Да першага вострава — Заікіна — трактары асцярожна падышлі досыць блізка. Калі ўзнікла рэальная пагроза «пасадзіць на вось» трактар, Антон Аўдзееў спыніўся.
— Ху-цць-енька! Разгружаем! Але асцярожна, нічога не паламаць. Складваем, насіць потым будзеце, а то ўлезу ў балота, верталётам не выцягнем…
Разгрузіліся за хвіліны. Дарэчы прыйшоўся і другі трактар — колы гэтага паспела ўсмактаць балота, аднаму — не вылезці. А так усё абышлося.
Пачалася самая цяжкая і нудная частка іх работы: больш за пяцьсот метраў трэба было несці рэчы, зноў вяртацца, зноў несці: па чорнай гразі, па гнілых кладках. Хто разуўся — насіў босы, старэйшыя былі ў гумавых ботах.
Сам Мікалай Рыгоравіч, пакінуўшы УАЗік на бяспечным месцы, разуўся і пайшоў услед за дзедам Васілём. Дзед у высокіх сваіх цяжкіх ботах добра запыхаўся, пакуль узышоў на сухі бераг.
Тоня раскінулася перад імі чорным кругам без адной хвалі. Пад яркім сонцам вада яе здавалася незвычайна халоднай. Урэшце, і Мікалай Рыгоравіч у гэтым упэўніўся, апаласнуўшы ногі з берагу.
— Халодная якая… Якая ж веліч тут, Васіль Яўменавіч… Эх, сюды б на тыдзень які, каб хоць колькі адпачыць…
— А і прыязджай… От плыт будзе, на які востраў заплывеш — ні адно раённае кіраўніцтва не знойдзе. А вада халодная, бо крыніц многа…
— Ат, кіраўніцтва заўсёды знойдзе. А адпачыць тут будзе можна… Ах, які ж тут спакой!
Яно і сапраўды — цішыня была незвычайная, і ўсе міжволі прыглушалі свае галасы.
— Ну, што ж, поспехаў вам! — Мікалай Рыгоравіч паціснуў рукі дзеду, потым Жэньцы — ім абаім ды яшчэ і Нэле не дазволілі нічога пераносіць. — Жэнька, тэлефануй! А ты, Нэла, размаўляць вучыся!
— Доба! — выстраліла літаральна Нэла.
— Значыць, добра!
На ўчастку берага пакрысе вырастала горка будматэрыялаў, асобна складваліся неабходныя ў паходзе рэчы.
Частка 24
Здавалася, блізка, побач востраў і людзей многа, а перанасілі ўсё толькі за гадзіну. Не надта разгонішся па такой сцяжынцы, калі ці не па калена нага лезе ў чорную гразь.
Старшакласнікі яшчэ дзве невялікія вольхі ссеклі, на якія дзед паказаў. Дрэвы падцягнулі да берага, знялі кару, роўна абсеклі сучча, паклалі на беразе паралельна адно аднаму так, каб большая частка кожнага была на беразе, а канец спускаўся да гладзі тоні. Гэта будуць сходні, на іх будзе збірацца плыт, каб можна было яго потым ссунуць ў ваду, бо не такі лёгкі ён будзе, каб можна было панесці!
Пасля шумнага мнагалюднага рання цяпер усе адчулі сябе трохі адзінока: на востраве засталіся дзед Васіль, Жэнька, Віцька, Віталь, Сяргей з Нэлай ды яшчэ вясковыя Андрэй і Толік — яны ўпрасілі, каб ім дазволілі збіраць плыт.
— Ды не перажывайце, мы ж сказалі, што дадзім плыт паплаваць па тоні, — адмаўляўся ад дапамогі Віцька, але тут дзед Васіль заступіўся за хлопцаў:
— Няхай сабе дапамагаюць. Нам не перашкода, а хлопцам усё адно рабіць няма чаго.
— А потым і на плыт папросяцца… — прабурчаў Віцька. ціха, сабе пад нос.
Ён і сапраўды думаў аб тым, што ў апошні момант у іх кампанію яшчэ хто-небудзь дабавіцца. А гэтага не хацелася… Бо Сяргей, Віталь, Нэла і Жэнька — гэта ж ужо свае. А там, на востраве, ім не толькі шукаць трэба, ім яшчэ і думаць, і вырашаць…
Аднак дапамога Андрэя і Толіка была куды як дарэчы: збіраць плыт, хай сабе і па падпісаных яшчэ ў вёсцы частках, набіваць яго адсекі пад лік бутэлькамі, надзімаць дзве камеры, ставіць парэнчы, мацаваць уключыны… Уга, як многа аказалася работы, ды яшчэ дробнай, але неабходнай…
Ледзь управіліся да абеду. Добра, што дзед Васіль камандаваў: ніхто нікому не перашкаджаў, за адну справу ўсе разам не хапаліся.
Ён нарэшце быў гатовы — іх плыт. Нечакана вялікі, ён выглядаў самавіта і надзейна. Так і хацелася ўзысці на роўна ўсланую дошкамі яго паверхню, узяцца за вялікае вясло, апусціць яго ў ваду…
— Ну, з Богам, хлопцы! — скамандаваў дзед Васіль.
Пяць дручкоў падсунулі пад край плыта.
— Раз! Яшчэ раз! Яшчэ — раз!
З кожнай камандай дзеда ўзнімаліся дручкі, і плыт лёгка слізгаў па гладкім альховым бярвенні, бліжэй, бліжэй да вады.
— Яшчэ раз!
Нос плыта ўрэзаўся ў ваду, па роўнай паверхні тоні пакацілася, пабегла далёка-далёка хваля. Кінулі дручкі — так лёгка ідзе плыт, хлопцы ўперліся рукамі — і плыт, цяпер узняўшы яшчэ большую хвалю, увесь апынуўся на чыстай вадзе, памкнуўся наперад, як вырваная на волю жывая істота, ды папярэдне завязаная вяроўчына яго прытрымала.
— Ура! — выгукнула Жэнька, пашкуматала Нэлу. — Крычы ўра!
— Ула! — выгукнула Нэла, трошкі памарудзіўшы і засаромелася, мабыць, свайго голасу — схавала твар у каленях Жэнькі.