Выбрать главу

— Гэй, на вёслах, 15 хвілін працуеце. Яшчэ столькі ж трэба. Не патаміліся?

— Дойдзем!

— Ну, глядзіце…

Нарэшце забялелі паасобку ствалы бяроз.

Плыт ледзь рухаўся — усе ўглядваліся ў незнаёмае. Дзіўнае гэта было пачуццё, даўно забытае ў дзяцінстве — адкрываць для сябе нябачаныя раней землі.

— Уяўляеце, як першаадкрывальнікам страшна было? — казаў Віталь, углядваючыся ў бераг ужо блізкага вострава. — Мы то ведаем, што тут ні дзікуноў, ні звяроў страшных няма. А яны не ведалі…

— А мы таксама нічога не ведаем. От зараз прытопае на беражок нас сустрэць дыназаўр! — запярэчыў Віцька.

— Сам ты дыназаўр, — шыкнула Жэнька. — Давайце цішэй…

Іх галасы сярод гэтай цішыні гучалі па-чужому і непатрэбна.

— Прайдзіце ўдоўж, — сказаў дзед Васіль нечакана асіплым голасам. — Пашукайце месца з цвёрдым берагам.

Пакуль бераг вострава быў такім жа, як і на Заікіным — топкім, балоцістым.

Але вось тоня нечакана нібыта забегла ўнутр вострава — утварылася невялікая гавань, і бераг тут быў пясчаным, чыстым. А вышэй — кустоўе шчыльнай сцяной, потым — лес.

— Тут і прычальваем!

Прамяралі дно. Яно ў гэтай «бухце» было цвёрдым, два, а бліжэй — паўтара метра глыбінёй. І каля самага берага каля паўметра — крута пачыналася глыбіня. Затое вельмі зручна атрымалася плыт паставіць — развярнулі яго задам і паволі, паволі — да самага берага дайшлі. Сяргей скокнуў на востраў, за дрэўца завязаў вяроўчыну.

— Прычалілі! Сходзім.

Кінулі сходні. І прыпыніліся, азірнуліся на дзеда Васіля.

Той нібыта застыў, углядваючыся ў глыбіню вострава. Раптам усім адначасова стала зразумела, што першым на востраў павінен сходзіць дзед.

Ён паволі падняўся, ні слова не кажучы, пайшоў па сходнях. Стаў на цвёрдую зямлю, акуратна зняў з галавы сваю кепку:

— Ну, вось я і тут, сябры мае. Дзень добры вам! Выбачайце, што толькі праз шэсць дзесяткаў гадоў завітаў да вас. Выбачайце, што збіраемся мы і спакой ваш парушыць. Ды што вам сярод балота ляжаць? Няхай на вашу магілу, як на магілы іншых, кветкі пакладуць… Вось так мы падумалі…

Сталі кругом дзеда ўсе астатнія. Перад імі быў востраў: невядома які па велічыні кавалак сухой і цвёрдай зямлі, парослай лесам, сярод балота. Шэсцьдзесят гадоў тут не ступала нага чалавека. Недзе тут, у гушчыні лесу, ёсць магіла. Недзе тут ёсць зямлянка, у якой шэсцьдзесят год таму хаваліся ад маразоў і карнікаў партызаны…

Было не проста ціха — было бязгучна. Толькі сціхлі іх крокі, услед за якімі недзе ў глыбіні вострава коратка закрычала сойка, і зноў усё замерла, як замірае вада пасля кінутага ў яе каменьчыка.

– І птушак не чуваць, — павяла плячыма Жэнька. Яна адчула сябе тут чужой, а востраў здаўся ёй на імгненне жывым і варожым.

— Бо лета, птушкі ж вясной спяваюць. А цяпер толькі раніцай, спякота ж. Ды песні спяваць і некалі — птушаняты растуць, іх карміць трэба… — супакоіў дзед Васіль.

Знайшлі больш-менш добры праход праз кустоўе, расчысцілі яго больш, падняліся вышэй. Тут было светла: нягуста раслі бярозы, тоўстыя, крываватыя, асіны, парослыя імхом, рэдка сустракаліся высачэзныя яліны.

Выбралі месца пад лагер.

— Ну, давайце абжывацца, — загадала Жэнька на правах камандзіра. — Праверце двойчы, прывяжыце яшчэ адной вяроўкай плыт, пераносім сюды рэчы. Палатку ставім тут, тут — месца для кастра.

— А я сабе вось тут буданчык пастаўлю, — паказаў на месца воддаль дзед Васіль. — Я храплю надта, як сплю, ды і смаліць люблю. Баюся, доўга сёння не засну і вам не дам…

— То зараз мы разам, — памкнуўся быў Сяргей, але дзед яго прыпыніў:

— Нічога, вы сваё рабіце паціху, мне тут няцяжка…

Управіліся з усім за дзве гадзіны: і палатка стаяла, і будан сабе дзед паставіў (які там будан — шалашык маленечкі), і на распаленым кастры ўжо закіпала вада, а Віцька з Віталем чысцілі бульбу. Сяргей захапіў з сабой мяшэчак звараных учора вечарам круп і пайшоў падкарміць рыбу: збіраліся на золку парыбачыць.

Жэнька дастала рацыю, тая адгукнулася адразу ж, быццам Зарэмба толькі і чакаў.

— Дакладваю, Мікалай Рыгоравіч, — пачала весела рапартаваць Жэнька. — Мы на Савіным востраве, дабраліся без прыгод, плыт паказаў сябе супер-надзейна. Разбілі лагер, рыхтуем гарачы абед. Сёння ніякіх пошукаў не прадпрымалі, разведку вострава пачнём заўтра. Здароўе і самаадчуванне ва ўсіх цудоўнае. Ой, Мікалай Рыгоравіч, а як цудоўна на гэтым востраве! — не ўтрымалася Жэнька на афіцыяльным тоне. — Ён чысты, светлы, тут такая цішыня. А дно возера каля вострава пясчанае, заўтра мы купацца будзем!.. Усё, прывітанне нашым перадавайце, няхай не хвалююцца, у нас усё ў поўным парадку!