— Вы ж там, дзетачкі, пастарайцеся, адшукайце магілу. Не змагу я спакойна далей жыць, калі на магіле бацькі не пабуду. Хоць бы калі на Вялікдзень яечка яму чырвонае пакласці… Як там будзе — не ведаю, мо перазахаваюць, мо не. То як адшукаеце, вы мне скажыце. Я вас папрашу, каб мяне потым на плыце на той востраў завезлі. Хоць надта я баюся, ды здужаю…
— Ну, Дзмітрыеўна, не хвалюйся, — супакоіў яе дзед Васіль. — Павінны мы знайсці…
А да дома дзеда сталі падыходзіць вяскоўцы — больш пажылыя жанкі, дзеці, падлеткі. Многія віталіся, станавіліся побач. Прыйшлі пяцёра дзесяцікласнікаў разам з настаўнікам фізкультуры.
— Ну, дзе ваша дабро? Гэта ўсяго? Дапаможам…
Жэнька крыху разгубілася — ну хіба ж яна чакала, што гэтулькіх людзей зацікавіць іх ад’езд? І неяк няёмка цяпер рабіць здымкі пагрузкі… А так хацелася — каб кожны іх крок сфатаграфаваць.
Адзін за другім пад’ехалі два аўтамабілі — старшыня Мікалай Рыгоравіч і Іван Кузьміч — «Бабер». А з «Бабром» — маці Жэнькі і Віцькі.
Без колькі хвілін восем цэлы натоўп сабраўся ля хаты. Хлопцы адчувалі сябе вельмі няўтульна — ніяк не чакалі, што такія «праводзіны» ім вяскоўцы арганізуюць. Паглядвалі ў бок вуліцы, адкуль павінен быў пад’ехаць трактар бацькі Віталя. Але замест трактара на вуліцы паказалася вялікая серабрыстая машына. Амаль бясшумна яна пад’ехала да групы ля хаты, спынілася.
У аўтамабілі сядзелі чацвёра: малады чалавек за рулём, пажылы мужчына інтэлігентнага выгляду, хударлявы, з сівой невялікай барадой, на заднім сядзенні — жанчына прыблізна яго ж гадоў і дзяўчына гадоў васемнаццаці.
Мужчына павольна вылез з аўтамабіля, малады чалавек таксама. Пакуль маладзейшы адчыняў заднія дзверы, каб выйшлі жанчыны, мужчына падышоў да людзей і нечакана схіліў галаву ў паклоне.
— Дзень добры вам, землякі дарагія! Выбачайце свайго сына, што за гэтулькі гадоў наведваю вас. Не пазналі, Васіль Яўменавіч?
Дзед Васіль узняўся насустрач мужчыне, прыгледзеўся.
— Пятро? Пятро Міклуш? — усхвалявана перапытаў дзед.
— Я, Васіль… — усхліпнуў нечакана мужчына.
Яны паціснулі адзін другому рукі, потым моцна абняліся.
Сярод натоўпу загучалі прыглушаныя галасы:
— Гэта ж Міклушаў самы меншы… Бачыш, яго аплаквалі, а адзін ён і выжыў…
— Каторага ў Нямеччыну вывезлі?
— Ага, ён гэта. Дваццаць год таму прыязджаў, помнік на магіле сваім паставіў. А больш і не было…
— Дык жа ў Англіі жыве…
Дзед падвёў мужчыну да лаўкі, насустрач падняліся Зарэмба, Баброў і маці Жэнькі.
— Вось, сябар майго дзяцінства, Пятро Міклуш. На два гады за мяне маладзейшы. Хаты нашы амаль побач стаялі. Яго бацька і мая маці — стрыечныя былі… Я ад той аблавы схаваўся, праз тыдзень у атрадзе быў, а Пятро вось не змог схавацца — яго тады разам з іншымі падлеткамі загналі ў кузавы аўтамабіляў і павезлі… У Германію. 24 чалавекі тады вывезлі. 16 вярнулася.
— Нашых чацвярых з вёскі вызвалялі амерыканцы. А на заводзе тым многа рускіх працавала. Доўга ўгаворвалі не вяртацца. А потым прыйшоў адзін рускі афіцэр (ці то правакацыя была?) і сказаў, што ўсё роўна чакае нас яшчэ па 10 год лагераў — як здраднікаў, што на ворага працавалі, калі вернемся… І згадзілася многа не вяртацца, — успамінаў Пятро Міклуш.
— Ну, па 10 год ніхто не сядзеў, а па год-тры — такое было, — ціха ўставіў Іван Кузьміч. — То праўда…
— Вось мы чацвёра — я, Ігнат Антоненкаў, Сашка Чарняўскі і Вольга Корзун — і вырашылі трымацца разам, падаліся ў Англію, — працягваў Пятро Міклуш. — Думалі, перачакаем крыху, пакуль усё наладзіцца ды вернемся… Ігнат захварэў і памёр праз год, а потым Вольга сустрэлася з афіцэрам англійскім, пасябравалі яны. У таго афіцэра знаёмыя ў пасольстве недзе працавалі… так ліст на радзіму мы і перадалі. І нам праз тры месяцы адказ прыйшоў… І мне прысуд… — ён не ўтрымаўся, пацягнуўся ў кішэню за насоўкай, выцер вочы.
— Бацька Пятра, Сямён Міклуш, у партызанах быў. З намі, на тым балоце… Там і застаўся, на Савіным востраве, — стаў тлумачыць далей дзед Васіль. — А брат Пятра Іван — наш сувязны. Яго схапілі… Катавалі, потым расстралялі. І сям’ю расстралялі: маці і двух сясцёр Пятра. У адной магіле ўсе і пахаваны на могілках. Хату спалілі…
— Я і застаўся там… — стаў казаць далей Пятро Міклуш з вінаватасцю ў голасе. — Куды мне было вяртацца? І Вольга засталася. Яна, дарэчы, ужо памерла… Казала дзецям, што хоча памерці на радзіме, але не паспела прыехаць… Я вось адзін раз змог — 18 гадоў таму. І цяпер во супала так: ва ўнука — гэта дачкі сын — водпуск невялікі. А ў вас тут — вось такія справы…