Выбрать главу

Плыт пагойдваўся на вадзе.

— Глядзі, не асеў ніколькі, — з гонарам сказаў Віталь. — Во грузапад’ёмнасць будзе.

— Праверым зараз, — адказаў Сяргей. — Кладзем сходні. Я на плыт.

Сяргей пайшоў да вады, не распранаючыся. Каля краю плыта яму было амаль па пояс.

— Я больш як па калена ў твані стаю, — крыкнуў ён. — І топка вельмі, ногі далей лезуць.

Ён ускараскаўся на плыт. З берага за вяроўчыну плыт падцягнулі ўшчыльную да берага, кінулі сходні. Сяргей прыняў іх, замацаваў на плыце.

— Ну, давайце, правяраем!

Пазаскоквалі адзін за адным пяцёра хлопцаў.

— Га, стаіць як укопаны, — гайсаў ад краю да краю плыта Віталь. — Вось што значыць разлік. Га, Сяргей, як ты добра лічыць умееш!

— Ды ідзі ты! — адмахнуўся Сяргей.

Плыт на самай справе трымаў добра — усе зайшлі на адзін бок, а плыт нахіліўся зусім мала. Бегалі па плыце, падскоквалі, збіраліся разам ля розных бакоў — адным словам, правяралі: ці не хіліцца ў які бок, ці не адышло дзе мацаванне. Усё было добра.

— Есці, — закамандавала з берага Жэнька.

Яна паспела прыгатаваць з таго, што далі ім Ганна Дзмітрыеўна і Пятро Міклуш, вялікі стол на разасланай на траве кляёнцы.

Елі ўзбуджаныя, вясёлыя і — не зводзілі вачэй з плыта, які быццам уліп у чорную ваду, стаяў нерухома, не калыхнецца.

Аказваецца, прагаладаліся добра. Вось што значыць выбраць камандзірам дзяўчыну: не паклікала б — і да вечара не еўшы хадзілі б. А так — вунь колькі было ўсяго: і піражкі, і каўбаса, і бутэрброды, быццам на роту салдат, а дваццаць хвілін не прайшло — і няма нічога.

Сталі заносіць на плыт рэчы. Аж страшнавата стала: гэтулькі ўсяго! Дзве сякеры, тры рыдлёўкі, піла двухручная, малаткі, цвікі — толькі інструменты. А яшчэ вуды, прадукты, посуд, адзенне, палатка… Апошнімі дзед Васіль з Жэнькай і Нэлай зайшлі. Цалкам загружаны плыт адчувальна асеў у ваду, але стаяў цяпер толькі яшчэ больш устойліва.

Апошняя справа на гэтым востраве: Віталь узяў адзін з ім нарыхтаваных калкоў — вешку. Гэта быў калок два метры з нечым вышынёй. Ніжняя частка была пафарбавана адрэзкамі у дваццаць сантыметраў у чырвоную фарбу, верхняя — у такія ж адрэзкі чорнай фарбай. Калок Віталь загнаў у самы край берага на патрэбную яму глыбіню, праверыў, ці роўна ён стаіць.

Андрэй з Толікам са шкадаваннем сходзілі на бераг.

Яны падалі сходні, адвязалі ад вольхі і кінулі на плыт вяроўчыну.

— Шчасліва вам! Вяртайцеся хутчэй!

На вёслы сталі Віцька і Сяргей, рулявым быў Віталь. Адзін узмах вёсел, другі і трэці — і плыт паволі, а потым хутчэй, хутчэй стаў адыходзіць ад берага.

Раптам стала ўсім крышку вусцішна — усё цвёрдае пад нагамі ўмясцілася на вось гэтым плыце. Вакол — справа, злева, спераду і ззаду была чорная вада, пад якой, здавалася, не было дна, а толькі бясконцая халодная глыбіня. А цвёрдая зямля, моц якой пад нагамі і не прыкмячаеш ніколі, стала няўмольна аддаляцца.

Дзед Васіль адчуў гэты настрой:

— Што, крышку не па сабе? Ну, а як жа вы хацелі… Гэта першы раз. Усё новае крыху трывожыць. Нічога, у нас усё надзейна. Не спяшайцеся, хлопцы, грэбці, стоміцеся. І так не адпачылі, лічы. Не так далёка нам плыць…

— Мы з Васілём Яўменавічам трохі змянілі нашы планы, — загаварыла Жэнька самым сапраўдным камандзірскім тонам. — Мы раней меркавалі, што зборку і спуск на ваду плыта закончым недзе да пяці гадзін вечара. А цяпер толькі тры гадзіны. Акрамя таго, у нас ёсць палатка, нам не трэба будзе траціць шмат часу на будан, мы ўжо перакусілі — да вячэры ўсе патрываюць. Таму без заходу на Заечы востраў курс трымаць на Савіны!

— Даеш Савіны востраў! — Віталь вялікім вяслом, якое мацавалася наперадзе плыта і служыла рулём, падвярнуў плыт так, каб нос яго стаў глядзець у бок Савінага вострава. — Гэта ж ён, Васіль Яўменавіч?

— Так, браце, Савіны адсюль самы дальні…

Дзед Васіль ціха сядзеў ля складзеных рэчаў на зробленай скрыні для прадуктаў і курыў адну за другой свае самакруткі. Яго было не пазнаць — ён выглядаў разгубленым, відавочна нерваваўся. Сцішылася, прыціснулася да Жэнькі Нэла, з цікавасцю і асцярогай гледзячы на ваду навокал.

Напачатку адбывалася нешта неверагоднае — і бераг Заікінага вострава стаў імкліва аддаляцца, а Савіны ніколькі не прыбліжаўся, быццам з кожным узмахам вёслаў плыт аддаляўся ад берага, а Савіны востраў — ад плыта. Усё адно як возера рабілася большым, расцягвалася. Нарэшце ледзь прыкметна Савіны стаў набліжацца: быццам сталі падрастаць дрэвы на яго беразе.

Жэнька зірнула на гадзіннік.