Выбрать главу

Пасля абеду стомленыя ляжалі каля палаткі. Столькі ўражанняў на сёння, ды і фізічна папрацавалі. Востраў як быццам прыняў іх за сваіх: цішыня, якая здавалася змоўніцкай, варожай, пакрысе разбілася на мноства ўжо ўлоўных гукаў: вось птушка пераляцела з дрэва на дрэва, крыльцы трапечуць, чмель гудзе ў сінім званочку, конік у траве стракоча, ветрык заблытаўся ў густой кроне бярозы, зашапацеў лісцем, нябачная птушачка ціўкнула, ёй другая адказала…

Было хораша ляжаць вось так, дагары, выцягнуўшы вольна рукі і ногі на густой, ніколі нікім не кошанай траве, глядзець на высачэзныя адсюль, знізу, ствалы дрэў, над вяршынямі якіх, ледзь не чапляючыся, плывуць белыя аблокі… А гэта вось не белае, а шэрае, занадта ж нават шэрае і вялікае…

— Дождж!

Паўскоквалі, а першыя рэдкія, важкія кроплі дажджу запляскалі па лістоце, па траве, па голых спінах. Ускочылі ў палатку, а дождж лінуў спора, быццам з разгону несліся ўніз кроплі. А шумна як стала ў лесе!

Пяць хвілін — і ўсё сціхла. Сонца, якое ўжо адчувальна хілілася да захаду, выглянула з-за хмары, і вакол засвяціліся тысячы іскрынак — ззялі кроплі дажджу на лістоце, на траве. І раптам ажыў лес рознагалоссем: зацвыркала, затрэнькала, зашчабятала, зачырыкала, заціўкала, здавалася, кожнае дрэва ў лесе.

— Во, ажылі ўсе, — зазначыў Віталь. — А не відаць ні адну спявачку!

— Мы прайшлі амавенне, і востраў прыняў нас, — нават урачыста сказала Жэнька на поўным сур’ёзе, — Цяпер мы тут свае, і лес нам нічога дрэннага не зробіць.

Жэньцы ніхто не запярэчыў. Хто яго ведае…

Калі трава прасохла, пайшлі збіраць сушняк для кастра.

Сцямнела хутка — зусім не так, як цямнее ў вёсцы. Шчыра кажучы, было трохі вусцішна, ціснуліся бліжэй да кастра. Вохкнула нешта далёка ў глыбіні вострава, а потым пачуўся шум крылаў.

— Гэта сава на паляванне паляцела, — стаў тлумачыць дзед Васіль. — Заўтра мы пабачым дрэвы з іх дупламі.

— А…Агні, казалі, на востраве, бываюць, — нясмела нагадаў Віталь, баючыся, што з яго пачнуць кпіць. — Блукаюць па зямлі. Ідзеш да іх — яны ад цябе. І ў тоню скачуць…

Але ніхто смяяцца з яго не стаў: на такім востраве ноччу што хочаш можа быць. Ды і расказвалі ж многа пра гэта ў вёсцы.

— Ёсць і агні. Чаму ж ім не быць, — спакойна адказаў дзед Васіль. — От ты зараз устань, адыдзі ад кастра, адвярніся ад яго, пачакай, пакуль вочы да цемры прывыкнуць, і паглядзі… Толькі агні не бегаюць і не скачуць.

— Праўда? — разявіў рот Віталь. — Пайшлі, — ён штурхнуў у бок Сяргея. — Пайшлі ўдвух.

— Пайшлі ўсе! — падхапіўся і Віцька.

Усе разам падняліся, і Нэла з Жэнькай, і сам дзед Васіль устаў. Адышліся ад кастра ў той бок, у які дзед паказаў.

— Пачакайце крыху, а потым глядзіце прама перад сабой… Яны белавата-зялёныя…

Напружана ўглядваліся… Нічога.

І раптам Жэнька ўскрыкнула:

— Бачу!

За ёй і астатнія пабачылі — плямамі, там, там, там — у цэлую няроўную лінію выстраіліся недзе наперадзе бледныя блакітна-зялёныя агні. Не, не скакалі яны, свяцілі халодным страшным святлом, святлом не гэтага свету.

— Што гэта, Васіль Яўменавіч? — спытала шэптам Жэнька. Ёй сапраўды стала страшна.

— А ты не бойся. Падыдзі бліжэй і паглядзі, — падахвоціў дзед. — Няма там нічога страшнага.

— Не-е, — адступілася Жэнька.

Наперад пайшоў Сяргей. Можна было разгледзець яго постаць сярод дрэў. Вось ён бліжэй, бліжэй да агнёў… І Віцька сарваўся з месца, подбегам заспяшаўся да Сяргея.

Аказалася, што агні — зусім недалёка. Было бачна, як Сяргей і Віцька разам нахіліся… Павярнуліся — і два агні ужо свяціліся на ўзроўні іх грудзей! А адзін і ўвогуле ўзляцеў над іх галовамі і завагаўся сюды-туды…

Хлопцы вярталіся — і неслі гэты нежывы агонь.

— Вось, — падышлі яны да астатніх, і Віцька працягнуў… кавалак гнілога дрэва.

— Ух ты! — выгукнуў Віталь. — Як я не даўмеў! Флюарэсцэнцыя! Дожджык якраз пайшоў… Ух ты, абавязкова з сабой вазьму.

— Гнілая асіна? — спытала недаверліва Жэнька, прымаючы з рук брата гнілушку.

— Ага! Некаторыя мікробы свецяцца. Асабліва вось як цяпер — пасля дажджу. Там жа асіна трухлявая ляжыць, так?

— Ляжыць там асіна, — усміхнуўся ў цемнаце дзед. — Я яе яшчэ ў дождж прыкмеціў. Так і думаў, што засвеціцца.

— А здорава як свеціць! — захапляўся Віталь, падносячы гнілушку бліжэй-далей да далоні. — Во, як далонь асвятляе…

Сапраўды, калі гнілушку набліжалі да самай далоні, скура асвятлялася мярцвяна-бледным святлом.

— Ну вось, адна загадка Ведзьмінай тоні мае вельмі простую адгадку, — падсумаваў Віцька. — Заўтра нам трэба разгадаць яшчэ адну.