Выбрать главу

— Прымем, не хвалюйцеся, — паабяцаў дзед Васіль. — Востраў вялікі, што нам яго дзяліць. Усе мы сваёй зямлі людзі…

Шчупака Зарэмба паабяцаў завезці да Віцькі і Жэнькі дадому — няхай маці там з ім разбіраецца.

Атрад «Пошук» сустрэлі на беразе. Проста, як сваім даўнім знаёмым і добрым сябрам, дапамаглі зняць з плыта і перанесці да лагера рэчы. Потым ставілі дзве палаткі: адну вялікую, ваенную і адну маленькую — для двух дзяўчат.

— Нармальныя хлопцы, праўда? — спытаўся Віцька Сяргея, чакаючы дадатнага адказу, калі яны цягнулі да кастра чарговыя ношкі сухога сучча.

— Ну, як «ператрэслі» там добра… — Сяргей на хвілінку задумаўся. — Я такое добра ведаю. Не люблю, калі не па праўдзе некуды выбіраюць, назначаюць. Так і тут: як пачулі пра значную справу, то сабралі, мабыць, выдатнікаў ды тых, хто на сходах выступае. А ім наша тоня, востраў гэты — толькі камары ды балота. А гэтыя вось цяпер — адразу відаць. Дзве палаткі паставілі, а дрэўца аднаго не ссеклі…

— А ты бачыш, як яны галовы вернуць у бок, дзе, ім сказалі, зямлянка і магіла? — прадоўжыў Віцька. — Глядзі, хочацца, а слухаюцца камандзіра…

— Трэба завесці… Што яны, да рання чакаць будуць? Няхай пабачаць цяпер. Палаткі паставілі, вогнішча ёсць, дроў на ноч хопіць, — разважаў Сяргей..

— Папытаем дзеда?

— Ага.

Дзед Васіль стаяў ля свайго будана разам з камандзірам атрада. Яны аб нечым размаўлялі. Віталь убаку з важным відам паказваў свой тэадаліт хлопцам з атраду.

— Ну, што, хлопцы, — звярнуўся дзед да падышоўшых Сяргея і Віцькі. — Мабыць, завядзіце атрад да зямлянкі, пакажыце магілу. Просіць камандзір цяпер паглядзець…

— А мы якраз гаварылі пра гэта, — радасна адказаў Віцька. — Што чакаць да рання, а яшчэ не сцямнела…

— То і добра…

Андрэй паклікаў сваіх байцоў гучнай камандай:

— Усе да мяне! Ідзем да магілы…

Пайшлі. Наперадзе — Сяргей і Віцька (Віталь, Жэнька і Нэла засталіся з дзедам Васілём у лагеры).

Пастаялі ля зямлянкі, нічога не кранаючы. Потым моўчкі некалькі хвілін стаялі перад магілай са свежым крыжам, які свяціўся ва ужо надыходзячых прыцемках.

— Ну, заўтра раніцай будзем на месцы складаць план дзеянняў, — ціха падвёў рысу Андрэй.

Ніхто не адказаў, і толькі адна дзяўчына з атраду прамовіла яшчэ цішэй:

— Кнігі чытаеш, слухаеш, кіно глядзіш… А вось ступіш на тую зямлю, дзе людзі па праўдзе гінулі… Аж не па сабе…

Вярнуліся ў лагер, дзе якраз Зарэмба званіў па радыётэлефоне прама з дому, даў трубку Алене Адамаўне.

— Вам там усяго хапае? Не холадна спаць? Мазь ад камароў дапамагае? Спаць не мулка? А шчупак, шчупак які! Тут уся вёска збеглася да нас, яшчэ і цяпер ляжыць, бы на выставе. Што мне з ім рабіць? — закідала маці пытаннямі Жэньку.

— У нас усё добра! Заўтра пасля абеду будзем на Заікіным востраве, дзеда Васіля высадзім. А самі паплывём на Заечы востраў — нам карту Ведзьмінай тоні складаць трэба. Атрад будзе займацца пошукамі зброі і рамонтам зямлянкі, потым разам будзем расчышчаць праход, — адказвала Жэнька. — Не хвалюйцеся. Шчупака ў маразільнік засуньце — не ешце без нас!..

Весела патрэскваў у цемры касцёр. Ужо вялікае кола акружала яго — і стала яшчэ весялей. Адзін хлопец з атраду захапіў з сабой гітару — хвайна іграе!

Сяргей слухаў музыку, яго сэрца перапаўнялася незвычайнымі для яго пачуццямі. Было спакойна і упэўнена на душы. Вось дзед Васіль дыміць сваёй самакруткай, вунь Віталь мацае, ніяк супакоіцца не можа, металашукальнік, вось Віцька побач так пільна сочыць за рукамі гітарыста, а вочы яго гараць — ясна, захацелася і яму навучыцца так перабіраць струны. Вось Нэла побач — хітруня: і ля Сяргея сядзіць, а галоўку да Жэнькі даверліва схіліла. Жэнька пагладжвае Нэлу па валасах, глядзіць на полымя кастра. Добра глядзець на яго, калі сядзіш сярод сяброў…

Сяргей працягнуў руку да Нэлы, а крануўся рукі Жэнькі. Жэнька запытальна глянула на яго.