць у нас абставіны, пра якія вось толькі мы ведаем. І так складваецца, што ніхто чужы не павінен быць там, на востраве, пакуль не будзе знойдзена магіла. Толькі мы. Павер, надта сур’ёзна гэта. Дзеці вось зразумелі…

— Ну, значыць так трэба, — ніколькі не пакрыўдзіўся старшыня, што яму не хочуць даверыць нейкую таямніцу. — Вы больш ведаеце — вам і прымаць рашэнні. Я вам таксама веру… Так, калі ў вас усё гатова, у нас таксама ўсё гатова. Заўтра будзе трактар, Антон Аўдзееў пад’едзе. Будуць старшакласнікі са школы, яшчэ я тры чалавекі сваіх выдзеліў — дапамогуць вам перанесці ўсё на востраў. Аркадзь Калюжы будзе — на выпадак, калі забуксуем дзе. Хто ў вас старшы?

Пераглянуліся між сабой — неяк і не назначалі яны нікога старшым. І так разумелі — камандаваць, калі трэба, будзе дзед Васіль.

— Васіль Яўменавіч у нас старшы, — так і выказаўся Віцька.

— Так, зразумела, — усміхнуўся старшыня. — З трох такіх хлопцаў лепшага і не выбераш…Тады я назначаю старшай у групе Яўгенію! Хто супраць?

— Ага, пабудзеш з ёй супраць, — прабурчаў Віцька, але заўсміхаўся — яму было прыемна, што яго сястра — будзе галоўнай.

Старшыня абвёў позіркам хлопцаў, сустрэў толькі усмешкі згоды.

— Няхай камандуе! Але абед усё роўна гатаваць будзе…

— Ну, старшы, сябры мае, — гэта не камандаванне. Гэта адказнасць. Не толькі за свой абед, а і за справы ўсіх. І за жыцці ўсіх, за бяспеку. Думаеце, лёгка мне старшым тут быць? — пасур’ёзнеў Мікалай Рыгоравіч. — Вось… Ну, а Жэнька ў нас дзяўчына разумная, і слухаць вы яе будзеце. А намеснікам будзе ў яе Васіль Яўменавіч.

Не ўтрымаліся, зарагаталі, курыў сваю самакрутку і ўсміхаўся ў вусы дзед.

— Трымай, камандзір, — працягнуў старшыня Жэньцы радыётэлефон. — Мабільная сувязь да нашай вёскі не дайшла, ну а нам вось яшчэ ў мінулым годзе ўдалося атрымаць на жніво пяць такіх. Дыспетчарская цябе будзе чуць і днём і ноччу. Быць самім заўсёды на сувязі. Вось яшчэ зараднае і акумулятар запасны. Віцька хай зарадзіць абодва, хопіць на двое сутак, калі не размаўляць гадзінамі. Ну, што яшчэ ад мяне трэба?

— Ды, здаецца, усё наш камандзір палічыла і ўлічыла, — адказаў за ўсіх дзед Васіль. — Нам бы толькі трактар раней…

— У восем гадзін будзе трактар і рабочыя. Са школай я сам дамоўлюся.

— Тады ўсё ў парадку.

Старшыня павярнуўся, каб ісці, але ў апошнюю хвіліну затрымаўся. Нейкі час ён вагаўся — казаць пры ўсіх ці адазваць Сяргея ўбок, каб пабыць адзін на адзін, але вырашыў усё ж, што ў хлопца не павінна быць тайн ад сяброў адносна яго маці.

— Сяргей… Сужыцеля тваёй маці сёння арыштавалі, ён ужо дае паказанні. Прызнаўся. Маці твая адна ў хаце застаецца. Ну, зусім адну мы яе тут не пакінем… У гэтым годзе мы дваіх мужчын адправілі на кадзіроўку ад гарэлкі за кошт калгаса. Бо не было ў людзей за што. Пакрысе яны адрабілі, цяпер — людзі як людзі, дзякуй кажуць. Мы і маці тваёй прапануем. Адно хацеў цябе папрасіць: вернецца яна — ідзі з сястрой жыць у хату. Падтрымай маці. Вельмі цяжка жыццё адразу перайначыць. Трэба, каб пратрымалася маці месяц. Глядзець за ёй, не раўнуючы што за Нэлай. Далей будзе лягчэй… Як, падтрымаеш?

— Я ўсё зраблю, — ціха адказаў Сяргей. — Адно каб не піла…Як паедзе, я хату перавярну, не пазнае…

— Ну, тады добра. Галіна Калюжа маці ўгаворыць, яны сяброўкамі былі. Займайцеся тут, а мне бегчы. Чакайце заўтра!

Завыў рухавік, заціх удалечыні вуліцы.

На нейкі час у садзе стала ціха, было чуваць, як пастрэльвае тытунь у дзедавай самакрутцы.

— Ну, хлопцы, узяўся за гуж — не кажы, што не дуж, — падбадзёрыў дзед прыціхлых сяброў. — Усё ў нас атрымаецца. Галоўнае — ісці да канца…